Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

[Бага́цце] ’агонь, вогнішча, касцёр’. Існаванне гэтага слова ў бел. мове вельмі праблематычнае. Фасмер, 1, 101–102; Трубачоў, Проспект, 39, не ўказваюць крыніцу. Вядомыя слоўнікі бел. мовы (уключаючы і дыялектныя) яго не знаюць. Рус. дыял. бага́ть, бага́тье, укр. бага́ття ’вогнішча’. Паходжанне слова спрэчнае. Звычайна збліжаюць з грэч. φώγω ’пяку, смажу’, ст.-в.-ням. bahhan (ням. backen) ’пячы’ і г. д. Гл. Бернекер, 38; Фасмер, 1, 101–102; Трубачоў, Проспект, 39. Але багацце з яго марфалагічнай структурай не здаецца старым словам. Больш верагодная сувязь з бага́ты; матывацыя тут вылучалася розная: 1) Патабня, ЖСт., 1891, 111, 117 (міфалагічнае ўяўленне агню золатам, багаццем); гл. Зяленін, Табу, 2, 59 і наст.; Гаверс, Tabu, 65 (першапачаткова багацця < *bogatъ ’багаты’; Фасмер (ZfslPh, 20, 454) лічыць гэта народнай этымалогіяй); 2) Ільінскі (ИОРЯС, 23, 128) лічыў, што назва (< багацця < *bogatъ ’багаты’) узнікла ў прымітыўным быту, калі вогнішча часта было сапраўдным багаццем. Не пераконвае Корж, ЗНТШ, 6, 117–118, які ўкр. бага́ття параўноўвае з серб.-харв. бо̀жић ’пень, які запальваюць на каляды’ і выводзіць ад бог (Дажь‑богъ).

Бага́ч, бога́ч ’агонь’ (палес., Маш.), ’агонь, вогнішча, касцёр (палес., вусн. паведамл. Краўчука: разложы́ багачу́ погріцца), агонь, што дабываеце крэсівам’ (палес., вусн. паведамл. Краўчука). Слова амаль што знікла. Укр. бага́ч, бога́ч ’агонь, вогнішча, касцёр’. Бясспрэчна, звязана з укр. бага́ття ’агонь’ (гл. Маш., 159). Народная этымалогія тлумачыць назву багач тым, што агонь можа зрабіць багата шкоды, унясе багата маёмасці (гл. Маш., там жа; таксама ўласныя запісы. — Р. К.). Патабня (ЖСт, 1891, 111, 117) лічыць, што ў аснове назвы ляжыць міфалагічнае ўяўленне агню багацеем, і параўноўвае з гэтым уяўленне ў Рыгведзе Агні-домаўладыкі валадаром багаццяў. Сюды ж бага́ч, бага́тнік ’свята 8.IX’ (Шат., Інстр. II).

Багда́й, бада́й (Нас., Касп., Шат., Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Булг., Бесар.). Рус. богда́й, бода́й, укр. богда́й, бода́й, польск. bodaj, чэш. bodejť, bohdejt, bo(h)dejž. Усё з бог дай ’дай бог’ (формы тыпу бада́й скарачэннем, гл. Слаўскі, 1, 38). Брукнер, 34; Слаўскі, 1, 38; Махэк₂, 59; Фасмер, 1, 183. Зялёны (Табу, 2, 98 і наст.) лічыў гэты выраз табуістычным. Параўн. яшчэ Кісялёў, Частицы, 118–119.

Багда́н ’пазашлюбнае дзіця, падкідыш’ (Касп., Нас.). Азначае ўласна ’дадзены богам’. Параўн. рус. богданёнок, богданыч, богода́ненок, богода́нное дитя, богода́нный ’тс’.

Баге́ма. Рус. боге́ма, укр. боге́ма. Запазычанне з франц. bohème ’тс’ (першапачаткова мела значэнне ’цыганшчына’, далей ’цыганскі спосаб жыцця’), якое паходзіць ад Bohême ’Багемія, Чэхія’ (цыгане з’явіліся ў Еўропе іменна з Чэхіі; першыя звесткі пра іх былі ў ст.-чэш. Хроніцы Даліміла XIV ст.). Параўн. Махэк₂, 59; Шанскі, 1, Б, 150.

Баге́т. Рус. баге́т, укр. баге́т. Запазычанне з франц. baguette ’тс’ (< італ. bacchetta). Падрабязней гл. Фасмер, 1, 102; Шанскі, 1, Б, 6.

Багі́ ’абразы’ (Інстр. II). Рус. бог, бо́ги, бога́, укр. біг ’тс’. Метафарычнае ўжыванне слова бог (гл.), вядомае ва ўсх.-слав. мовах.

Багі́ня. Рус. боги́ня, укр. боѓиня, польск. bogini, чэш. bohyně, ст.-слав. богын̑и, серб.-харв. бо̀гиња і г. д. Прасл. bogyńi, утварэнне архаічным суфіксам ‑yńi ад bogъ (гл.). Параўн. Слаўскі, 1, 39. Да словаўтварэння гл. Зубаты, AfslPh, 25, 355–365; Мейе, Études, 457–458; Ваян, RÉS, 24, 181–184; Ляскоўскі, JP, 42, 1962, 171–187. Параўн. таксама Крэя, JP, 50, 1970, № 1, 25–33.

Багла́й ’гультай, абібок, лежабок, непаваротлівы чалавек’ (Нас., Бяльк., Інстр. лекс., Др.-Падб., параўн. Гарэц.). Рус. дыял. багла́й ’гультай, дармаед’, укр. багла́й, баглі́й. Фасмер (1, 102) лічыць, што зыходзіць трэба з *багла́й ’кавалак дрэва’ (адносна семантыкі параўн. дуб ’дрэва; дурны чалавек’), і параўноўвае гэта слова з баго́р, рус. бага́й, бага́н ’жардзіна з кручком; доўгая жардзіна’ і г. д. Але ўся гэта група слоў не мае надзейнай этымалогіі. Анышкевіч (Словарь, 64) параўноўвае з серб.-харв. ба̏гља ’звязак сена, саломы’, рум. а se bâhlí ’псавацца, гнісці’. Няясна.

Ба́глы ’губы’ (бел. арго; Рам., IX). Як і большасць аргатычных слоў, цёмнага паходжання. Можна параўноўваць з укр. арго: багла́йка губа’ (Гнацюк, Лірн., 9), бала́йка ’тс’ (Баржкоўскі, Лирн., 704). Паколькі сустракаецца семантычнае хістанне ’губы ∼ грыбы’ (параўн. значэнне прасл. gǫba, gribъ, vr̥g(a) у паасобных слав. мовах), то можна меркаваць, што зыходным з’яўляецца слова са значэннем ’грыбы’ (ва ўкр. арго ёсць баглаї ’грыбы’, але пра яго паходжанне сказаць штосьці пэўнае вельмі цяжка).