Та́лер1 ’старажытная нямецкая манета’ (ТСБМ), ’манета ў 90 кап. серабром, што ўжываецца ў Літве’ (Нас.), ’манета’ (Касп., Бяльк.), та́лер, та́ляр ’тс’ (Сл. ПЗБ), та́ляр ’тс’ (Кольб.): try talàry (Федар. 6). Ст.-бел. талеръ, таляръ ’сярэбраная манета; вагавая адзінка для вырабаў са срэбра, што адпавядае масе талера’ (Ст.-бел. лексікон) згадваецца ў пісьмовых дакументах з 1555 г. і запазычана са ст.-польск. taler, talar ’тс’ (Булыка, Запазыч., 316), куды трапіла з ням. Táler ’старажытная нямецкая срэбная манета’, вынік скарачэння першаснага Joachimstaler ’тс’ ад Joachimstal — горада ў Чэхіі, дзе здабывалі срэбра і ўпершыню вырабілі гэту манету (ЕСУМ, 5, 510; Голуб-Ліер, 484; Брукнер, 564).

Та́лер2 ’вялікая, ёмістая талерка’ (капыл., Жыв. сл.). Ст.-бел. талеръ, тарелъ (Ст.-бел. лексікон), талеръ, таліръ, тарель ’талерка’ (фіксуецца з 1506 г., Булыка, Лекс. запазыч., 102) запазычанне са ст.-польск. talerz ’тс’, якое трапіла ў польскую са ст.-в.-ням. talier, што з іт. tagliere ’дошка для рэзання мяса’. Параўн. пазнейшае запазычанне та́леж (іван., Жыв. сл.; Сл. Брэс.). Магчыма, другаснае ўтварэнне ад талерка (гл.), успрынятага як памяншальнае па тыпу буталь і бутэлька, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)