Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Таля́паць ’клекатаць (пра бусла)’ (віц., Жыв. св.), як і ўкр. таля́пати ’пляскаць, хлюпаць’, чэш. tlapati ’ступаць, крочыць, шлёпаць’ гукапераймальнага паходжання, параўн. ЕСУМ, 5, 508; Махэк₂, 645.

Таля́р ’талер (манета)’ (ігн., паст., лід., маст., Сл. ПЗБ). Гл. та́лер1.

Таляха́ць (таляха́ты) ’абгаворваць’ (кобр., Нар. лекс.). Дзеяслоў гукапераймальнага паходжання, гл. талахаць, талахкаць.

Там ’у тым месцы, не тут’; ’потым, затым, далей’; узмацняльная часціца ў спалучэннях (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Варл., Федар. 4; калінк., З нар. сл.; Вруб.), та́ма ’тс’ (Нас., Бяльк., Растарг.; калінк., З нар. сл.; Скарбы, Шатал., Мат. Гом., Мат. Маг., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 5), та́ме, та́мма ’там, вунь там, у тым месцы’ (ТС), ст.-бел. тамъ, тамо ’тс’ (Альтбаўэр); сюды ж ускладнены часціцамі та́мака ’тс’ (Нас., Касп., Шат., Стан., Ласт.; калінк., З нар. сл.), та́макава, та́макай ’тс’ (Сцяшк. Сл.), та́майка ’тс’ (Скарбы), та́мка ’там, трохі далей’ (Сл. ПЗБ, Варл.), та́макі ’тс’ (ТС, Мат. Гом.), та́мачы ’тс’ (Жыв. сл., Сл. ПЗБ), та́мацька ’тс’ (Нас., Бяльк.), та́мачка, та́мачкі ’тс’ (Ласт., Сержп. Отч., Сцяшк. Сл., Касп.), тамо́чка ’тс’ (ТС). Укр. там, та́мо, та́мʼе ’тс’, рус. там ’тс’, польск. tam ’там; туды’, н.-луж. tam ’там; туды’, в.-луж. tam, tamie ’тс’, чэш. tam ’тс’, славац. tam ’тс’, славен. tam, tamkaj ’там’, серб.-харв. та̏мо ’там; туды’, балг. там, та́мо, таме́ ’тс’, макед. таму ’там, туды’, ст.-слав. тамо ’там’, рэдка ’туды’. Прасл. *tamo, дзе корань *ta‑ той жа, што ў прасл. *tako > так (гл.) і ў аблаўце — у прасл. *tъ > той (гл.), а суфікс *‑то той жа, што ў прасл. *semo ’тут; сюды’, *kamo ’куды’, *ovamo ’ў той бок’. Праславянскі корань *ta‑ ўзводзяць да індаеўрапейскага займеннікавага кораня *to‑, *tā‑, *tio‑ (Покарны, 1086–1087) і супастаўляюць праславянскае слова з лат. nuo tām ’адтуль’, грэч. τημος ’тады, у той час’ (Фасмер, 4, 17; Чарных, 2, 227; Борысь, 626).

Та́ма ’гаць, грэбля, стаў, ставок’ (Некр. і Байк.), ’запруда’ (Вруб., Ласт.), сюды ж тамова́ті ’затрымліваць, замаруджваць, запруджваць’ (Вруб.), тамава́ньнё ’гаць пры беразе ракі’ (карэліц., З нар. сл.), тамава́не ’ўмацаванне берагоў ад размыву’ (Скарбы), ст.-бел. тамовати ’стрымліваць’. Праз польск. tama ’запруда, грэбля, дамба’, tamować ’прыпыняць, стрымліваць’, з с.-в.-ням. tam ’дамба, грэбля, гаць, запруда’, ням. Damm ’тс’, dämmen ’запруджваць, падпіраць’, роднасных англ. dam, ст.-ісл. dammr ’запруда’, гоц. faúr‑dammjan ’загароджваць’, і, як мяркуюць, грэч. θέμεθλα ’падмурак’ (Брукнер, 564; ЕСУМ, 5, 511; Булыка, Лекс. запазыч., 198). Гл. таксама утаймаваць.

Тамава́ты, томова́ты ’дурны’ (ТС). Ад ідыш tam ’разява, дурненькі’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 909).

Тамава́ць ’стамляць, нудзіць, мучыць; збіваць з толку’ (Нас., Стан., Байк. і Некр.). Гл. таміць.

Тамада́ ’асоба, якая вядзе банкет’ (ТСБМ). Укр., рус. тамада́ ’тс’. Праз рускую з груз. თამადა ’тс’ (ЕСУМ, 5, 511).

Та́мака. Гл. там.

Тама́лка ’ануча’ (Сцяшк. Сл.). З першаснага *отымалка, ад незафіксаванага *адыма́лка.