*Вужо́вае малако́, вужо́вэ молоко ’малачай кіпарысавы, Euphoria cyparissias L.’ (Бейл.). Ад вуж. Параўн. сербскую народную назву малачая звычайнага Euphorbia L. — змијско (змијино) млеко і ням. Wolfsmilch (Сіманавіч, 191). Аб матывах намінацый гл. вужовыя ягады.
Вужо́выя я́гады ’паслён чорны, Solanum nigrum L.’ (Бейл.). Ад вуж ’змяя, гад’. Прыметнік указвае на неядомасць расліны. Параўн. таксама воўчыя ягады.
Вужо́ўка ’скручаны, звіты дубец’ (Сцяц.). Гл. вужышча, вуж 2.
Вужо́ўкі ’неядомыя грыбы’ (Янк. I, Мат. Гом., 219), вужо́ўкі ’тс’ (Арх. ГУ, жыт.), вужа́кі ’тс’ (Інстр. II). Ад вуж, ’гад, змяя’. Мадэль ’жывёліна’ — ’грыб’ указвае на непрыдатнасць да яды або малаўжывальнасць для чалавека. Гл. Аненкаў, 13; Мяркулава, Очерки, 157. Параўн. таксама бел. дыял. мядзведзі ’неядомыя грыбы’.
Вужо́ўнік ’расліна, Ophioglossum L.’ (БРС, Кіс.); ’вераніка шчытковая, Veronica scutellata’ (Касп.). Рус. ужо́вник ’тс’. Ад вуж. Назва ўтворана на базе перакладу грэч. назвы: ophis ’змяя’, glossa ’язык’ (Аненкаў, 232). Параўн. серб. гадји језик, змијски језик, ням. Natterzunge (Сіманавіч, 325). Але не выключана і самастойнае ўтварэнне на слав. глебе ад вуж(овы), таму што расліна ўжываецца пры ўкусе змей (параўн. вужака ’змяя’). Семантычная мадэль ’назва хваробы’ — ’назва лекавай расліны’ сустракаецца даволі часта; гл. вогнік 2.
Ву́жык ’прывязка, якой прымацоўваецца біч да цапільна’ (Шатал., Сцяц., ДАБМ, 325, 356, 769), ву́жка ’тс’ (ДАБМ, 221). Памянш. да вуж 2 (гл.).
Ву́жын ’вячэра’ (Нас.). Запазычанне з рус. ужин.
Вужышча (БРС, Янк., Бір. Дзярж., Сцяшк., Хрэст. дыял., 233). Рус. у́же н. р. ’вяроўка’, ужище, ужища ’тс’, ст.-рус. уже ’вяроўка, ланцуг’, ст.-слав. ѫже ’вяроўка’, балг. въже ’вяроўка’, серб.-харв. у́же, род. скл. у́жета, у́жа ’тс’, славен. vọ̑že н. р. ’канат’, палаб. vǫže ’вяроўка’. Прасл. *vǫže з *vǫzi̯o, роднаснае вузел, вязаць (гл.) (Фасмер, 4, 152; Скок, 3, 583).
Вужэ́лак ’маленькі сабака’ (Гарэц., Др.-Падб.); ’маленькі, вельмі рухавы, пралаза’ (З нар. сл.). Запазычанне з польск. wyżelek — памянш. ад wyżeł ’паляўнічы сабака’. Параўн. вужлянак. Гл. выжал.
Вужэць ’рабіцца вузкім’ (Нас.). Да вузкі (гл.) ад асновы кампаратыва *вуж‑ (параўн. рус. у́же).