Бадры́цца 1 ’бадзёрыцца’ (Шат.). Рэлікт на бел. тэрыторыі прасл. bъdrъ (гл. пад бо́дры) ’бадзёры’, вядомага ў паўд. і ўсх. славян. Замест бодр‑ у бел. мове шырока распаўсюдзілася новая форма — бадзёр (гл. пад бадзёры).
Бадры́цца 2 ’прыбірацца, аглядваць сябе’ (Бяльк.). Дакладная адпаведнасць ёсць у рус. гаворках: бодри́ться ’прыбірацца, прыгожа апранацца і г. д.’ Бясспрэчна, семантычным развіццём ад дзеяслова бадры́цца (гл.) ’бадзёрыцца’. Параўн. розныя значэнні слова бодри́ться, бодро́, бо́дрость у рус. гаворках (СРНГ, 3, 56–57).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)