Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сугро́б ’гурба намеценага снегу’ (Бяльк., Яшк., Сл. ПЗБ; усх., ЛА, 2). Ст.-бел. сугропь, суграпъ ’гурба снегу’ (XVI ст., ЖНС), ст.-рус. (XV ст.) сугробъ ’гурба, стос’, укр. сугро́б ’узвышша, узгорак’. Дыял. прасл. *sǫgrobъ < *sъ‑grebti ’згрэбці’ з апафаніяй у корані; гл. Борысь, Prefiks., 102. Параўн. серб.-харв. дыял. су̑греб ’сверб, хвароба скуры; паводле народных вераванняў — вынік таго, што чалавек наступіў на месца, дзе сабака гроб зямлю’ (Элезавіч, 2), балг. дыял. сугреб ’тс’.

Сугру́б ’скрутак палатна і інш.’ (ТС), ’кавалак палатна для бялення’: на два сугру́бы разрэзаў (стол., ЛА, 4). Фанетычна змешанае сугроб (гл.), параўн. укр. дыял. сугро́б ’сувой палатна’, магчыма, пад уплывам грубы ’тоўсты’.

Сугрэ́ў ’цяпло’ (Сцяшк. Сл.), су́грэў ’саграванне’ (Ласт.). Параўн. рус. разм. сугре́в ’тс’. Да су- і грэць.

Сугу́к ’зычны гук’ (Станк.). Як лінгвістычны тэрмін калька т. зв. культурных еўрапейскіх тэрмінаў, параўн. чэш. souhlaska, макед. согласка і пад., у аснове якіх лац. consonāns ’тс’ (Сной₂, 680); варыянт зычны або сугалосны гук (зык) ’тс’ (Некр. і Байк.) калькуе рус. согла́сный звук, у сцягненай форме параўн. славен. soglasnik, серб.-харв. сугласник ’тс’ (ESSJ SG, 1, 240). Да су- і гук, да семантыкі параўн. сугу́чны ’калі гук да гуку пасуе’ (Варл.), г. зн. ’які вымаўляецца разам з галосным’.

Суд ’орган для разгляду судовых спраў’, ’судовы працэс’, ’думка, меркаванне’ (ТСБМ, Пас., Байк. і Некр.), ’суд (судовы орган і працэс)’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’лёс, наканаванне’: nie toj ŭmiraje chto chud, da toj kamu sud (Пятк. 2), ст.-бел. судъ ’судовая ўстанова, інстанцыя’, ’судовы акт, прысуд’, ’судовы працэс’, ’цяжба’ (Сташайтэне, Абстр. лекс.), ’тс’, ’меркаванне’ (Альтбаўэр). Укр., рус. суд, стараж.-рус. судъ, польск. sąd, в.-луж., н.-луж. sud, чэш. soud, славац. súd, серб.-харв. су̑д, славен. sọ́d ’суд, прыгавор’. балг. съд, макед. сад, ст.-слав. сѫдъ ’суд, судовы працэс, прыгавор, рашэнне, справядлівасць’. Прасл. *sǫdъ, якое з *som‑ і і.-е. кораня *dhē‑ ’класці, ставіць’ (гл. дзеяць), параўн. блізкае ст.-інд. samḍhiṣ, samdhā́ ’дагавор, сувязь, аб’яднанне’, літ. samdà ’найманне, арэнда’, samdýti, sámdaũ ’наймаць’, гл. Мее, 162, 234; Траўтман, 48; Фасмер, 3, 794. З першаснага значэння ’складанне, злучэнне’, відаць, развілася далей ’складанне думак, унясенне прапаноў, устанаўленне думак, ацэнак, і г. д.’, адкуль з’явілася спецыялізаванае значэнне ’асуджэнне каго-небудзь, судовы працэс’ → ’тыя, хто вядзе судовы працэс, вырашае спрэчкі, суд’; гл. Борысь, 539. Іншая словаўтваральная мадэль у Бязлая (3, 283- 284): ад прасл. *sъ‑děti ’саставіць, злажыць’, параўн. славен. zdẹ́ti ’злажыць’, ст.-чэш. sdieti ’тс’. Шустар-Шэўц (1376) мяркуе, што корань ‑dъ у славянскім слове меў і значэнне ’гаварыць’, параўн. в.-луж. стар. dzieć, н.-луж. źaś, чэш. díti ’гаварыць’, адкуль *sǫdъ ’прыгавор’ з ’што-небудзь сумесна абмеркаванае і аб’яўленае (выказанае)’. Менш верагодная версія Семерэньі (гл. Шустар-Шэўц, там жа) аб сувязі *sǫdъ з лат. censeo < і.-е. *kendh‑ ’судзіць, даваць ацэнку’, што падтрымлівае Махэк₂ (568); супраць Трубачоў (Ремесл. терм., 236), які падкрэслівае адзіную крыніцу паходжання *sǫdъ ’суд’ і *sǫdъ ’су́д(ы)’. Варбат (Слав. языкозн., IX, 64–66) звязвае з асновай прасл. *sědti, *sędǫ ’сесці’; таксама Ондруш, Этимология–1984, 178. Гл. яшчэ Сной, 590; ЕСУМ, 5, 467; ESJSt, 14, 861–862.

Судава́ць ’абмяркоўваць, радзіцца’ (Сл. ПЗБ). Гл. судзіць.

Суда́к1 ’рыба сямейства акунёвых, Lucioperca lucioperca L.’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС, Меер Крыч.; полац., З нар. сл., Жыв. св.). Укр., рус. су́дак, ст.-рус. судокъ, польск. sandacz, sędacz (XVI ст.), чэш. candát, дыял. sandát. Махэк₂ (81) рус. і ўкр. словы лічыць запазычаннямі з польскай. Брукнер (481) польскае выводзіць з ням. Zander, с.-н.-ням. sandāt. Аднак н.-в.-ням. Zander, паводле Клюге-Гётце (702 і наст.), Беке (JF, 52, 138), само запазычана са славянскага. Каламіец (Рыбы, 113–117) прыходзіць да высновы пра славянскае паходжанне назвы, якая павінна разглядацца як субстратная з няяснай этымалогіяй, што ўзгадняецца з меркаваннямі Махэка (там жа) адносна “праеўрапейскага” паходжання слова.

Судамы́я ’асоба, што іншых абмаўляе’, судамы́іць ’абгаворваць’ (Варл.). Укладальнік слоўніка звязвае з судзіць ’абгаворваць’ і мыць ’паласкаць’: sudzie i myje jazykom (там жа), што можа ўспрымацца як народнаэтымалагічнае тлумачэнне, параўн. рус. судомо́йка ’пасудамыя; хвашчанка (для мыцця пасуды)’, гл. судзіна, суды. Не выключана сувязь з судо́м (гл.), аргат. судо́міць ’судзіць’ (Веснік БДУ, 1994, 4, 48), параўн. рус. дыял. судомить ’лаяць’.

Су́дарга ’сутарга’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк.; ашм., Станк.), су́дорга ’тс’ (ТС), су́дырга ’тс’ (Бяльк.); з адсячэннем ‑га су́дар ’сутарга’ (Шат., Бір. Дзярж.; віл., Сл. ПЗБ; дзярж., З нар. сл.), су́т(а)ргі ’корчы, кіданне’ (Некр. і Байк.). Укр. су́дорга ’сутарга’, дыял. су́дорога ’рабізна на вадзе ад хуткага цячэння’ (Чарапанава, Геогр.), рус. су́дорога ’сутарга’, дыял. су́дорга ’тс’. Рус. і ўкр. словы ўзводзяцца да су- і *drъgati ’торгаць’, параўн. дзёргаць (Нас.), укр. дергати, рус. дёргать, параўн. літ. sudìrgti ’раззлавацца’; Міклашыч, 42; Брукнер, KZ, 48, 216; Фасмер, 3, 796. Гл. сутарга. Меркаванне пра запазычанне з рускай або ўкраінскай моў у кантактных зонах мае неабавязковы характар, паколькі магчыма азванчэнне ‑т‑ у сутарга ў інтэрвакальным становішчы. Варбат (Слав. языкозн., VII, 105) для беларускіх і ўкраінскіх слоў узнаўляе прасл. *sǫdьrga, для рус.*sǫdorga.

Судасі́ць, судаша́ць. Гл. судосіць1.