Жа́варанак 1, жаўранак, жаўру́к (ТСБМ), жарва́нак (Мат. Гом.) ’птушка Alaudidae’. Рус. жа́воронок, дыял. жа́вронок, укр. жайворонок, дыял. джа́ворок, джа́воронок, палаб. zevornak; параўн. рус. дыял. зговоронок (Праабражэнскі, 1, 220), сковронок, щевронок, польск. skowronek, чэш. skřivan, skřivánek, дыял. skovránek, skovránok, (славац. skovran, skovránok, серб.-луж. škowronk, в.-луж. škowrončk, н.-луж. škobronk, славен. škrjánec, skrjánček, ц.-слав. сковраньць (Міклашыч, Lex. paleosl., 846) ’тс’; параўн. яшчэ рус. скворец, в.-луж. škorc, балг. скорец, балг. уст. сколовранец ’шпак’ (трэба ўлічваць, што рус. дыял. пск. жаворонок ’шпак’). Шанскі (1, Ж, 272) лічыць жаворонок утвораным з суфіксам ‑ък‑ ад уст. і фалькл. жаворонъ (Словарь, II, 180). Агульна прынята думка аб тым, што другая частка ўсх.-слав. слова суадносіцца з воран (гл.), прапануецца шэраг паясненняў першай часткі (Фасмер, 2, 32, 3, 644). Трэба, відаць, прыняць неабходнасць агульнага разгляду варыянтаў з пачатковымі жа‑ і ск(о)‑ у сувязі з іншымі падобнымі суадносінамі (гл. жабанець, жабрак). Формы тыпу жаўрук, н.-луж. škobronk, калі іх не разглядаць як пазнейшыя (усечаную або з падстаноўкай b замест w), пярэчаць уяўленню аб складаным характары слова. Паколькі назвы жаваранка і шпака, што належаць да вераб’іных, перакрыжоўваюцца, магчыма дапускаць агульнасць жавор‑, сковор‑ і сквор‑ у рус. скворец, а тады шукаць тлумачэнне кораня *sk(o)v(o)r‑. Цікавыя ў гэтых адносінах скверціся ’крычаць, верашчаць, плакаць з крыкам’, скверашчаць ’тс’ (Нас.), а магчыма, і чэш. рэдк. škovrati ’вытвараць трэлі (пра птушак)’, скавытаць, укр. скав(у)чати ’скавытаць’. Адсутнасць (ці невыяўленасць) надзейных неславянскіх паралелей ускладняе, аднак, тлумачэнне ўказанага гіпатэтычнага кораня і хутчэй сведчыць у карысць кампазітнага характару слова, але ні супастаўленні са ст.-слав. гавранъ ’воран’ і яго адпаведнікамі, якія даюцца ў пацвярджэнне гукапераймальнага характару жа‑, га‑, ско‑, ні супастаўленне з сквар‑, жар‑ (Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 288–285), ні паясненні праз экспрэсіўны характар першай часткі (Брукнер, 496; Махэк₂, 550) не могуць лічыцца пэўнымі.
Жа́варанак 2, жа́ўранак, жаўру́к ’булачка, што выпякаецца 9 (22) сакавіка’ (Нас.). Рус. жа́воронок, укр. жа́воронок ’тс’. Ад жа́варанак 1 у сувязі з веснавым прылётам птушак (у сакавіку), магчыма, дахрысціянскага характару. На гэта ўказвае абрад клікання вясны, запісаны Г. Цітовічам (Ант., 34, 564): у час выканання песні «Жавароначкі, прыляціце, вясну красную прынясіце» дзяўчаты і маладзіцы падкідвалі ўгору выпечаных з цеста жаўрукоў, а мужчыны «акампаніравалі» на берасцяных пастухоўскіх трубах. Жаваранкі і ў іншых песнях (параўн. БНТ, Весн. песні, № 158–160). Гл. Іванаў, Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 129. Параўнанне 40 жаваранкаў з душамі 40 мучанікаў (9 сакавіка — дзень 40 мучанікаў), на якое ўказвае Насовіч, позняе (параўн. саракі). 9 (22) сакавіка — дзень пачатку вясны. Пра ўсх.-слав. абрад гл. В. К. Соколова, Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов. М., 1979, с, 67–93.