Пель, пе́ля, пе́лка, пе́лька, пе́лячка ’нізіна сярод поля, звычайна круглая або авальная’ (парыц., Янк. Мат.), ’лагчына’ (жытк., Мат. Гом.); ’сажалка; балота’ (брагін., Шатал.), ’лунка’ (лельч., Нар. лекс.), ’палонка’ (Шат., ТС, Сл. ПЗБ; рэчыц., Нар. сл.; петрык., Шатал.; Ян.; Растарг., Янк. 1; Мат.; Яшк.; хойн., Мат. Гом.; З жыцця; маг., гом., ЛА, 1), ’мачулішча’ (добр., ЛА, 4), ’частка ракі, якая зімой не замерзла’ (рэч., ЛА, 2); ’невялікі прыродны вадаём — круглы ў лесе ці на полі, дзе стаіць вада’ (петрык., Шатал.; калінк., ЛА, 2). Балтызм, параўн. літ. pélkė ’балота’, ст.-прус. pelky ’багна, твань’, лат. pelce ’лужа’. Больш падрабязна гл. Талстой, Геогр., 167–169; яго ж, Этимология–1967, 145–157.
Пе́лька 1 ’грудзі’ (Растарг., Юрч., Янук., Касп.), ’ключыца’ (Мат. Маг.), пелькі ’каўнер’ (Касп.), ’грудзіна, грудная косць’, ’грудная частка ялавічыны’ (Нас., Нас. Сб.), пелькавае мяса ’тс’ (Нас.), маюць непасрэдны працяг на рус. тэрыторыі: пе́лька, пе́лька ’частка адзення, якое закрывае грудзі’, пело ’пярэдняя частка кашулі, што закрывае грудзі’, ’жаночыя грудзі’, пели́ть ’пакрываць, прыкрываць’ — якія можна генетычна атаясаміць з дадзенымі ўграфінскіх моў з агульным значэннем ’верх, тое, што пакрывае’, параўн. вепск. pälʼiné ’верх, верхні бок’, pälʼdʼa, pälʼda ’нацягваць на што-н.’, pälętʼi ’адзін на адным’, pel ’вяршняк, вушак’, удм. pel ’вуха’, эст. peale panema, pealistama ’пакрыць’. Цікавым будзе таксама і семантычны пераход: вепск. ŕind ’грудзі’ і ’каўнер адзення’.
Пе́лька 2 ’уваход у жак або ў кош’ (ТС), рус. дыял. пе́лька ’пятля, палонка’, укр. пе́лька ’глотка’. У выніку семантычнага пераносу з пель (гл.) (Талстой, Этимология–1967, 148–149).
Пельме́ні ’маленькія піражкі з цеста, начыненыя мясным або рыбным фаршам’ (ТСБМ). З рус. пельме́ні, якое з комі pelʼńań < комі, удм. pel ’вуха’, ńań ’хлеб’ — назва паводле формы, падобнай да вуха, гл. Папоў, Из истории, 28; Фасмер, 3, 230.
Пе́льнік ’цяцюшнік прамастаячы, Euphrasia stricta Host.’ (гродз., Кіс.). Няясна, магчыма, звязана з пе́ліць ’палоць’ (гл. пеліва): цяцюшнік з’яўляецца паўпаразітнай раслінай.
Пе́льсць 1 ’поўсць’ (мсцісл., З нар. сл.). З польск. pilść ’лямец’, ’валасяны матэрыял, унутранасць матраца’. Вакалізм складу пе‑ трэба разглядаць разам з пельсць ’шалушэнне скуры, пархі’ (мсцісл., ЛА, 3), дзе ‑е‑ — пад уплывам лексемы пе́рхаць, параўн. персць ’шалушэнне скуры’ (мядз., там жа).
Пе́льсць 2, пелясць, пе́люсці, пэ́лютэ ’праход у печ, а таксама месца ў коміне пад гэтым праходам’ (Сцяшк. МГ, Скарбы, Сл. ПЗБ; бяроз., Шатал.), ’жарало ў печы’ (навагр., Нар. сл.), ’выхад з печы’ (слонім., Нар. лекс.), ’чалеснікі’ (ЛА, 4), ’верх пад чалеснікамі’ (там жа). Гэта рэалія ўяўляе сабой ’тонкую цагляную сценку ў печы, пасярэдзіне якой знаходзіцца ўваход у печ’ (ваўк., В. В.) і семантычна, як ’нешта плоскае’, лексему, што называе гэтую рэалію, можна звязаць з пелюсць 1 (гл.).
Пе́люсць, пе́лясць ’канец карыта, выступы ў ночвах, на якія клалі мыла, бялізну’ (Касп.; глыб., чэрв., пух., Сл. ПЗБ), пелюсці ’тс’ (дзярж., Нар. сл.), ’папярочная дошка, прыбітая зверху ў канцах лодкі’ (пух., Сл. ПЗБ), пе́лясць ’спінка ў ложку’ (Сцяшк. Сл.), смал. пеле́стинка ’тонкая пласціна’, рус. дыял. пе́листь ’ручка карыта’, польск. дыял. peluść, peluście ’тс’, чэш. pelest ’спінка ў ложку ў галавах і ў нагах, бакавая дошка ў ложку’, мар. ’канцы каменнага карыта’. Відаць, генетычна ўзыходзіць да і.-е. асновы *pelə‑/*plē > прасл. *pelena/plena (Махэк₂, 443 і 458), якая ў слав. мовах выступае з рознымі суфіксамі. Разглядаемая лексема ўтворана пры дапамозе суф. ‑ut‑ (pelʼ‑ut‑tь > пелюсць) ці ‑et‑ (pel‑et‑tь > pelest). Семантычны бок лексемы засяроджваецца на паняцці ’тонкае, выцягнутае, плоскае’, ’абалонка’, параўн., напрыклад, зах.-бранск. пелю́стка ’невялікі квадратны кавалачак раскатанага для варэнікаў цеста’, гл. таксама пялёстак ’асобны лісток з вяночка кветкі’, што, магчыма, выводзіцца з *pelestъ, *pelʼustь ’канец, край чаго-небудзь’ (Борысь, SFPS, 23, 106; БЕР, 5, 139).
Пелюха́ ’шалупінне, якое застаецца ў мякіне пасля абмалоту аўса’ (Мядзв.). Да пе́люсць 1 (гл.); у разглядаемай лексеме рэалізавала значэнне ’абалонка’ і.-е. *pelə/plē‑ (Махэк₂, 458).
Пе́люха (pielucha) ’пясчанае поле’ (Арх. Федар.) — да пе́ліка (гл.).
Пелюшо́к 1 ’варэнік без начынкі’ (брагін., Нар. словатв.), параўн. пелю́шкі ’пернікі’ (Растарг.). З польск. paluszek ’від пернікаў у выглядзе пальчыка’ < ’пальчык’. Пе‑ замест па‑ пад уплывам лексемы пельмені.
Пелюшо́к 2 ’пень’ (бераст., Сцяшк. Сл.). Памянш. ад пень (гл.), параўн. польск. pieniuszek < pień ’пень’ (з менай нʼ > лʼ).
Пе́ля ’балотца паміж полем і стаячай вадой’ (Некр.), ’лужа’ (Сабаленка), ’частка ракі, якая зімою не замярзае’ (рэч., ЛА, 2), ’палонка’ (петрык., нараўл., ЛА, 2). Да пель (гл.).
Пе́ляка ’пясчаная неўрадлівая глеба’, пелякава́тая ’тс’ (чэрв., Нар. лекс.), ’пясчанае поле’ (чэрв., касцюк., ЛА, 2). Да пе́ліка (гл.).