Во́гнік1 ’хвароба скуры, высыпка на твары (ад прастуды)’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Бір. Дзярж., КЭС, Жд., 1, Шн., 1, Арх. ГУ; нараўл., Інстр. II, Сцяшк., Мат. Гом., Шатал.). Рус. о́гник, дыял. во́гнік, укр. во́гник ’тс’, польск. ognik ’чырвоны прышчычак, запаленне’, чэш. oheň ’тс’, серб.-харв. ógnjica ’хвароба’, балг., макед. о́гница ’гарачка, ліхаманка’. Да агонь (Махэк₂, 410; Скок, 2, 546). Чэкман (SFPS, 13, 118 і наст.) звязвае таксама з *gniti, *gnojь, *ogniti ’быць у ліхаманкавым стане’. Аб сувязі з агнём гл. таксама Сержп., Пр., 199.

Во́гнік2 ’сушаніца лясная, змеявік’ (Гарэц.). Да вогнік1, таму што парашком з лісця і кветак расліны прысыпаюць мокнучы лішай (Гарэнні, 43).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)