Склі́зкі ‘слізкі’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., Юрч., Ян., Сцяшк.), склі́знуць, склізо́та, склізь ‘слізь’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.). Укр. скли́знути ‘выслізнуць, уцячы’, рус. скли́зкий, скли́знуть, славен. sklizək, серб.-харв. скли̏зак, кли̏зак ‘склізкі’, кли́зити ‘слізгаць(ца)’, ц.-слав. сколъзати, сколъзнѫти. Фасмер (3, 642) лічыць, што тут скрыжавалася некалькі асноў, параўн. яшчэ чэш. klouzati ‘слізгаць’, kluzký ‘склізкі’, славац. klzký ‘тс’, klzať se ‘слізгаць, спаўзаць’ (гл. пад коўзаць). Гл. яшчэ слізкі. Рэканструкцыю прасл. *skъlьzъkъ або *skъlъzъkъ Фасмер (там жа) лічыць няпэўнай. Глухак (554) рэканструюе *sklizъkъ, якому адпавядаюць склізкі, рус. скли́зкий, славен. sklizek, што узыходзіць да і.-е. *(s)lei‑ (гл. сліна); і *slizъkъ, якому адпавядаюць слі́зкі, рус. слі́зкий, польск. ślizki, чэш. slizký, славен. slízek, што узыходзіць да *slizь (гл. слізкі). Астроўскі (ABSl, 29, 155) склізкі лічыць вынікам кантамінацыі ско́ўзкі (гл. коўзацца) і польск. ślizki ‘коўзкі; слізкі’, што цяжка давесці, перш за ўсё, па лінгвагеаграфічных прычынах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)