Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Малібоны ’непатрэбныя натацыі’ (карэліц., Жыв. сл.). Скажоная форма мале́бен (гл.) пры ад’ідэацыі мальбоніць. Суфікс аформіўся пад уплывам забабоны, праклёны. Гл. таксама мальбоны.

Малідава́цца1 ’адзначацца’ (смарг., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 24), з ням. sich melden ’прадстаўляцца’, melden ’паведамляць, дакладваць’. Відаць, хутчэй з польск. meldować się ’адзначацца’.

Малідавацца2 ’мучыцца, перажываць цяжкасці’ (лід., Сцяшк. Сл.). Няясна. Відавочна, узыходзіць да ням. разм. malade ’хворы’, якое з франц. malade ’тс’, maladie ’хвароба’, ’страсць, манія’, maladif ’хворы, нягеглы’.

Малі́за, малі́са ’меліса аптэчная, Melissa officinalis L.’ (гродз., Кіс.; міёр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), ’пахучая трава, якой націраюць вулей у сярэдзіне і зверху’ (воран., З нар. сл., Сл. ПЗБ). З польск. malesa, malisa ’кацямятка каціная, Nepeta cataria’, якая з лац. melissa, запазычанага са ст.-грэч. μέλισσα ’пчала’.

Ма́лік1 ’след зайца’ (Інстр. II). Да малы́ (гл.): заяц малымі крокамі ідзе на жыроўку, а адтуль на новае лежбішча. Параўн. рус. паўн.-усх. малик ’лыжня на снезе’ — ’малы след’ у адрозненне ад вялікага — са́нный след (Фасмер, 2, 563).

Ма́лік2 ’малады заяц’ (гом., Мат. Гом.). Да малы́ (гл.): малады заяц (да 1 года ўзростам), значна меншы за старога. Аналагічна ўтвораны чэш. malík ’мезенец’, ст.-польск. malik (XV ст.), ст.-славян. mȁlič ’гном, нячысцік’, ’д’ябал’, malík ’рэха’. Не выключана сувязь зайца з міфалогіяй ці старажытнымі вераваннямі (параўн. Брукнер, 319).

Малі́к ’патыліца’ (Нас., Растарг.), паўд.-усх. ма́лік (КЭС), чачэр. ’карак у свінні’ (Мат. Гом., Жыв. сл.). З укр. мали́к ’тс’, ’гарбун’, якое з гамали́к ’карак’ < тур. hamallık ’прафесія насільшчыка’ < hamal ’насільшчык’ > араб. ḥammāl ’тс’ (ЕСУМ, 1, 464). Сюды ж і польск. malik ’хвароба коней і валоў: падскурныя гузы на шыі і лбе’, koń malikowaty ’конь з праваленым, увагнутым хрыбетным’; ’нешчаслівы, фатальны’ (Варш. сл., 2, 858).

Малімонік, малімонічак, малімончык, маліму͡он ’пястун, распешчаны’, ’ахвочы да ласункаў, прысмакаў, ’пераборлівы ў ядзе’, ’чалавек, які карыстаецца прывілеямі і злоўжывае імі’ (Нас., Федар. 2; драг., З нар. сл., Нар. лекс.; КЭС, лаг.; Пан. дыс.), малімонка ’жанчына, разборлівая ў ежы’, ’фанабэрыстая жанчына’, ’пястуха’ (Нас.; віл., Нар. сл.), малімонтка ’какетка’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ); малімонікі ’ласункі, пяшчота, абяцанкі’ (Нас.), малімоніць ’песціць, як дзіцё’, малімоніцца ’ўдаваць сябе за малога’ (КЭС, лаг.), ’песціцца, як малыя дзеці, цырымоніцца’ (Нас.), малімон, марымон ’пірог з гатунковай пшанічнай мукі’, марымоны ’смачныя рэчы’ (ТС). Польск. malimończyk, marymontczyk ’вучань колішняй сельскагаспадарчай і лясной школы ў мястэчку Marymont, (якое нібыта з франц. Mariemont ’гара Марыі’) каля Варшавы, дзе быў і ўзорны млын, які малоў муку высокага гатунку’. Адсюль пазней значэнне ’печыва — далікатэс з марымонцкай мукі’ > ’ласунак’ > ’той, хто есць ласункі, далікатэсы’ > ’паніч, беларучка, пястун’ (Варш. сл., 2, 890; Карскі, 1, 148; 2–3, 101; Марозаў, Пыт. мовазн. і метад., 161).

Малі́на, малі́ны, малы́на, малэ́нэ ’маліна звычайная, Rubus idaeus L.’, ’маліннік’ (ТСБМ, Кіс., Бес., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ; драг., КЭС, міёр., Жыв. сл.), малі́ніца, малі́нушка ’маліна’ (Нар. Гом.; Кліх). Укр. мали́на, рус. мали́на, малины, польск. malina, malinia, палаб. moleina, н.-луж., чэш., славац. malina, в.-луж. malena, славен. malína, серб.-харв. ма̀лина, макед., балг. малина. Прасл. malina, першасным значэннем якога, паводле Скока (2, 363), было ’чарніцы’, параўн. роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. mė́lynas ’блакітны’, mė́lyna ’пляма’, лат. mel̃ns ’чорны’, ст.-прус. mīlinan ’пляму’ (В. скл.), літ. mel̃svas ’сіняваты’, ст.-грэч. μέλας ’чорны, цёмны’, ст.-в.-ням. ana‑mâli ’пляма, шрам, рубец’, с.-в.-ням. mâl ’пляма’, брэтон. melen ’жаўтаваты’, лац. mulleus ’чырванаваты’, ст.-грэч. μολύνω ’пэцкаю’, ст.-інд. malina‑ ’запэцканы’ — усе да і.-е. *mel(ə)‑ ’цёмны, брудны, запэцканы’ (Міклашыч, 181; Бернекер, 2, 12, Брукнер, 319; Фасмер, 2, 563; Скок, 2, 363; Бязлай, 2, 164; БЕР, 3, 627). Махэк₂ (349) адносіць гэту лексему да «праеўрапейскай» асновы *mōr‑/m̄ol. Мартынаў (Тезисы: Ареальные иссл.… Л., 1975, 24) выводзіць яе з прасл. m̄alъ ’малы’ — ягада складаецца з малых частак. Сюды ж малі́ннік, ігн. маліня́к ’зараснік маліны’, ’яе галінкі’ (ТСБМ, ТС; любан., Нар. словатв.; міёр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), малі́навік, малі́ннік ’пітво, настоенае на маліне’ (Нас.); малінавы(й) ’цёмна-чырвоны’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС).

Малі́наўка1 ’заранка, Erithacus rubecula L.’ (ТСБМ, БелСЭ, Мат. Гом.), рус. малиновка ’тс’. Да малі́на, малі́навы (гл.). Названа паводле чырвонага колеру брушка птушкі. Гэта значэнне і ў лац. rubecula.

Малі́наўка2 ’летняя яблыня з буйнымі ружовымі кісла-салодкімі яблыкамі’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’гатунак бульбы’ (гом., Мат. Гом.) названа паводле чырвонага колеру. Да малі́на (гл.). Аналагічна малі́наўка, маліноўка ’малінавая хустка’ (староб., ДАБМ, к. 332; Касп., Сцяшк. Сл., Мат. Гом.).

Малінэс ’маянэз’ (чачэр., Мат. Гом.). Скажоная форма з менай й > лʼ.

Малі́са, мяліса ’кацямятка каціная, Nepeta cataria L.’ (брэсц. Кіс., Сцяшк., Бяльк.), малі́ца ’тс’ (віц. Кіс., Бел. зельн.). Польск. malisa, malesa, melisa ’тс’, якое з с.-лац. melissa ’меліса’ < ст.-грэч. μελισσόφυλλον.

Малістава́ць ’вельмі старанна, моцна прасіць’ (Шат.), укр. гуц. молиститися ’прасіцца’. Паланізм. Параўн. польск. molestować ’набрыдаць сваімі просьбамі, надакучваць’, якое з лац. molestāre ’абцяжарваць, турбаваць, непакоіць, набрыдаць’.