Бадзю́лька 1 ’калючка, востры шып у расліны — агрэсту, ружы’ (Бяльк.); ’калючка ў вожыка; іголка ў расліны, шып’ (Нас.); ’матавіла для наматвання нітак; калючка’ (Касп.). Таго ж паходжання, што і назва чартапалоху — бадзюлі (< *bodati, *bosti ’калоць’). Матавіла атрымала сваю назву па форме (шылападобныя канцы).
Бадзю́лька 2, бадзюлёк ’што-небудзь маленькае’ (Бір. Дзярж.). Назва, бясспрэчна, другаснага паходжання. Першапачаткова, напэўна, тое ж самае, што і бадзю́лька 1 ’калючка; матавіла’, потым маленькая калючка, маленькае матавіла і г. д.’ > ’што-небудзь маленькае’.
Бадзя́га 1 ’вадзяная расліна, бадзяга’ (Касп., Бяльк.), бадзя́жны (Нас.). Рус. бадя́га, бодя́га, укр. бадя́га ’рачная губка, Spongilla’. Да *bosti, *bodati ’калоць’ (гл. пад бада́ць). Першапачаткова ’калючая, пякучая расліна’ (параўн. уласцівасць бадзягі выклікаць на целе апёкі).
Бадзя́га 2 ’расліна Cirsium oleraceum Scop., бадзяк агародны’ (Кіс.). Утварэнне суфіксам ‑яга ад *bod‑ ’калоць’ (гл. бада́ць), такое ж самае, што і бадзя́га ’губка, бадзяга’. Параўн. іншыя назвы бадзяку, чартапалоху і асоту: бадзяк, бадак, будзяк і г. д.
Бадзя́га 3 ’выдаўбаная калода для вадапою’ (Гарэц.), ’карыта з выдаўбанага пня ля калодзежа’ (Др.-Падб.). Відаць, вытворнае (суф. ‑яга) ад *баддзя (параўн. бадзе́йка, гл.). Адносна семантыкі параўн. укр. дыял. бадя́ ’драўлянае вядро ля калодзежа; калодзежны журавель’.
Бадзя́к ’расліна Cirsium, бадзяк палявы, агародны’ (Бяльк.; гл. таксама Кіс.), будзя́к ’чартапалох, Carduus crispis L.’ (Кіс.). Укр. бодак, бодляк, бодлак ’Cirsium, бодак, будяк, бодяк ’Carduus’, рус. будяк. Параўн. чэш. bodlák, славац. bodliak ’Carduus’, славен. bodak ’Carduus’, ст.-польск. bodłak, bodak, bodziak ’тс’. Усё гэта незалежныя слав. утварэнні ад дзеяслова *bosti, *bodati калоць’. Гл. Махэк, Jména rostl., 255 (рус. формы, як лічыць Мяркулава, Очерки, 94–95, запазычаны з укр.). Параўн. і Слаўскі, 1, 38. Гл. яшчэ бада́к.
Бадзякі ’ежа з палявога маладога асоту; яго сякуць і вараць з квасам’ (Шн. 3, Малчанава, Мат. культ.). Да бадзя́к ’Cirsium’ (расліна Cirsium называецца і бадзяком і асотам). Наўрад ці можна думаць пра сувязь з іншай назвай ежы — бадзыго́н (гл.), укр. бадзьоні, бадзі.
Бадзя́цца ’бадзяцца, цягацца, валачыцца; валяцца’ (Шат., Касп., Нас., Янк. Мат., Бір. Дзярж., Гарэц., Бяльк.), ’валяцца’ (Жд.: бадзялася скошаная трава). Слова няяснага паходжання. Параўн. рус. дыял. (зах.) бодя́ться ’тс’, польск. дыял. badziać się, bodziać się ’бадзяцца’ (Карловіч: z Litwy). Даль выказвае (з запытаннем) не вельмі пэўную думку аб паходжанні ад бода́ть ’калоць, біць рагамі’. Магчыма, што гэта дзеяслоў экспрэсіўнага паходжання. Не выключаецца, што ёсць сувязь з бадзя́ць ’неахайна адносіцца, насіць (адзенне, абутак); пэцкаць’ (гл.), укр. гуц. ба́дити (абба́дити) ’знайсці’ (*baditi < *ob‑vaditi да *vada ’перашкода’; першапачаткова ’знайсці, перамагаючы перашкоды’ → ’шукаць, хадзіць шукаючы’ → ’бадзяцца’). Параўн. і палес. бада́ццэ ’пераадольваць цяжкасці; перабівацца’ (Лысенка, ССП). Тады ў бадзя́цца — экспрэсіўная палатальнасць (замест бада́цца). Наўрад ці ёсць сувязь з польск. badać się ’дапытвацца, дашуквацца’. Сюды ж бадзя́га ’валацуга’ (Касп., Нас., Бяльк.).
Бадзя́ць ’пэцкаць, валачыць’ (Др.-Падб.), ’неахайна адносіцца, насіць (адзенне, абутак)’ (Янк. Мат.). Не вельмі яснае слова. Можна выказаць дагадку аб сувязі з бадзя́цца, бада́ццэ (гл.), дакладней, аб паходжанні гэтых дзеясловаў ад агульнай асновы бад‑ (< обад‑ < об‑вад‑; *vaditi ’перашкаджаць’ → ’рабіць дрэнна, псаваць’).
Бадзя́чы ’распусны’ (Сцяшк. МГ). Бясспрэчна, да бадзя́цца ’бадзяцца, цягацца, валачыцца’ (гл.). Стары дзеепрыметнік.
Бадля́ ’рагатая жывёла’ (ДАБМ), быдлё ’рагатая жывёліна’ (Бяльк.). Укр. бидля́ ’маладая жывёліна’. З польск. bydlę ’тс’ (параўн. bydło ’жывёла’). У бел. бадля́ дыялектная фанетычная змена (ненаціскное ы > а) або ўплыў дзеяслова бада́ць ’калоць, біць рагамі’.
Бадры́цца 1 ’бадзёрыцца’ (Шат.). Рэлікт на бел. тэрыторыі прасл. bъdrъ (гл. пад бо́дры) ’бадзёры’, вядомага ў паўд. і ўсх. славян. Замест бодр‑ у бел. мове шырока распаўсюдзілася новая форма — бадзёр (гл. пад бадзёры).
Бадры́цца 2 ’прыбірацца, аглядваць сябе’ (Бяльк.). Дакладная адпаведнасць ёсць у рус. гаворках: бодри́ться ’прыбірацца, прыгожа апранацца і г. д.’ Бясспрэчна, семантычным развіццём ад дзеяслова бадры́цца (гл.) ’бадзёрыцца’. Параўн. розныя значэнні слова бодри́ться, бодро́, бо́дрость у рус. гаворках (СРНГ, 3, 56–57).
Бады́ль ’сцябло расліны’ (Сцяшк., Мат. Гродз., 1960), бады́лле ’сцяблы, сцяблы і лісце гуркоў’ (БРС; ДАБМ, 863), бадыллё (Сцяшк., Сцяшк. МГ, Бяльк.). Укр. бади́лля, баді́лля, бадило́ ’сцябло, сцяблы раслін’, рус. дыял. бады́ль ’сухое сцябло’, боды́ль, буды́ль. У аснове ляжыць *badylь (утварэнне суф. *‑ylь ад *badati ’калоць’, ітэратыўнай формы да *bosti *bodǫ). Параўн. яшчэ рус. бабылёк ’расліна Galeopsis tetrahit’ (іншая яе назва колю́тик), польск. badyl, badel ’сцяблы раслін’, серб.-харв. бадиљ і (з іншым суфіксам) ба̑даљ, род. скл. бадља ’калючая расліна’ (іначай сјекавац) і г. д. Брукнер, 10; Слаўскі, 1, 25; параўн. Фасмер, 1, 104; БЕР, 1, 62. Гл. таксама Трубачоў, Проспект, 40–41 (дзе праформа *bodylь з вакалізмам «о» не пераконвае).