Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Самакі́ша ’сыракваша’. Гл. сам, кіснуць.

Самалёт ’цяжэйшы за паветра лятальны апарат з рухавіком і, звычайна, нерухомымі крыламі’ (ТСБМ). З рус. самолёт ’тс’ або адаптаванага польск. samolot ’тс’, што не выключае і самастойнае ўтварэнне ад сам (гл.) і лятаць (гл.), параўн. самапла́ў ’тс’ і заўвагу Бузука: «вельмі прыгожае наваўтварэньне, якое я чуў у Асіпавічах» (Буз., 257), гл.

Самалу́к, самайлу́к ’аснова драўлянай бараны (дубовая палка, якая абгінае барану з трох старон)’ (рагач., Сл. ПЗБ), самолу́к ’тс’ (Выг.), самайлу́к ’тс’ (Рам., 8), ’лук’ (Ян.), ’хто няўмелы’ (пух., Сл. ПЗБ), ’гультай’ (Мат. Маг.). Да сам і лук1 (гл.).

Сама́н ’цэгла-сырэц, вырабленая з сумесі гліны, гною і сечанай саломы’ (ТСБМ), ’ферма’ (Жд. 2). Рус. сама́н ’тс’. Цюркізм, параўн. чагат., крым.-тат., тур. saman ’салома’, гл. Радлаў, 4, 432; Фасмер, 3, 552. Магчыма рускае пасрэдніцтва.

Самані́ца, са́маны ’мох’ (ігн., Сл. ПЗБ). З літ. sãmanos ’мох’ (там жа; Лаўчутэ, Балтизмы, 50 з літ-рай); магчыма, непасрэднай крыніцай было польск. samanice ’месца, зарослае кустамі і мохам’, якое з той жа крыніцы.

Самапла́ў ’самалёт’ (Буз.). Наватвор 30‑х гадоў ад сам (гл.) і плаваць (гл.), першапачаткова, відаць, адносілася да парахода.

Самарда́к ’удар па твары’, ’хвароба ў роце, калі баляць сківіцы’, ’пахмурны, упарты, маўклівы чалавек’, ’упартасць, маўклівасць’ (ТСБМ), самурда́ка ’ўпартасць, маўклівасць’ (Касп.), самарды́ка ’нягодніца’ (Мат. Гом.). Улічваючы пераважна ўсходнюю лакалізацыю гэтых лексем, магчыма выдзеліць прыст. са‑, якая тут часта ўжываецца замест з‑, с‑; тады да морда (гл.), асабліва параўн. разважанні аб роднасці ўсх.-слав. морда і славен. mrd ’грымаса’. Адсюль першаснае значэнне, відаць, было ’чалавек з выразам, грымасай незадаволенасці’.

Саме́ц ’асобіна мужчынскага полу’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’дрэва, якое не дае насення’ (Сл. ПЗБ), ’часць сеці, якая непасрэдна прымыкае да «маткі»’ (Маш.), само́к ’самец’ (ТС), самчу́к ’тс’ (Сл. ПЗБ). Рус. саме́ц, укр. саме́ць, польск. samiec, samczek, чэш., славац. samec, серб.-харв. са́мац ’адзінокі чалавек’, славен. sámec ’адзінокі чалавек’, ’самец’. Прасл. *samьcь, дэрыват ад *samъ ’сам’. Махэк₂, 537 семантыку назвы тлумачыць тым, што самцы жылі адны, не ўдзельнічаючы ў выхаванні патомства. Форма само́к утворана як паралель м. р. да наз. ж. р. самка, гл. Гл. яшчэ Борысь, 538.

*Самі́нец, сомі́нец ’кароткае бервяно паміж вокнамі’ (ТС; стол., Нар. сл.), самі́ца ’тс’ (ТС), самі́нка ’сценка паміж вакон’ (КСТ), рус. дыял. сомцы́ ’працяг зруба з бярвенняў, якое завяршаецца трохвугольным выступам’, саме́ц, сомо́к ’вохлуп’, самцы́ ’кароткія бярвенні’, укр. карп. саме́ць, мн. л. сімці́ ’бервяно ў сцяне хаты, якое толькі адным канцом звязана ў замок, а другім упіраецца ў вушакі’, польск. дыял. sumiec ’бервяно, якое ўсунута сваім абсклюдаваным канцом у паз’, sonik, sunik, sumik, sulnik ’кароткае бервяно паміж вокнамі’, sowiniec ’жэрдкі над токам у гумне, вышкі’, чэш. дыял. somík ’вушак’, somínec ’кол у плоце’, slumík ’столбік у плоце’, sumík ’вертыкальная драўляная рама’, somica, somík ’бервяно паміж вокнамі’, славац. sôm ’вушак’, somík ’тс’, ’папярочная планка ў грабель, матавіла і г. д.’, серб.-харв. somić, sȍmić ’дзірка для дыму ў форме роўнастаронняга трохвугольніка, якая выходзіць на два бакі даху’, ’франтон’, славен. somik ’жолаб, паз на сцяне’. Этымалогія спрэчная. Фасмер (3, 716) першапачатковай лічыць форму сомок (сомец, сомцы — другасная) і выводзіць яе з *sъ‑mъk‑ (гл. мкаць, мкнуцца), але прыводзіць толькі рускі і ўкраінскі матэрыял. Махэк₂ (566) з улікам славацкай формы ўзнаўляе прасл. *somъ, *somьcь і ў якасці адпаведнікаў указвае на ст.-інд. śamyā ’палка, затычка, цвік’, авесц. sima ’частка вупражы возу, магчыма, драўляная частка, якая абхоплівае шыю каня’, арм. samikʼ мн. л. ’дзве драўляныя часткі ярма’, грэч. κάμαζ ’жэрдка, кол’, с.-в.-ням. hamel ’жэрдка’, дац., шв. hammel, нарв. дыял. hamul ’папярочная перакладзіна перад возам’. Няпэўна.

Самі́т ’аксаміт’ (Бяльк.). Як бачна з тлумачэння, з аксаміт у выніку адпадзення першага склада.