Маге́ра 1 ’кікімара’ (мсцісл., З нар. сл.) з’яўляецца, відаць, кантамінацыяй з традыцыйнай назвы жаночай істоты дамавіка — ма́ра́ (гл.) і меге́ра (гл.).
Маге́ра 2 ’неахайны, някемлівы чалавек’ (Янк. 2). Няясна. Магчыма, звязана з чэш. валаш. mega, megal, megaňa ’непаваротлівы, няўклюдны’, славац. mego ’тоўсты, як бочка, грубіян’, якія таксама няясныя (Махэк₂, 358). Янкоўскі (2, 101) выводзіць ад маге́рка ’лямцавая ці суконная шапка’.
Маге́ра 3 ’гарэлка’ (жлоб., Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, звязана з ням. mager ’худы, бедны, посны’ ці ад прозвішча прадпрымальніка, які гнаў гарэлку. Не выключана сувязь з магера 1 (як вынік піцця — белая гарачка).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)