Варзе́каць ’размазваць што-небудзь густое’ (Бяльк.). Параўн. рус. варза́кать ’рабіць што-небудзь наспех, сяк-так; пагана, неахайна пісаць’, ва́рза́ть ’пэцкаць’. Словы няяснага паходжання (як часта наогул экспрэсіўныя). Шахматаў (ИОРЯС, 7, 2, 333) меркаваў пра сувязь з рус. во́рзать ’паспешліва хлябаць’. Ільінскі (ИОРЯС, 16, 4, 20) параўноўвае з рус. вара́згать ’тс’. Але ўсё гэта не робіць паходжанне слова ясным. Параўн. Фасмер, 1, 275. Але параўн. таксама і ўкр. варзя́кати, верзя́кати ’балбатаць, вярзці’ (да семантыкі параўн. рус. вара́кать ’дрэнна рабіць, пэцкаць; балбатаць абы-што, вярзці’) — бясспрэчнае ўтварэнне ад верзти́ ’вярзці’ (да *vьrz‑ ’плесці’). Да іран. сувязей рус. слоў гл. Абаеў, Этимология, 1966, 246.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)