Пе́лька1 ’грудзі’ (Растарг., Юрч., Янук., Касп.), ’ключыца’ (Мат. Маг.), пелькі ’каўнер’ (Касп.), ’грудзіна, грудная косць’, ’грудная частка ялавічыны’ (Нас., Нас. Сб.), пелькавае мяса ’тс’ (Нас.), маюць непасрэдны працяг на рус. тэрыторыі: пе́лька, пе́лька ’частка адзення, якое закрывае грудзі’, пело ’пярэдняя частка кашулі, што закрывае грудзі’, ’жаночыя грудзі’, пели́ть ’пакрываць, прыкрываць’ — якія можна генетычна атаясаміць з дадзенымі ўграфінскіх моў з агульным значэннем ’верх, тое, што пакрывае’, параўн. вепск. pälʼiné ’верх, верхні бок’, pälʼdʼa, pälʼda ’нацягваць на што-н.’, pälętʼi ’адзін на адным’, pel ’вяршняк, вушак’, удм. pel ’вуха’, эст. peale panema, pealistama ’пакрыць’. Цікавым будзе таксама і семантычны пераход: вепск. ŕind ’грудзі’ і ’каўнер адзення’.

Пе́лька2 ’уваход у жак або ў кош’ (ТС), рус. дыял. пе́лька ’пятля, палонка’, укр. пе́лька ’глотка’. У выніку семантычнага пераносу з пель (гл.) (Талстой, Этимология–1967, 148–149).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)