Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Туніня́ць ‘гнісці’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Мяркуецца, што ўтворана ад назоўніка *туніня ‘гніль’. Апошняе мае паралелі ў балг. дыял. туне́ ‘плесня’ або тунъ́ ‘плесня; смурод’, туня́съм ‘пакрывацца плесняй’, макед. дыял. тунясва ‘тс’, якія Рачава (Этимология-2003–2005, 185) разглядае як «утварэнні праславянскага тыпу», звязаныя з балг. то́на ‘ўсмоктваць, убіраць’, што фанетычна і семантычна цяжка давесці. Хутчэй з улікам беларускага матэрыялу, да прасл. *tunʼa ‘гніль, плесня’ ад прасл. *tuxnǫti/*tǫxnǫti ‘псавацца, пратухаць’, параўн. укр. тухи́ня ‘гнілое балота’, гл. тухнуць. Параўн. туняшка, тунець (гл.).

Тункель, ст.-бел. тункель ‘вясковы суддзя’ (ГСБМ). Запазычана праз польск. tunkiel ‘тс’ са ст.-ням. Tong ‘тс’ (Булыка, Выбр. пр., 177, 186).

Ту́нна ‘дарэмна, дарма, марна’ (Нас., Гарэц. 1.), ‘бясплатна’, ‘без пакарання’: гэта табе тунна ня пройдзець; ту́нны ‘марны, дарэмны’, ‘бескарысны (пра працу)’ (Нас.), ст.-бел. туне ‘дарма, марна’ (ГСБМ). Укр. ту́нний, ту́ній ‘танны, даступны’, рус. ту́но ‘дарма, дарэмна, упустую’, ту́нный ‘дармавы’, ‘марны’, рус. і стараж.-рус. туне ‘дарэмна’, польск. усх. tuni, сілез. tůńi, каш. tóni, tóńi ‘танны’, н.-, в.-луж. tuni, славац. tuni, tuný, славен. tônj ‘тс’, zastóņj ‘дарэмна’, ст.-харв. ostunj, stunj, stunje ‘задарма, бясплатна, дарма’, балг. ту́на ў выразе: ту́ня беда ‘вялікая бяда’, ‘беспадстаўнае абвінавачанне’, макед. туне беда ‘тс’, ст.-слав. туне ‘дарэмна, бясплатна’. Прасл. *tuńь ‘дарэмны’ (Борысь, 626) ці *tunь‑jь ‘танны, даступны, дарэмны, бясплатны’ (ЕСУМ, 5, 676) узыходзіць да і.-е. *teu̯n‑. З іншым вакалізмам кораня на польскай моўнай тэрыторыі (другасная назалізацыя) прасл. *tanьjь, *tonьjь > та́нны (гл.). У якасці роднасных падаюцца: лат. taúņa ‘гультай’, taūņât ‘бадзяцца, хадзіць без справы, не брацца за работу’, ст.-в.-ням. dunni, ст.-н.-ням. thunni, ст.-ісл. þunnr ‘тонкі’. Развіццё індаеўрапейскай семантыкі ішло ад ‘тонкі, доўгі, выцягнуты’ > ‘невялікай вартасці’ > ‘танны’ (Шустар-Шэўц, 1558; (гл. таксама: Этимология–1967, 74; Зб. Бернштэйну, 474–480), чаму пярэчаць Фасмер, 4, 121; Сной у Бязлай, 4, 393. Адсутнічае пераканальная этымалогія (ESJSt, 17, 998).

Туно́к, мн. л. тунцы́ ‘глінянкі, грузілы на ніз сеткі’ (Ласт.). Відаць, праз польск. tunka ‘бочка’ (з ням. Tonne ‘тс’, Брукнер, 584) па форме дэталі, якая напамінае бочачку, або вытворнае ад ням. tunken ‘мачаць, акунаць’, магчыма, праз ідыш, гл. tunken ‘тс’, tun ‘бочка’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 808).

Ту́нькацца ‘хутка перамяшчацца, мітусіцца’ (віл., Сл. ПЗБ), ‘туляцца, швэндацца без справы’ (лаг., Гіл.). Гукапераймальнага паходжання, параўн. рус. дыял. ту́нкаться ‘стукацца (у дзверы, вароты)’, ту́нн — імітатыў (СРНГ).

Тунюня́ — пра надакучлівую, не да месца размову, хлусню, фальшывае ігранне (дзісн., Бел. дыял. 1). Гукапераймальнае, параўн. тулюлю, гл. тулю-тулю.

Туня́цца ‘туляцца’ (Сцяшк.), ‘бадзяцца, хадзіць без мэты’ (Юрч.), туня́нне ‘лодарнічанне, бесклапотнае бадзянне’ (Юрч. Вытв.). Відавочна, звязана з тунна ‘дарэмна, марна (траціць час)’, гл. Параўн. лат. taūņât ‘быць у нерашучасці’, ‘марудзіць’, ‘бадзяцца’, ‘не брацца за работу’, taūņa ‘гультай’.

Туня́шка ‘гнілое дрэва’ (клім., Мат. Маг.). Звязана з туніняць ‘гнісці’ (гл.), памянш. да *туня ‘гніль’ (< прасл. *tunʼa), па ўзоры гнілу́шка ‘абломак гнілога дрэва’. Пададзенае ў слоўніку Бялькевіча тупя́шка ‘гнілое палена’ (Бяльк.) можа быць вынікам недакладнай расшыфроўкі рукапіснай фіксацыі або другаснага збліжэння з тупы (гл.), у семантыцы якога, аднак, няма значэння ‘гнілы’. Да ту́нны (гл.).

Туняя́д (тунея́дъ) ‘дармаед’, ‘ненадзейны член сям’і’ (Нас.). Утворана на базе рус. тунея́дец ‘лайдак’ шляхам адсячэння суф. ‑ец або непасрэдна ад ту́не ‘дарма’ (гл. тунна) і ст.-слав. ꙗдь ‘ежа’ < ꙗстн ‘есці’ (КЭСРЯ); канец слова, магчыма, пад уплывам яд ‘атрута’ (гл.).

Туп — пра тупанне, няўдалыя скокі (мсцісл., Нар. лекс.), туп‑туп — гукаперайманне для перадачы тупату (ТСБМ, ЭШ) — заклік да дзіцяці, каб пачало хадзіць (Скарбы₂), ‘падзыўныя для авечак’ (горыц., ДАБМ, камент., 896). Укр. туп‑туп, ту́пу‑ту́пу — выгукі, якімі падбадзёрваюць дзяцей станавіцца на ногі, рус. смал. туп‑туп — абазначэнне гукаў пры хадзьбе (СРНГ); польск. tup, tupu — адгалосак удару нагой; в.-луж. tupu, tupu tapu — імітацыя крокаў, удараў нагой; чэш. ťup — пра хаду дробнымі крокамі, балг. туп ‘бах’. Гукаперайманне.