Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мача́рына (ашм.) ’крынічнае месца’, слаўг. мачарня ’тс’ (Яшк.), рус. арл. мочари́на ’нізкае, балоцістае месца’, укр. мочар(а), польск. moczar, чэш. močár, močařisko, močál, славац. močiar, славен. močvára, серб.-харв. мо̏чвар, чарнаг. мочалина, балг. мо́чу́р, мучу́р, радопск. моча́ра. Прасл. močarь, močara < mokʼ‑er‑о, mokʼ‑er‑a з вельмі старым суфіксам ‑er‑ (Махэк₂, 371). Да мачы́ць, мокры (гл.).

Мачаўнік ’цыкорыя звычайная, Cichorium inthybus L.’ (Бел. Зельн.; брэсц., Кіс.). Да мачыць > (вы)‑ма́чваць ’рабіць настой з зялёнага лісця’. Магчыма таксама, што гэта семантычны перанос з мячэўнік (гл.).

Ма́чаха, ма́чыха, ма́ччыха, ма́чоха, ма́чэха, ма́чуха ’няродная маці’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Бес.; КЭС, лаг.; Мат. Гом.). Укр. мачоха, рус. ма́чеха, ма́чиха, ст.-рус. мачеха, мачиха, мащеха; польск., луж. macocha, каш. macecha, чэш. macecha, macocha, славац. macocha, славен. máčeha, серб.-харв. ма̏ћеха, ма̏ћаха, ма̏ћуха, макед. маштеа, маќеа, маќева, балг. ма́штеха, маштиха. Прасл. matjexa, якое з mati, утворана пры дапамозе экспрэсіўных суфіксаў ‑exa, ‑oxa, ‑uxa, ‑ixa (Фасмер, 2, 586; Бязлай, 2, 159). Аднак Зомер (IF, 11, 54) мяркуе, што зыходнай формай будзе параўнальная ступень лексемы māter‑*matrjesī. Бел. мачоха ’мачаха’ (Кліх, Маш.) мае націск на ‑о‑ пад уплывам польск. мовы. Сюды ж драг. ма́чоха ’трама’ (Нар. сл.), малар. ’самая тоўстая лёстка ў драбіне воза’ (Нар. словатв.) і ма́чоха, ма́чуха ’папярочны край берда’ (Уладз.), паўд.-гом. ма́тчыха, ма́чуха ’тс’ (ЛАПП).

Мача́ць ’акунаць у што-небудзь вадкае або сыпкае’, ’расходаваць што-небудзь мачаннем’, ’вырабляць што-небудзь апусканнем у раствор’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС), лях. ’мачыць’ (Сл. ПЗБ); мачы́ць ’рабіць мокрым’, ’трымаць у мокрым’ (ТСБМ). Укр. моча́ти, мочи́ти; рус. моча́ть, мака́ть, мочи́ть; польск. maczać, moczyć, в.-луж. mačeć, močić, чэш. máčeti, močiti, славац. mačať, močiť, славен. pomákati, močíti, серб.-харв. ума́кати, мо̀чити і мо̀чати, макед. мака, моча, ст.-слав. мочити. Прасл. močiti > močati утвораны ад назоўніка moča, які ўзыходзіць да і.-е. асновы *mok‑ (параўн. прасл. moknǫti): літ. makénti, mak(n)óti ’таптаць гразь, хадзіць па гразі’, makalỹnė ’гразь’, ’слота’, makónė ’лужа’, лат. mãkulis ’хмара’, makņa ’гразкае месца’. Відавочна, сюды і асец. moecyn ’пакласці ў вадкасць’ (Міклашыч, 199; Бернекер, 2, 69; Фасмер, 2, 666; Бязлай, 2, 199). Сюды ж мачлі́вый, машлі́вы ’мокры (пра год)’ (жлоб., Нар. словатв.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; Ян.), мачы́льня ’месца, дзе мочаць лён, каноплі’ (ТСБМ).

Мачля́к ’палена, намоклае ў рэчцы’ (бар., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 15), запазычана з літ. maklė̃kas ’тс’. Аднак пры наяўнасці ‑ч‑ у корані можна гаварыць аб кантамінацыі макля́к (гл.) і мачы́ць.

Мачольнік ’вехаць’ (хойн., ельск., Мат. Гом.). Да мача́ла1. Нязвыклым з’яўляецца ‑о‑ ў суфіксе (аб гэтым Карскі, 1, 98–99).

Мачонік ’мочаны яблык’ (Янк. 2, маз., Жыв. сл.), мачонкі, мачонікі ’мочаныя, салёныя, марынаваныя грыбы’ (полац., Янк. 2, Нар. сл., КЭС, лаг.; Мат. Гом.; уздз., Нар. словатв.), ’ваўнянкі, Lactarius torminosus’ (Сл. ПЗБ; Жд. 1; лаг., Жыв. сл.), брасл. ’шампіньёны’ (Бел. хр. дыял.); лудз. мачонік ’макляк’ (Сл. ПЗБ), мачонка ’скарынка хлеба, размочаная ў страве’ (Юрч.; КЭС, лаг.), ’курыца, намочаная, каб не квактала’ (Касп.), мачонік ’блін’ (астрав., Сцяшк. Сл.), мачонікі ’страва з хлеба, намочанага ў жыжцы другой стравы’ (Касп.). Аддзеепрыметнікавыя ўтварэнні. Да мача́ць, мачы́ць (гл.).

Мачоўнік ’касач жоўты, Iris pseudacorus L.’ (стол., Бейл.; ТС). З мячэ́ўнік (гл.) пад уплывам вядомага на Палессі мач ’драўляныя вілы’. Такое найменне касача перайшло з роду гладыёлусаў (Gladiolus) у выніку блытаніны (з-за падабенства).

Ма́чта, машта ’слуп ці збудаванне на суднах для мацавання ветразей, назірання, сігналізацыі; вежа для мацавання правадоў, антэн’ (ТСБМ; Бяльк.). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 83), запазычана з рус. мовы, у якой праз польск. мову прыйшло з гал. або н.-ням. mast ’тс’ < лац. mālus < *mazdos ’мачтавае дрэва’ (Фасмер, 2, 586; Васэрцыер, 148; Вальдэ, 363). Аднак яшчэ ст.-бел. маштъ (1500 г.), якое са ст.-польск. maszt < с.-в.-ням. mast (Машынскі, Geogr., 65; Булыка, Лекс. запазыч., 120).

Мачуга ’дубінка’, ст.-бел. мочукга (XVI ст.) — са ст.-польск. maczuga ’тс’, якое з рум. măciucă ’кій з тоўстым канцом’ (Булыка, Лекс. запазыч., 104) < лац. mattea ’палка’ (Брукнер, 317).