Ве́тлы ’ветлівы, прыветлівы, ласкавы’ (БРС, КТС, Касп.), (у)вѣтлый (Нік., Оч., 1), ве́тла (Гарэц., Яруш., БРС, КТС, Касп.), ветласць ’уласцівасць ветлівага чалавека, прыветлівасць’ (Гарэц., КТС, БРС), вѣтлыс(т)ь (Нік., Оч., 1). Рус. пск., смал., калін., калуж., прэйл. ве́тлый ’прыветлівы, ласкавы, мілы; гаваркі’, смал. ’вясёлы’. Паўночна-ўсходнеславянскае ўтварэнне ад větъ і ‑lъ. У сучасных слав. мовах větъ не захавалася, ёсць шматлікія дэрываты: рус. ответ, привет, обет, совет, вече, завещать, чэш. závěť, dovětek, oběť, славен. obečati, серб.-харв. ве́ћати, ст.-слав. вѣтъ, ст.-рус. вѣтъ ’нарада, рада, дагавор’; ’павучанне, саромленне’, якое збліжаецца этымолагамі (Фасмер, 1, 305; Махэк, 687) са ст.-прус. waitiāmai ’гаворым’, waitiāt ’гаворыць’, літ. vaitenù ’мяркую’, vaiténti ’кіраваць, вызначаць, меркаваць’, авест. vaēϑ‑ ’вызначыць суровым следствам’, vaēϑa ’судовае заключэнне’. Адносна сувязі слова větiti і vějati ’дзьмуць’ гл. Тапароў, КСИС, 25, 1958, 86–87, які далучае да іх і слав. větii (< *vēt‑i) ’аратар’. Вайян (RÉS, 24, 1947, 152–155), паводле ст.-слав. отъвѣ (замест отъвѣшта), дапускае корань vě‑ (а не vět‑), які маецца ў дзеяслове вѣꙗти (семантыка яго развівалася наступным чынам: ’веяць’, г. зн. ’аддзяляць’ → ’вырашаць’ → ’судзіць’). У сувязі з і.-е. *vet‑: *ve‑ параўн. таксама тахар. A, тахар. B wätk ’раздзяляць, вырашаць, загадваць’ і we‑ ’гаварыць’; падобнае развіццё значэння назіраецца ў лац. cernere ’аддзяляць’; ’вырашаць’, грэч. κρίνειν ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)