Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Слюз1, слюс, слюш ‘слізь’, ‘плесня’ (беласт., віл., воран., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), слюз ‘слізь’ (ТС; рас., Шатал.), ‘слізкае гнойнае рэчыва на сапсутым мясе ці сапрэлым целе’ (Варл.), ‘слімак’ (лельч., Нар. лекс.), слюж ‘смоўж, слімак’ (Жыв. св.), сюды ж слю́зкі ‘слізкі’ (ТС), слю́знуць ‘прэць, гніць’ (Варл.), слю́за ‘слізь’ (бяроз., Сл. ПЗБ), слюзь, слюсь ‘тс’ (в.-дзв., шчуч., ашм., Сл. ПЗБ). Укр. слюз ‘слізь’, рус. слюз ‘тонкая скурка, скурачка’, слуз ‘тс’, ст.-рус. слузъ ‘слізь; макрота’, польск. śluz ‘слізь , серб.-харв. slȗz, slȗza ‘слізь; макрота’, славен. slȗz ‘слізь’, балг., макед. слуз ‘тс’, ст.-слав. слоузъ ‘страўнікавы сок’. Прасл. *sluzъ параўноўваюць з літ. šliū̃žes ‘санны след’, šliužaĩ ‘канькі’, šliauũti ‘паўзці, слізгацца’, швейц.-ням. slûche ‘цягнуцца’, гал. sluiken ‘падкрадвацца’, што да і.-е. *sel‑, якое, на думку Глухака (565), узыходзіць да гукапераймання (імітатыву). Паводле Борыся (Czak. stud., 43), зыходным для назоўнікаў з розным вакалізмам з’яўляецца дзеяслоў *sliziti ‘выдзяляць з сябе, сачыць вільгаць, вільготную клейкую субстанцыю’, гл. слізь, сляз, слізіць. Гл. таксама SEK, 4, 312; Глухак, 564; ЕСУМ, 5, 312. Гл. склізкі, слізкі.

Слюз2 ‘шлюз’ (ТС), ст.-бел. слюза ‘тс’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. шлюз.

Слюма́чыць ‘слініць’ (Касп.). З слюнячыць < слюна (гл.) з асіміляцыяй зычных л — м, або непасрэдна да слімаць (гл.).

Слю́на ‘сліна’ (ЛА, 3), слю́ня ‘тс’ (Бяльк.), слю́нькі ‘слінкі; плач, слёзы’, слю́нька ‘ёрш’ (Ян., Мат. Гом.), слюніць ‘ціха плакаць’ (Шымк. Собр.). Укр. дыял. слю́на, слюна́ ‘тс’, рус. слюна́, балг. слю́на. Няясна. Меркавалі, што з *slina (гл. сліна) пад уплывам *plʼujǫ ‘плюю’ (Брандт, РФВ, 23, 298 і наст., Махэк₂, 555, са знакам пытання). Міклашыч (307) і Бернекер (IF, 10, 163) выводзілі з *splʼuna, супраць Праабражэнскі (2, 332); ЕСУМ (5, 313) узнаўляе прасл. *slʼuna < *sleu‑na, звязанае чаргаваннем галосных з *slina < *slei‑na. Сюды ж слюні́ць ‘слініць’ (Нас.).

Слюпата́ ‘вялікая слота’ (люб., Нар. словатв.). Кантамінацыя слота (гл.) і хлюпаць (гл.); параўн. таксама хлю́па ‘слота, непагадзь’ (Бяльк.).

Слю́та ‘мокрае, дрэннае надвор’е’ (Нас.; гом., Нар. сл.; люб., паст., Сл. ПЗБ; Нар. словатв.), слюта́ ‘тс’ (ТС, Мат. Гом.). Няяснае слова. Хутчэй за ўсё, з слота (гл.) пад уплывам слоў з слю‑ у корані (гл. слюз). Укр. дыял. (палес.) слюта́ ‘навязлівы чалавек; дрэннае надвор’е’ лічаць беларусізмам і вынікам кантамінацыі сло́та, слата́ ‘тс’ і плю́та ‘дажджлівае надвор’е’ (ЕСУМ, 5, 313). Параўн. рус. усх.-сіб. слю́тие, слю́тье ‘вільготнае, урадлівае лета’, што, хутчэй, можна суаднесці з лета, слецце (гл.).

Слю́шкі (сьлюшкі) ‘дзіцячая гульня, крэглі’ (Бяльк.). Няясна.

Сляба́нак ‘драўляная канапа’ (Сл. рэг. лекс.). З польск. szlaban, якое з ням. Schlafbank ‘скрыня для спання (калі века знімаецца)’; гл. Брукнер, 550.

Слявя́да ‘дакучлівы чалавек’ (Сцяшк.; карэліц., З нар. сл.), ‘хто слабасільны’ (баран., Сл. ПЗБ), ‘пра чалавека, які нудна і доўга гаворыць’ (стаўб., Жыв. сл.), слявя́дзіць ‘доўга і нудна гаварыць’ (там жа), слябядзі́ць ‘сачыць’ (Сл. рэг. лекс.). Да лебядзіць (гл.). Збліжэнне з літ. šlavė́dra, šlevė́dra ‘распутны чалавек, бадзяга, прайдзісвет’ (гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 132) сумніўнае.

Слядзёнік ‘халоднакроўны’ (Нас.). Запазычанне з польск. śledzienik, śledzionik ‘іпахондрык’. Апошняе ад śledziona ‘селязёнка’; параўн. рус. сплин ‘іпахондрыя’ < англ. spleen ‘сплін’ < spleen ‘селязёнка’.

Сляз ‘мальва’, сля́са, слясь, слязю́к, шляз ‘тс’ (Кіс., Ласт.), сля́зік ‘гарлянка?’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. дыял. сляз ‘тс’, слюз, сліз ‘мальва, алтэя’, рус. дыял. слизник ‘алтэя’, польск. ślaz, чэш. sléz, sliz, славац. slez, в.-луж. šlěz, н.-луж. slěz, славен. sléz ‘алтэя’, серб.-харв. сле̏з, сље̏з, балг. дыял. сляс ‘расліна, лістамі якой кормяць курэй’, макед. слез ‘мальва’. Прасл. *slězъ, *slizъ ‘мальва, алтэя’ звязаны з *slizь (гл. слізкі) і *sluzъ (гл. слюз), паколькі расліны змяшчаюць слізістую субстанцыю (Махэк₂, 554; Брукнер, 530). Запазычанне некаторым усходнеславянскіх форм слова (сляз, укр. сляз) з польскай мовы (ЕСУМ, 5, 299, 313) грунтуецца на фанетычных крытэрыях (‑я‑ на месцы ‑ě‑). Паводле Борыся (Etymologie, 624), праславянская форма слова ўяўляе дэвербатыў ад *sliziti ‘сачыцца’ (гл. слізіць).