Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скік ‘скок’ (Ян., ПСл; смарг., Сл. ПЗБ), сюды ж скіка́ць ‘скакаць’ (Ян., ПСл, Сцяшк. Сл.; паст., шальч., швянч., Сл. ПЗБ), скі́кнуць ‘скокнуць’ (ПСл, Сцяшк.), скіга́ць ‘скакаць’ (Сцяшк. Сл.), ске́чыць ‘скочыць, скокнуць’ (Сцяшк.), скіку́н ‘конік (насякомае)’ (ПСл), параўн. укр. дыял. скік, скі́кну́ти ‘тс’, польск. дыял. skik, skikać, skiknąć. Арэальная інавацыя, суадносная з скок, скакаць (гл.). Аўтары Варш. сл. мяркуюць пра кантамінацыю з kicać ‘скакаць (пра зайца)’. Сюды ж, магчыма, польск. дыял. skikść! ‘скок’, якое Лаўчутэ (Балтизмы, 132) адносіць да балтызмаў паводле спалучэння ‑kść < літ. ‑kšt і арэала распаўсюджання выклічніка. Няясна.

Скікануць. Гл. скакаць.

Скікаць. Гл. скакаць.

Скілу́ндзі ‘скручаны здор у форме рулета’ (ігн., Сл. ПЗБ). Параўноўваецца з літ. дыял. skelúndzis, літар. skilándis ‘страўнік, напханы мясам’ (там жа), запазычана ў старабеларускую мову з літоўскай (1506 г., Булыка, Лекс. запазыч., 119); меркаванні пра польскае пасрэдніцтва (Анікін, Опыт, 280) цяжка давесці. Гл. таксама шкілундзя.

Скі́мліць ‘скуголіць, ціха вішчаць’ (лаг., Гіл.), скі́млытэ ‘цішком плакаць ад крыўды’ (драг., Нар. словатв.). Параўн. укр. скі́млити ‘ныць, ціха жаласна плакаць’. Гукапераймальнае, параўн. балг. скимтя́ ‘ціха вішчаць, плакаць, хліпаць’, якое выводзіцца з імітатара ским!, што перадае скуголенне, гл. БЕР, 6, 749. Гл. таксама скомліць.

*Скімяніцца, скі́мынытыся ‘скнарнічаць’ (кобр., ЖНС, Ск. нар. мовы). Няясна, магчыма, звязана з *скеміць ‘ціснуць’, гл. скем. Параўн. таксама скемены (гл.).

Скіндачка ‘старажытны дзявочы галаўны ўбор (у выглядзе ручніка)’ (Малч.). Укр. скиндя́чка, скиндя́к ‘стужка’, киндя́кГрынч. са знакам пытання) ‘стужка, матэрыя’, рус. пск., цвяр. киндю́к ‘чырвоная баваўняная тканіна’. Ст.-рус. кандакъ, киндякъ ‘тс’. Пэўнай этымалогіі няма, гл. Фасмер, 2, 234. Сам ён параўноўвае з уйг. köŋnäk ‘кашуля’, чагат. köŋläk ‘тс’, што няпэўна. На іншы шлях запазычання скіроўвае ст.-бел. уласнае імя Ярош Скиндеръ (1434), што выводзіцца ад скиндер ‘той, хто прадае ці робіць істужкі’ (гл. Усціновіч, Лінгв. дасл., 1968, 155).

Скі́нуцца ‘распрануцца’, ‘прыкінуцца’ (Ян.), ‘распрануцца да галізны, поўнасцю распрануцца’ (Янк. 3.), ‘ператварыцца (у што), пераварочвацца (у каго)’ (Нар. Гом., Растарг.), ‘падскочыць, ускінуцца’, ‘перакінуцца, ператварыцца’ (ТС). Паводле Янкоўскага (Янк. 3., 117), звязана з тэхналогіяй пераўвасаблення праз Тв. скл. т. зв. скідвання — ператварэння, што грунтуецца на змешванні, параўн. ячмень аўсом скінуўся (там жа), г. зн. ‘моцна засмечаны аўсом’, параўн. скинимся травинаю (Растарг.), воўком мог скінуцца (ТС) і пад. Да скінуць, кінуць (гл.); Санько (Крыўя, 1996, 1, 91) мяркуе, што тут назіраецца ўплыў літ. kisti (kiñto, kito) ‘мяняцца, змяняцца’.

Скі́нуць ‘зваліць, саштурхнуць уніз’, ‘зняць, распрануць’, ‘заўчасна нарадзіць’, ‘зняць з пасады’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.). Гл. кінуць, кідаць.

Скіпа́ць ‘шчапаць, калоць трэскі, лучыну’ (Шымк. Собр., Бяльк., Юрч. Вытв., Мат. Маг.; бялын., Нар. сл.; ЛА, 1). Гл. скяпаць.