Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ветка1 ’галінка’ (Грыг., Рам., 6, Касп., Бяльк.), палес. вітка, ветка ’мяцёлка проса, аўса, грэчкі’ (Выг., Шатал.), лаг. ве́тка ’некалькі кветак, якія зрасліся разам; некалькі ягад на адной галінцы’ (КЭС), укр. вітка, віть, вітьва ’галіна’, палес. ві͡етка ’тс’, вʼетка ’гронка ягад, дробных пладоў, кветак’, рус. ве́тка: арл. ’сасновая галінка з шасцю канцамі, аздобленая лялькамі, пацеркамі, званочкамі’, маск. ’бульбянік’, краснадар. ве́тки ’дрэвы’, валаг. калін., арл., ’націна бульбы, гароху, гуркоў’, пенз. ’мяцёлка аўса’, пск., смал. ве́тка ’вяха ля дарогі’; ’двое рабочых з тройкай коней на лясных промыслах’, польск. wietka ’тс’, witka ’галінка, лазінка; вусікі ў раслін’, чэш. рэдкаўж. větka ’галінка’, серб.-харв. уст. ве̏тка, макед. ветка, балг. ветка, ветчица ’тс’. З’яўляецца праславянскім дыялектызмам з коранем vět‑*u̯oit‑), які меў другую ступень чаргавання галоснага *vit‑*u̯eit‑); параўн. славін. vjītev, славен. vȋtva і вышэй адзначанае польск. witka, якія звязваюцца са ст.-прус. apewitwo, witwan ’нізкая вярба’, літ. vytìs ’лаза’, лат. vītnes ’вусікі ў раслін’, vītols ’вярба’, грэч. οἶσος, οἰσύᾱ (*voituva), ἰτεα (Ϝιτέα) ’тс’, лац. vītis ’лаза, вусік’, ст.-в.-ням. wîda ’вярба’, ст.-інд. vajā ’галіна’, vētasás ’вадзяная павойная расліна, Calamus rotang’, авест. vaēiti ’лаза’ (Фасмер, 1, 306). У такім выпадку vit‑/vět‑ з’яўляюцца роднаснымі з viti, vьjǫ. Аднак некаторыя славянскія формы з ‑ě‑ не маюць дзеепрыметнікавай зычнай ‑t‑: славен. vȇja, ст.-слав. вѣꙗ ’галіна’, балг. вейка ’тс’, вей ’хаціна, пакрытая галінкамі’, вейка, вѐйчица, вейник ’тс’, якія адносяцца этымолагамі да viti ’віць’ (БЕР, 1, 129, 138; Рудніцкі, 1, 443) або да vějati ’веяць’ (Голуб-Копечны, 414; Міклашыч, 387). Формы з ‑к‑а з’яўляюцца дэмінутыўнымі ад věta (укр. віта ’галіна’). Бел. ви́тка ’тс’ (Нас.) паходзіць, відавочна, з польск.

Ве́тка2 ’чыгунка, якая адыходзіць убок ад асноўнай чыгуначнай магістралі’ (БРС, КТС), з рус. ве́тка ’тс’.

Ве́тла ’лаза’ (мазыр., Мат. Гом.), рус. літар. ветла́ ’вярба, Salix pendula’, калін. ’пустазелле ў аўсе’, разан. ветла́к ’белая вярба’, смал., маск. ветли́на ’вярба’, урал. ве́тли́на ’бульбоўнік, націна буракоў, гароху’, укр. ветла́, вутла́, ветли́на́ ’вярба, Salix viminalis’; ’жоўтая вярба, Salix vitellina’, ветли́нка ’Gorgonia viminalis’, польск. wietla, wietło ’галіна’ (Варш. сл.). Усходнеслав. утварэнне ад вет‑ (< vět‑ < viti ’віць’) і суф. ‑ьл‑а, магчыма, пад балцкім уплывам; параўн. літ. vytẽlė ’лаза, дубец’, vytìs ’тс’, výtulas ’звязка’, vỹturti ’звіваць, абверчваць’, лат. vîtuõls ’вярба’, vītne ’гірлянда; вусікі гароху’ і інш. Гл. Траўтман, 347; Мюленбах-Эндзелін, 4, 648; Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 79; КЭСРЯ, 57. Махэк₂ (687) дае прасл. форму ў выглядзе vьtъla < і.-е. *vitulā і прыводзіць тапанімічныя назвы з чэшскай і польскай моўных тэрыторый, якія не адносяцца да ве́тла. Сюды ж ветліца. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 80. Як і Гараеў, 46, ён дае vьt‑l‑a < vi‑ti. Рудніцкі (1, 373) мяркуе, што ўкр. ветли́на магло ўзнікнуць як вынік адаптацыі навуковага лац. тэрміна (Salix) vitellina.

Ве́тлівы ’ласкавы, далікатны, прыветлівы’ (БРС, КТС, Бяльк.), сюды ж вытворныя: ветліва (БРС, Гарэц., Яруш., КТС, Бяльк.), ветлівасць ’уласцівасць ветлівага чалавека’ (БРС, Гарэц., Яруш., КТС), укр. вітли́вий, паўд.-рус. ве́тливий ’прыветлівы, ласкавы; развязны, гаваркі’. У іншых слав. мовах не адзначаецца. Усходнеславянскае ўтварэнне ад ветлы (< větъ‑lъ) і суф. ‑ivъ, хаця ўжо ў ст.-слав. мове гэты суфікс успрымаецца, як ‑livъ (Сялішчаў, Старосл. яз., 2, 81).

Ве́тліца ’вярбовыя прысады каля дарогі’ (слуц., Яшк.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад ветл‑а і суф. ‑іц‑а. Польск. wietlica ’папараць-мнаганожка, Athyrium, Polypodiaceae’, відаць, не звязана з бел., а ўтворана самастойна. Гл. ве́тла.

Ве́тлы ’ветлівы, прыветлівы, ласкавы’ (БРС, КТС, Касп.), (у)вѣтлый (Нік., Оч., 1), ве́тла (Гарэц., Яруш., БРС, КТС, Касп.), ветласць ’уласцівасць ветлівага чалавека, прыветлівасць’ (Гарэц., КТС, БРС), вѣтлыс(т)ь (Нік., Оч., 1). Рус. пск., смал., калін., калуж., прэйл. ве́тлый ’прыветлівы, ласкавы, мілы; гаваркі’, смал. ’вясёлы’. Паўночна-ўсходнеславянскае ўтварэнне ад větъ і ‑lъ. У сучасных слав. мовах větъ не захавалася, ёсць шматлікія дэрываты: рус. ответ, привет, обет, совет, вече, завещать, чэш. závěť, dovětek, oběť, славен. obečati, серб.-харв. ве́ћати, ст.-слав. вѣтъ, ст.-рус. вѣтъ ’нарада, рада, дагавор’; ’павучанне, саромленне’, якое збліжаецца этымолагамі (Фасмер, 1, 305; Махэк, 687) са ст.-прус. waitiāmai ’гаворым’, waitiāt ’гаворыць’, літ. vaitenù ’мяркую’, vaiténti ’кіраваць, вызначаць, меркаваць’, авест. vaēϑ‑ ’вызначыць суровым следствам’, vaēϑa ’судовае заключэнне’. Адносна сувязі слова větiti і vějati ’дзьмуць’ гл. Тапароў, КСИС, 25, 1958, 86–87, які далучае да іх і слав. větii (< *vēt‑i) ’аратар’. Вайян (RÉS, 24, 1947, 152–155), паводле ст.-слав. отъвѣ (замест отъвѣшта), дапускае корань vě‑ (а не vět‑), які маецца ў дзеяслове вѣꙗти (семантыка яго развівалася наступным чынам: ’веяць’, г. зн. ’аддзяляць’ → ’вырашаць’ → ’судзіць’). У сувязі з і.-е. *vet‑: *ve‑ параўн. таксама тахар. A, тахар. B wätk ’раздзяляць, вырашаць, загадваць’ і we‑ ’гаварыць’; падобнае развіццё значэння назіраецца ў лац. cernere ’аддзяляць’; ’вырашаць’, грэч. κρίνειν ’тс’.

Ветна (прысл.) ’ветліва’ (КТС), рус. бранск. ветный ’ветлівы’. Паходзіць ад вѣтъ (па аналогіі ад іншых прыметнікаў з вельмі прадуктыўным суфіксам ‑н‑ы). Гл. ве́тлы.

Ветны ’бывалы чалавек, які шмат чаго ведае’ (Крывіч, 12, 1926, 108), рус. бранск. ветный ’прыветлівы, ласкавы, гаваркі, вясёлы’, вяц. ветляной ’ходкі, хвацкі, зухаваты, бывалы’. Да ве́тлы.

Ветрабой (паэт.) ’сухое галлё, ламачча, збітае з дрэў ветрам’; ’вецер, які збівае галлё з дрэў’ (КТС). Укр. вітробі́й, рус. ветробо́й ’буралом (дрэвы); апады (плады)’, паўн.-рус. ’палеглая ад ветру збажына’, амур. ’месца, на якім адміраюць цеплалюбівыя расліны пад уплывам моцных, халодных паўночна-заходніх вятроў’. Да ве́цер і бой (гл.) < біць ’праяўляцца з вялізнай сілай, бушаваць, лютаваць (пра вецер, мароз)’; параўн. рус. бить ’тс’, укр. бити ’веяць, несці (аб ветры, мяцеліцы’, бел. драг. побэ́тэ (пра мароз) ’абмарозіць расліны, квітнеючы сад такім чынам, што лісце, кветкі і плады ападаюць’.

Ветравал ’сапсаваныя дрэвы’ (Інстр. III), ’дрэвы, паваленыя ветрам’ (КТС). Запазычана з рус. мовы; параўн. ветравал ’павалены ветрам лес’. Серб.-харв. ветроваљ(а) ’сінегаловік, Eryngium campestre’, балг. ветровал ’тс’ утварыліся аналагічна (з асноў вецер‑ і вал‑іць), але незалежна ад паўголае.

Ветравей (паэт.) ’вецер’ (КТС, Якуб Колас, БРС) — новаўтварэнне ад ве́цер (гл.) і вей < веяць. Сюды ж прым. ветравейна (КТС, Я. Пушча). Параўн. таксама ўкр. вітрові́й ’тс’.