Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Павалочча ’валока, мера зямлі каля 18 дзесяцін’ (Бяльк., Інстр. III). Прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне ад валоках (гл.).

Пава́луш ’столь’ (Тарн.), ’скляпеністая столь, якая больш сустракаецца ў клецях і істопках’ (Бломк, 79). Бясспрэчна, дэрыват ад павал ’столь’, аднак суфіксацыя няясная, паколькі з гэтым суф. у бел. м. вядомы ўтварэнні толькі ад прыметнікаў і дзеясловаў (параўн. Сцяцко, Словаўтв., 72, 125). Магчыма, запазычанне з літ. pavatušis ’навес над свірнам, клеццю’, якое ўтворана ад запазычанага з польск. pavalas ’столь’ з дапамогай суф. ‑ušis (Фрэнкель, 555).

Пава́ра ’прылада гнуць драўляныя абручы’ (КЭС, лаг.). Слова тлумачыць цяжка з-за адсутнасці ўяўлення аб рэаліі і параўнаўчага матэрыялу. Магчыма, мае нейкую сувязь з літ. тэхн. тэрмінам pavara ’перадача, прывод’.

Паварза́ ’паціху’ (Сцяшк. Сл.). Цёмнае слова. Магчыма, дэрыват ад дзеяслова *паварзаць, да якога можна як паралелі прывесці варзекаць (гл.), а таксама смал. варзбпать ’пэцкаць; марудна рабіць нешта’, варзбпаться ’пэцкацца; марудзіцца з выкананнем якой-н. працы’. Далейшыя сувязі гл. пад варзекаць.

Паваро́зка ’цясёмка, шнур’ (Пал.), павороз ’пацёк (поту, расы на вокнах і інш.)’ (Нар. лекс., лельч.). Гл. паўроз.

Паведамле́нне ’дзеянне паводле дзеясл. паведамляцьпаведаміць, тое, аб чым паведамляюць; дакумент, які ўтрымлівае звесткі аб чым.-н.’ (ТСБМ). Дэрыват ад паведаміць (гл. ведаць); апошняе калькіруе польск. powiadamiać (Гіст. лекс., 256).

Паведэ́нцыя ’паводзіны; абыходжанне, ветлівасць; звычай, завядзенне’ (Нас.). Рус. пск. асташк. поведёнция; у Гогаля поведенц; у рус. пераўтварэнне ў мове семінарыстаў слова поведение паводле аналогіі з лац. benevolentia, diligentia і інш. (гл. Фасмер, 3, 293; там жа і інш. літ-pa). У бел. м. з рус. (Гіст. лекс., 249).

Паве́ка ’рухомая складка скуры, якая прыкрывае вока’ (ТСБМ, Бяльк., Янк. 2, Яруш.), паве́йка ’тс’ (КЭС, лаг.). Укр. паві́ко, павіча́йка, польск. powieko ’тс’. З прэф. па‑ ад века (гл.). Улічваючы старажытнасць гэтага спосабу словаўтварэння, мабыць, магчыма рэканструяваць прасл. po‑věko (параўн. Краўчук, ЭСБМ, 2, 81), але як дыялектызм. Варыянт паве́йка пад уплывам вейкі (гл.).

Паве́р ’крэдыт’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др.-Падб.). Ад паверыць < верыць (гл.). Уласна белар. У слоўніку Даля рус. пове́р адзначаецца як заходняе. Шырокае бытаванне набыло ў пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 240).

Паве́раны ’асоба, якая мае правы дзейнічаць ад імя якой-н. асобы або ўстановы ў афіцыйным парадку’ (ТСБМ, Др.-Падб.). З рус. пове́ренный ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 71).