Жабра́к, жабрава́ць. Укр. жебра́к, же́брати, жебрув́ати ’тс’, же́бри ’жабраванне’, рус. пск., прыбалт. жебра́к, жеброва́ть (відаць, з бел.), польск. żebrak, żebrać, чэш. žebrák, žebrati, славац. žobrák, žobrať, в.-луж. žebrjak, žebrić, н.-луж. žebrak, žebriś, славен. žebrâvec, zebráti, серб.-харв. же̏брак, жебрачити, џе́брак, џе̏брати ’тс’. Літ. žebrõkas, žebravoti, лат. žabravât ’тс’ з бел. або польск. (Фрэнкель, 1294); венг. zsebrák (з 1456 г.) ’тс’ са слав. (MESz, 3, 1212). У ст.-бел. з канца XV ст. фіксуецца жебракъ (Булыка, Запазыч., 113), зафіксаваны дзеяслоў жебрати (Гіст. лекс., 116). Прынята этымалогія бел. слова з польск. мовы, дзе, паводле Брукнера (663), з XV ст. з ням. seffr ’бадзяга’ (Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1970, 7, 150; Булыка, Запазыч., 113). Калі так, відаць, праз чэш., бо іначай незразумела пашырэнне ў серб.-харв. і славен. Скок (1, 471) лічыць адпаведныя словы гэтых моў запазычанымі з чэш. < ням. і далей турцызіраванымі ў серб.-харв. ž > . Махэк₂ (724) лічыць польск. і ўкр. запазычанымі з чэш., а для чэш. і славац. прыводзіць (як Голуб-Копечны, 443) шэраг дыялектных і экспрэсіўных варыянтаў, напр. škebrati, škemrati, žebronit (гл. жабанець), žgamrat ’жабраваць’ і г. д. Як і Міклашыч (406), Голуб-Копечны (443), Махэк₂ (724) не даюць, уласна кажучы, этымалогіі, на ням. паходжанне не ўказваюць, што можна расцэньваць як прызнанне слав. паходжання. Тады ці не трэба параўнаць з бел. кубрак ’чалавек, які просіць на царкву’ (Нас.), кубрыць ’кпіць’ (Нас.), укр. дыял. кубрак ’бедны чалавек’ (Жэлях.), кубрячити ’п’янстваваць’, рус. наўг. кубра ’свавольнік’. Параўн., аднак, польск. kubrak ’куртка’, якое тлумачаць, хаця і мала верагодна, у сувязі з укр. кубрак ’бядняк’ з цюрк. kubur ’адзенне’ (SWO, 405) або як запазычанне з лац. ці ням. (Слаўскі, 3, 299). Калі ўлічыць магчымую сувязь з жабанець (гл.) і формамі тыпу škomořiti/žemořiti, ці не трэба да гэтай групы аднесці і скамарох?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)