Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Магдэся ’неахайная жанчына’ (капыл., Нар. словатв.) утворана ад асабовага імя Магда і экспрэсіўнага суф. ‑эс‑я. Не выключана, што слова паходзіць з ням. Magd ’парабчанка, служанка’ (праз ідыш).

Ма́гель ’прылада, якой качаюць бялізну’ (Нас.), ма́глі ’вялікі станок для катання бялізны’ (Мядзв.), ’прыстасаванне для валяння сукна’ (Касп.). Запазычана з польск. magiel, męgiel ’валік, якім катаюць бялізну’, ’маглярня’, ’апрэтурная машына’ < ням. Mange(l) < с.-лац. manganum < грэч. μάγγανον ’ваенная машына, якая шпурляе каменне’, якая вельмі нагадвала машыну для катання бялізны, вынайдзенную ў Нюрнбергу’ (Брукнер, 317; Васэрцыер, 146; Махэк₂, 350). Сюды ж маглява́ць ’катаць бялізну вальком’ (Сцяшк., Нас.), ’румяніць твар’, ’уціраць тлушч у валасы’ (Нас.), малявацца, маглёўка ’катанне бялізны’, ’жанчына, якая любіць займацца аздабленнем галавы’ (Нас.). Гл. таксама ма́глі.

Маге́ра1 ’кікімара’ (мсцісл., З нар. сл.) з’яўляецца, відаць, кантамінацыяй з традыцыйнай назвы жаночай істоты дамавіка — ма́ра́ (гл.) і меге́ра (гл.).

Маге́ра2 ’неахайны, някемлівы чалавек’ (Янк. 2). Няясна. Магчыма, звязана з чэш. валаш. mega, megal, megaňa ’непаваротлівы, няўклюдны’, славац. mego ’тоўсты, як бочка, грубіян’, якія таксама няясныя (Махэк₂, 358). Янкоўскі (2, 101) выводзіць ад маге́рка ’лямцавая ці суконная шапка’.

Маге́ра3 ’гарэлка’ (жлоб., Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, звязана з ням. mager ’худы, бедны, посны’ ці ад прозвішча прадпрымальніка, які гнаў гарэлку. Не выключана сувязь з магера1 (як вынік піцця — белая гарачка).

Маге́рка, маґерка, марге́лка, маде́рка ’круглая высокая або невялікая лёгкая лямцавая мужчынская шапка, якую насілі раней сяляне’, ’род капелюша’ (ТС, Грыг., Дэмб. 2, Мядзв., Маш., Малеч., Макс., Мал., Бяльк., Гарэц., Растарг.). Ст.-бел. макгерка, магерка (1577, 1625 гг.). Рус. маге́рка, укр. маги́рка ’белая лямцавая шапка’. Запазычана з польск. magierka ’венгерская шапка’ < венг. magyar ’венгерскі’ (Булыка, Запазыч., 195; Фасмер, 2, 555; Праабражэнскі, 1, 500, Брукнер, 317). Гл. таксама магер.

Магі́ла ’яма для пахавання мёртвых’, ’капец зямлі над магілай’ (перан.) ’смерць, таямніца’ (ТСБМ, Грыг., Бяльк., Яшк., Булг., Сл. ПЗБ), укр., рус. моги́ла ’капец зямлі, курган’, ст.-рус. могыла ’капец’, польск. mogiła ’яма’, ’капец зямлі над ёй’, палаб. mügʼȧla ’яма’, в.-луж. mohila, ст.-луж. mogyla, н.-чэш. mohyla — з больш ранняга перыяду захаваліся толькі тапонімы: Mohelno, Mohelnice і інш.; славац. mohyla, славен. gomíla ’куча зямлі’, серб.-харв. го̀мила, мо̀гила ’тс’, макед. могила ’капец, узгорак’, балг. могила ’капец’. Гэта значэнне было першасным. Генетычна блізкія: рум. măgură і алб. magulʼë ’узгорак’, gamule ’куча зямлі і травы’, якія Фасмер (Stud. zur albanes. Wortforsch., Dorpat, 1921, 1, 18) выводзіць са слав. Міклашыч (420), Фасмер (там жа), Жалтоў (ФЗ, 1877, 4, 68 і наст.) сцвярджаюць сувязь са слав. mogǫ ’магу’ > ’пануючае месца’. Гэтак жа Брукнер (343) — з кораня mog‑ ’моцны’, параўн. аналагічна ўтворанае слова курган, якое з тур. kurgan ’крэпасць’, г. зн. ’зямная цытадэль’. Машынскі (Zasięg, 215) збліжае слав. mogyla ’капец, куча’ з сібір. тат. mogol, марыйск. mugõlʼo ’стог сена’. Паводле Алесіо (RIO, 3, 1951, 243) — гэта субстратнае слова, аснова якога балканская: magũla; Хубшмідт (Этимология–1967, 243–245) лічыць слав. слова даіндаеўрапейскім, крыніца запазычання невядомая. Сюды ж: маглі́цы, магіліцы, магілёва, магі́льня, ’могілкі’, магі́льнік, могільнік ’тс’, ’могільнік’ (Жд. 1, Бяльк., ТСБМ, Грыг., Нас., Сл. ПЗБ, докш., Янк. Мат.), магільніца — вёска, ля якой шмат панасыпаных курганоў (Янк. 1).

Магільнік1 ’агатка, Antennaria dioica Gaertn.’ (маг. Кіс., Дэмб. 1). Да магі́ла (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑нік. Матывацыя: расліна любіць высокія, сухія мясціны, якой і з’яўляецца могільнік. Іншыя назвы гэтай расліны таксама звязаны з паняццем ’сухата’: сухотнік палявы, сухапут.

Магільнік2 ’братаўка лясная, Melampyrum silvaticum L.’ (маг., Кіс.). Да магі́ла (гл.). Матывацыя: росшы ў жыце, гэта расліна, якая мае цёмнае насенне, рабіла хлеб цямнейшым, а змяшчаючы ў сабе ядавітыя гліказіды, была шкоднай і небяспечнай для здароўя, што магло прыводзіць да смерці.

Магістра́ль ’галоўная чыгуначная, водная, паветраная і інш. лінія шляхоў зносін’ (ТСБМ), ’асфальтавая дарога’ (Інстр. I). Запазычана праз рус. мову з ням. Magistrale < лац. magistrālis ’галоўны’ (Фасмер, 2, 555). Не выключана магчымасць запазычання і з польск. мовы.

Ма́гля ’часовая ўкладка снапоў жыта або пшаніцы (9 і дзесяці наверх)’ (слуц., Лекс. і грам.) < ⁺мандля. Укр. мандель ’укладка снапоў або жменей канапель у 15 ці 50 штук’, польск. mendel ’бабка’, в.-луж. mandl, чэш. mandel, славац. mandeľ ’бабка з 15 снапоў’ — усе з ням. Mandel ’тс’, якое паходзіць з с.-лац. mandala ’карзіна’, ’вулей’. Бел. ма́гля, запазычанае з польск., змяніла род (м. на ж.), а таксама ‑н‑, ‑длʼ‑ перайшло ў ‑глʼ‑. Гл. яшчэ мэндлік.

Ма́гма ’расплаўленая сілікатная маса высокай тэмпературы, якая ўтвараецца ў глыбінях зямлі’ (ТСБМ), было запазычана праз рус. ці польск. мовы ў якасці навуковага тэрміна, які з грэч. μάγμα ’падонкі, буза, калатушка’ (Лёхін, 414).

Ма́гнасьць ’сквапнасць’ (Жд. 1). Узнікла пры дапамозе суф. ‑н‑асць ад літ. mãga ’хочацца’ < magė́ti ’хацецца’, mãginti ’ўзбуджаць апетыт’, ’захапляць, вабіць’.