Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Со́лтыс ‘у Заходняй Беларусі сельскі стараста’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), со́лтус, со́лтас ‘тс’ (Сл. ПЗБ). З польск. sołtys ‘часовы начальнік, які назначаецца панам вёскі’, дыял. sołtys, sałtys, szałtys. Запазычанне з с.-в.-ням. schultheiʒ ‘той, хто загадваў, вызначаў павіннасці або даваў сведчанні’ ад с.-в.-ням. schult, schulde ‘павіннасць, абавязак’ і heiʒen ‘распараджацца, загадваць’; першасная форма з XIII ст. szołtys > sołtys у выніку мазурэння (Борысь, 567). Ст.-бел. шолтысъ, шелтысъ, солтысъ з польскай, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 25; але польскае слова ён памылкова лічыць запазычаннем з нямецкай пры пасрэдніцтве венг. szöltes ‘тс’. Басай–Сяткоўскі (Słownik, 329) адкідаюць чэшскае пасрэдніцтва (параўн. Новавейскі, Zapożyczenia, 16).

Соль ‘соль як прыправа да ежы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), со́ля ‘тс’ (б.-каш., ГЧ). Параўн. укр. сіль, рус. соль, ст.-рус. соль, польскі sól, в.-луж. sól, sel, н.-луж. sol, чэш. sůl, славац. soľ, серб.-харв. со̑, славен. sọ̑l, балг., макед. сол, ст.-слав. соль. Прасл. *solь роднаснае лат. sā́ls ‘соль’, літ. sólymas ‘расол’, лац. sāl, грэч. άλς м. р. ‘соль’, ж. р. ‘мора’, гоц. salt, ст.-в.-ням. salz ‘соль’; апошняе выводзіцца з *salta‑, што ад дзеяслова *saltan ‘саліць’. У сувязі з гэтым звяртае ўвагу дзеяслоў солі́цца ‘сыпацца’: шчоб песок не соліўса ў во́ду (ТС), балг. соля́ ‘саліць’, ‘пасыпаць чым-небудзь дробным’, макед. соли ‘саліць’ і ‘сыпаць (пра дробны снег)’, што, магчыма, сведчыць пра аддзеяслоўнае паходжанне назоўніка, які можа мець і іншыя значэнні, параўн. славен. solika ‘крупы; дробны град’. Маючы гэта на ўвазе, прапануецца (Фурлан у Бязлай, 3, 288) рэканструкцыя амоніма *solь ‘град’, на думку Куркінай (Этимология–1994–1996, 206), беспадстаўна; ва ўсякім разе, можна дапусціць для праславянскай другаснае значэнне дзеяслова *soliti ‘сыпаць’. Гл. Траўтман, 249; Мюленбах-Эндзелін, 3, 803; Фасмер, 3, 751; Махэк₂, 592; Сной₁, 591; Фурлан у Бязлай, 3, 287–288; Борысь, 572; ЕСУМ, 5, 252- 253. Параўн. яшчэ салодкі, со́лад.

Сом ‘рыба Silurus glanis L.’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, ТС, З нар. сл.). Параўн. укр., рус. сом, польск. sum, ст.-польск. som, н.-луж. som, чэш., славац. sumec, серб.-харв. со̏м, славен. sòm, балг., макед. сом. Прасл. *somъ роднаснае літ. šãmes, лат. sams ‘тс’. Далей сувязі няясныя. Тапароў — Трубачоў (Лингв. анал., 247) прапаноўваюць у якасці крыніцы фін. sampi ‘асётр’, марыйск. šamba ‘мянтуз’. Параўнанне славянскага слова з лац. salmō ‘ласось, селядзец’ у Праабражэнскага (2, 355), Младэнава (593) абвяргаецца Фасмерам (3, 716). Гл. яшчэ Траўтман, 298; Фрэнкель, 962; Махэк₂, 592; Машынскі, Pierw., 188; Фрыск, 1, 771, а таксама Сной₁, 592, Борысь, 586 (узводзяць да і.-е. *kʼam‑ ‘палка, жэрдзь’); Каламіец, Рыбы, 106–109 (крытычны разгляд версій).

Со́ма ‘хутка, імкліва, нястрымна’ (Сцяшк. Сл.; мядз., Нар. словатв.). Няясна, магчыма, з соўма (гл.) у выніку пераходу оў > о.

Со́мец ‘сак (рыбалоўная сець)’ (Скарбы), со́мець, со́мцік ‘сак’ (гродз., Сл. ПЗБ), со́мцік ‘рыбалоўная прылада (як буч)’ (гродз., З нар. сл.). З літ. sámtis ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 520).

Со́мінец ‘кароткае бервяно паміж вокнамі’ (ТС), со́мчык ‘шула’ (ЛА, 4), сума́к ‘прасценак, міжаконне’ (Ян.). Гл. самінец. Параўн. таксама цу́нік ‘кароткія бярвенні ў прамежках паміж вокнамі’, цунь ‘тс’ (ТС), што схіляе прыняць за зыходныя формы з ‑у‑: польск. sunik, sumik, suńec, славац. súmyk, укр. су́мець, для якіх Бонк (SFPS, 5, 236 і наст.) дапускае значэнне ‘бервяно ў сцяне драўлянага будынка, якое ўстаўляецца ў паз слупа; абрамленне аконнага або дзвярнога праёму’ і, як тэхнічныя тэрміны, выводзіць з *sunǫti (гл. сунуць), што не вельмі пераконвае. Магчыма дапусціць кантамінацыю ці збліжэнне з *sъmъkъ, параўн. рус. алан. сомо́к ‘грэбень страхі’, балг. дыял. смок ‘бэлька ў склепе’ і інш.

Сон1 ‘спанне’, ‘тое, што сніцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ). Параўн. укр., рус. сон, польск., чэш., славац. sen, в.-луж. són, н.-луж. són, славен. sën, серб.-харв. са̏н, балг. сън, макед. сон, ст.-слав. сънъ. Прасл. *sъnъ з *sъpnъ, роднаснага спаць (гл.). Роднасныя: літ. sãpnas ‘сон; тое, што сніцца’, лат. sapnis ‘тое, што сніцца’, ст.-інд. svápnas ‘сон; тое, што сніцца’, лац. somnus ‘сон’. Гл. Фасмер, 3, 716–713 з літ-рай; Махэк₂, 541; Шустар-Шэўц (1334); Глухак, 540.

Сон2 ‘травяністая расліна з вялікімі ліловымі кветкамі-званкамі, якая цвіце рана ўвесну’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Мат. Гом., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), ‘розныя віды расліны Pulsatilla L.’ (Кіс., Меер Крыч.), сон-трава ‘расліна сон’ (Байк. і Некр., Касп., Нар. лекс., Кіс.), сонь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), со́нчык ‘тс’ (гродз., Кіс., Сл. ПЗБ), сасо́ннік ‘тс’ (Шат.), бабі́н сон ‘расліна Crocus Heuffelianus Herb.’ (Бейл.). Укр. сон, сон‑зі́лля, сон-трава́ ‘расліны Anemone pulsatilla L. і Anemone pratensis L.’, рус. сон, сон‑дре́ма ‘расліна Pulsatilla palena, сон’, таксама сон, сон-трава́ ‘расліна Atrapa belladonna’. Назвы раслін у іншых славянскіх мовах: польск. sasanka, ст.-польск. sesenki, sasenki, sesanki, чэш., славац. sasanka ‘анемона’, серб.-харв. са́са ‘тс’, балг. са́са́н, съ́сън ‘анемона’ і ‘пралеска, Hepatica triloba’, дыял. съса́нка, саса́нка ‘анемона’. Этымалогія няпэўная. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) славянскія словы лічыць звязанымі з ст.-егіп. s‑šš‑n ‘лотас’, араб. susan ‘лілія’, тат. susan ‘касач’. Яны былі запазычаны з ст.-грэч. σουσον ‘лілія’ і ў праславянскай набылі формы *sъsъnъ, *sъsьnъ або *sъsenъ. Пасля вакалізацыі ераў паводле народнай этымалогіі былі звязаны з *sъnъ ‘сон’, што не беспадстаўна, таму што некаторыя віды раслін, напрыклад Pulsatilla patens L., у беларускай народнай медыцыне ўжываюцца як заспакаяльны і снатворны сродак (гл. Лекарственные растения и их применение. Минск, 1976, 482), а ў Сафійскім краі ў Балгарыі кветкі расліны кладуць у калыску дзецям. Іншая версія звязана з тым, што расліны роду Anemone у час дажджу і ноччу закрываюць кветкі, што звешваюцца ўніз (нібы спяць), гл. Краўчук, БЛ, 6, 66–67. Ва ўсходнеславянскіх мовах слова, відаць, было поўнасцю атаясамлена з сон1. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538; ЕСУМ, 5, 352.

Со́нейка, со́няйко, со́ўнейко ‘божая кароўка, Coccinella’ (пін., карэліц., ЛА, 1; ТС). Да сонца (гл.). Шырока распаўсюджаная мадэль другаснай намінацыі ў розных мовах, што звязана з яркасцю афарбоўкі або міфалагічнымі ўяўленнямі («пасланец сонца»), параўн. укр. со́нечко, чэш. дыял. slunéčko, в.-луж. bože słónčko ‘тс’, для якіх выводзіцца праформа *sъlnьčьko з тыпалагічнымі паралелямі ням. Sonnenkälbchen, Sonnenkäfer і інш., параўн. Шывіц–Дулар, Traditiones, 26А, 67. Для беларускіх назваў праформа была б *sъlnьnьko (змены ъl > оў/о і nьk > йк). Параўн. со́нейко ‘сонца’ (Нас.).

Со́нечнік ‘расліна Helianthus annuus L.’ (Байк. і Некр., Ласт., ТС, Ян.), со́ўнечнік, со́ўнешнік ‘сланечнік’ (Шатал., Жыв. св.), со́ўнях (лельч., Жыв. сл.), сон, со́нечнік, со́нца, со́ўнешнік ‘тс’ (Мат. Гом.), сон ‘круг ад сланечніку’ (браг., З нар. сл.). Да сонца, калька запазычанага сланечнік (гл.). Не выключаны і ўкраінскі ўплыў, параўн. укр. со́няшник, со́нях. Форма сон утворана ў выніку рэдукцыі. Сюды ж cо́нкі ‘семачкі’ (Мат. Гом.).

Со́нца ‘нябеснае свяціла’, ‘святло, цяпло, якое вылучаецца гэтым свяцілам’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), со́нцэ ‘тс’ (ТС, Пятк. 2), со́нцо ‘тс’ (Сержп.), со́нейка памянш.-ласк. ‘тс’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ), со́нейко ‘тс’ (Сержп., ТС, Федар. 4), со́ўнейко ‘тс’ (ТС). Укр. со́нце, рус. со́лнце, стараж.-рус. сълньце, польск. słońce, в.-луж. słónce, в.-луж. słónco, н.-луж. słyńco, чэш. slunce, славац. slnce, серб.-харв. су̑нце, славен. sọ̑nce, балг. слъ́нце, макед. сонце, ст.-слав. слъньце ‘тс’. Прасл. *sъlnьce ‘з’яўляецца дэмінутывам да *sъlnь (параўн. рус. по́солонь ‘па сонцу’, славен. soln ‘бляск у вачах’) < *sŭl(n)‑; утварэнне аналагічнае сэрца (гл.). Роднаснае літ. sáule ‘сонца’, лат. saũle, ст.-прус. Saule, ст.-інд. svar‑, гоц. sauil ‘тс’, грэч. ήλιος; далей гоц. sunnō, ст.-в.-ням. sunna ‘сонца’; і.-е. аснова *sau̯el‑/*sūl‑/*sun‑ на ‑l/‑n; гл. Фрэнкель, KZ, 63, 168; Траўтман, 251; Мюленбах-Эндзелін, 3, 773; Фасмер, 3, 710–711 з іншай літ-рай; Махэк₂, 558; Шустар-Шэўц, 1305; Бязлай, 3, 290; Борысь, 558; ЕСУМ, 5, 354.