Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скаўро́нак ‘жаваранак’ (Сцяшк., Шатал.). З польск. skowronek ‘тс’. Апошняе да прасл. *skovornъkъ, параўн. рус. сковоро́нок, укр. шковоро́нок, якое ўзводзіцца да *skvorovorn(ъkъ) і набліжаецца да скварэц (гл.) (Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 117) або раскладаецца на прыстаўку sko‑ і *vornъ (гл. воран), як мяркуе Брукнер, 496. Інакш Махэк₁ (450), які прапанаваў у якасці зыходнага гукапераймальнае skvir‑/škvor‑, пашыранае суфіксамі ‑anъ/‑onъ/‑nъ, што не пераконвае. Агляд форм і літ-ры гл. Фасмер, 3, 644; Борысь, 553; Антропаў, Назв. птиц, 358. Параўн. жаваранак (гл.).

Скаўрэ́лы ‘закарэлы, заскарузлы’ (Касп.). Як відаць з ілюстрацыі не купляй скаўрэлага парасёнка, гутарка, відавочна, ідзе не толькі аб закарэлым, але і аб худым, хілым парасяці. У такім выпадку тут, магчыма, кантамінацыя карэлы (гл.) і чаўрэ́ць ‘станавіцца хілым, вянуць, сохнуць’ (гл.), што дае *скаўрэць, якое ўтворана з прыст. с‑ ад кара́ (гл.) г. зн. ‘пакрыцца карой’, перан. ‘захірэць’.

Ска́церць ‘абрус’ (Тарн., Бяльк., Сцяшк.; лудз., Сл. ПЗБ; ДАБМ, камент., 925–929), ска́церка, скацёрка, ска́церсць, ска́цер (Нас., Касп., Бяльк., ЛП, Пятк. 1, Рам. 5, Шатал., Ян., Юрч., Ян., Янк. Мат., Жд. 2, Сцяшк., Мат. Маг., ДАБМ, там жа). Спрадвечнасць слова ў беларускай мове бясспрэчная (ДАБМ, к. 325), але ў частцы гаворак, відаць, сучаснае пранікненне з рускай, параўн. “…скацер, а даўней абрус” (Сл. ПЗБ, 4, 443). Рус. ска́терть, ска́терка, скатёрка, стараж.-рус. скатерть (XII ст.). Звычайна тлумачыцца з усх.-слав. *дъскатьрть, ад *дъска ‘стол’ (гл. дошка) і тьрть < *terti ‘церці, адкуль пасля падзення рэдукаваных і спрашчэння групы зычных атрымалася сучасная форма (Міклашыч, 353; Бернекер, 1, 246; Праабражэнскі, 2, 255; Фасмер, 3, 635), або як запазычанне з нова-в.-ням. дыял. Scheter, с.-в.-ням. schëtter, schëter ‘тонкая баваўняная тканіна’; гл. Брандт, РФВ, 22, 114.

Скацё зборн. ‘каровы’ (мядз., Сл. ПЗБ). Ад скот, скаціна (гл.) з суф. зборнасці ‑jo, аднак на Лагойшчыне гэтая форма была ўспрынята як назоўнік н. р. skació ‘адна штука статка’, пры skaciaty ‘статак’ (Варл.). Параўн. таксама аднаўленне значэння зборнасці ў скаце́ж, скаце́жка ‘тс’ (Ласт.).

Скаці́на ‘чатырохногая сельскагаспадарчая жывёла’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘свойская жывёла’ (ЛА, 1; Нас., Касп., Бяльк., Сержп. Прык.), скоці́на ‘жывёла’, ‘грубы, бяздушны чалавек’ (ТС), скот ‘тс’ (Мат., Бяльк.; в.-дзв., лід., пух., Сл. ПЗБ; Ян.), скаці́на, скот лаянк. ‘погань, падла, хамула’ (Ласт.). Ст.-бел. скотина (XVI ст., Скарына), скоть кравїи и ѡсвечьи (Альтбаўэр); апошняе, паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 213), было карэлятам слова быдло, гл. укр., рус. скот, скоти́на, ст.-рус. скотъ ‘скаціна; маёмасць’, ‘грошы, падатак’, скотьніца ‘казна’, ст.-польск. skot ‘скаціна’, в.-луж., н.-луж. skót ‘тс’, чэш. skot ‘буйная рагатая жывёла’, серб.-харв. ско̏т, славен. skòt ‘дзіцяня жывёліны, прыплод’ і skotína ‘гной, кал жывёлы’, балг. скот ‘скаціна’, ст.-слав. скотъ, ‘скаціна, маёмасць, грошы; жывая істота’. Прасл. *skotъ. Адна з асноўных версій — запазычанне з германскіх моў з прычыны адсутнасці, як лічылі, надзейных сувязей на славянскай глебе. Параўноўвалі з гоц. skatts ‘манета’, ст.-ісл. stattz ‘падатак’, ст.-сакс. skot ‘манета; маёмасць’, ст.-в.-ням. scaz ‘манета’, нова-в.-ням. Schatz ‘скарб’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 186 і наст.; Фасмер, 3, 655. Аднак германская лексічная група таксама не мае надзейнай этымалогіі; да таго ж славянскае слова захавала больш старое значэнне ‘статак’, у герм. толькі ст.-фрыз. sket ‘грошы, статак’, што дало падставы бачыць у германскіх мовах запазычанне з славянскага, гл., напр., Праабражэнскі, 2, 310; Брукнер, AfslPh, 23, 626; таксама Ільінскі (РФВ, 73, 283 і наст.), які звязваў *skotъ чаргаваннем галосных з шчацінне (гл.). Супраць па фанетычных прычынах Фасмер (там жа) з-за немагчымасці вытлумачыць герм. tt у гэтым выпадку. Пераважаюць версіі славянскага паходжання: Мартынаў (Лекс. взаим., 183 і наст.: славянскае пранікненне ў прагерманскую); Жураўлёў (Этимология–1981, 38–44), Шустар-Шэўц (1297) — ад *kotiti se ‘нараджаць (аб жывёлах)’ з s‑рухомым або прыставачным з развіццём значэння ‘нараджаць (дзіцянят)’ — ‘дзіцяня’ — ‘маладая жывёліна’ — ‘скаціна’. Агляд версій гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 99 і наст. Станкевіч (Зб. Унбегаўну, 222) прапанаваў вывядзенне *skotъ < *skop‑tъ, што да *skopiti (гл. скапец2) і тлумачыць гемінацыю t у прагерманскім skatta ‘статак, маёмасць’. Крытыку гэтай этымалогіі гл. Страхаў, Palaeoslavica, 13, 2, 18 (“сохранение узкой технической конкретики в обобщенном наименовании не представляется вероятным”).

Скацу́к ‘блыха’ (Сцяшк.; карэліц., Шатал., ЛА, 1). Да скака́ць, скочыць з суф. ‑ук, які ўтварае назвы жывых істот паводле ўласцівага ім дзеяння (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 78); ‑ц‑, відаць, экспрэсіўнага паходжання або пад уплывам пацук.

Скача́г ‘малы язь’ (ТС). Паводле Усачовай (Слав. ихт. терм., 73), да скакаць (гл.), бо можа выскокваць з вады, параўн. рус. лету́н ‘дробны лешч’; суф. ‑аг < ‑ак?

Скачане́ць ‘адубець’ (Сцяшк. Сл ). Да кача́н (гл.), г. зн. ‘зрабіцца цвёрдым, як качан’. Цікавая паралель серб. косава-мятох. скоча̄ни̏т ‘змерзнуць’.

Скачаро́жыцца ‘сагнуцца’ (Юрч. Фраз. 1), скучуры́жыцца ‘памерці, здохнуць’ (Бяльк.). Да качарга (гл.), качарэжка.

Скачо́к ‘конік (насякомае)’ (Мат. Маг., Шымк. Собр.), ‘жук-дрывасек’ (Бяльк.). Да скакаць (гл.), самастойныя ўтварэнні ў розных славянскіх мовах: рус. пск. скачо́к ‘конік’, балг. самак. скачо́к ‘тс’ і інш.