Пе́льсць 1 ’поўсць’ (мсцісл., З нар. сл.). З польск. pilść ’лямец’, ’валасяны матэрыял, унутранасць матраца’. Вакалізм складу пе‑ трэба разглядаць разам з пельсць ’шалушэнне скуры, пархі’ (мсцісл., ЛА, 3), дзе ‑е‑ — пад уплывам лексемы пе́рхаць, параўн. персць ’шалушэнне скуры’ (мядз., там жа).
Пе́льсць 2, пелясць, пе́люсці, пэ́лютэ ’праход у печ, а таксама месца ў коміне пад гэтым праходам’ (Сцяшк. МГ, Скарбы, Сл. ПЗБ; бяроз., Шатал.), ’жарало ў печы’ (навагр., Нар. сл.), ’выхад з печы’ (слонім., Нар. лекс.), ’чалеснікі’ (ЛА, 4), ’верх пад чалеснікамі’ (там жа). Гэта рэалія ўяўляе сабой ’тонкую цагляную сценку ў печы, пасярэдзіне якой знаходзіцца ўваход у печ’ (ваўк., В. В.) і семантычна, як ’нешта плоскае’, лексему, што называе гэтую рэалію, можна звязаць з пелюсць 1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)