Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Казачо́к1 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка для гэтага танца’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; віц., КЭС; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат.). Калі слова — не беларускі наватвор ад казак у гэтым жа значэнні, то, паводле лінгвагеаграфічных даных, можна меркаваць аб уплыве рус. гаворак, аднак аб геаграфіі рус. слова нельга сказаць нічога пэўнага. Даль (2, 177) адзначае: «казачок… известный вид пляски, перенятой у казаков». Аб этымалогіі гл. казак2.

Казачо́к2 ’васьмушка, 1/8 куб. сажня дроў, прыблізна адзін воз’ (Бяльк., Шат.), ’мера каля 2 вазоў’ (Жд. 2) ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Можна меркаваць аб сувязі з каза1 (утваральнай аснове каз‑), параўн. бел. гом. казёл ’мера дроў, 2,5 м³, рус. арханг. козлец ’маленькі воз сена’. Аб тэрміналагічных утварэннях ад такой асновы гл. казак, казакі. Што датычыцца матывацыі ўтварэння, ёсць тэрміны-дэрываты ад каза, казёл, якія абазначаюць спецыяльную (напрыклад, для аховы ад дажджу) укладку снапоў у полі, рус. складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфа на другі сценкай’ (м.-арханг., арл.) і ’складваць цагліны, укладваючы адны плазам, а другія стаўма так, каб паміж імі заставаліся прамежкі для доступу паветра’ (маск.). Матывацыя такая ж, што і тэрмінаў, якія абазначаюць перакладзіны, Т‑падобныя прыстасаванні і сувязь з лексемамі каза, казёл відавочныя. Можна дапусціць, што спецыяльная (для прасушкі) укладка дроў у лесе была аднаго канкрэтнага памеру, што пры ўмове наймення такой укладкі дэрыватам ад каза1 магло прывесці да ўтварэння назвы меры. Зразумелым становіцца і дробнае (ад сажня) значэнне меры. Рус. арханг. козлец ’маленькі воз сена’ можна разумець як аргумент на карысць гэтай жа этымалогіі (< козлец ’укладка снапоў’). Падобны тэрмін мог паходзіць непасрэдна ад козлец (< козел) дзякуючы сваім зааморфным прыкметам (форма палазоў і інш.). Паколькі такога роду ўтварэнні (гл. тэрміны ад каза1 ў бел.) вядомыя, параўн. рус. дыял. казак ’рагуліна, ручка ў сахі, якой араты трымае саху’, можна меркаваць і аб спецыфічнай назве воза, як спецыяльнага, каб вазіць дровы, так і маленькага (які мог атрымаць такое найменне не толькі па яўна зааморфных адзнаках, але і ў кантэксце параўнання з вялікім возам), у тым ліку і ручных санак (саматужак). Што датычыцца апошняй рэаліі, то магчымая сувязь назвы каза, якая адзначана для маленькіх санак, з каза1 магла быць вельмі ўскоснай. Бел. казачок ’мера каля двух вазоў’ можна разглядаць як развіццё значэння слова паводле другой версіі або як аргумент на карысць першай: тады казачок ’укладка дроў, якая размяшчаецца на адным (двух) возе’. Статус бел. слова не зусім ясны — рус. паралелі дазваляюць меркаваць, што намінацыі такога тыпу былі вядомы больш шырока на ўсх.-слав. тэрыторыі. Магчыма, гэта выклікана спецыяльным характарам слова і наступнай яго экспансіяй, аднак аб цэнтры (у сэнсе зыходнага пункта) інавацыі меркаваць як у гэтым, так і ў іншых выпадках такога тыпу вельмі цяжка.

Казачы́на ’святочная світка’ (Гарэц., рэч., Маш.; Мат. Гом., Федар.), ’кажух’ (Мат. Гом.). Нельга аддзяліць ад укр. усх.-палес. козачіна, козачына, якое можа ўзыходзіць або да формы козакін (казакін) з ад’ідэацыяй да козак, што тлумачыць фанетыку і адаптацыю залежнага суфікса да слав. формы, або з вядомай некалькім мовам формы козак, казак ’адзенне’ з афармленнем па тыпу кажушына. На такую версію ўказвае ўкр. усх.-палес. козачка ў тым жа значэнні, бел. усх.-палес. казачок — памянш. да казак ’адзенне’, зах.-бран. казачка. Аб этымалогіі гл. казак, казакін.

Казая́тка ’куртка’ (Грыг.; брасл., Нар. словатв.). Запазычанне з польск., параўн. польск. уст. (у Тротца, Ліндэ) kazyatka ’кафтан, куртка’ і засведчаныя ў XV–VII стст. такія формы, як kazyaka, kozyjaka, kazyjaczka і інш. Аб часе запазычання нельга сказаць нічога пэўнага: ст.-бел. мова ведала форму казыяка ’жаночы кафтан’ з XVI ст. Слаўскі (3, 27) адзначае, што ў польск. мове гэта заходняе запазычанне і прыводзіць швед. дыял.kasjakka, дац. kasjak ’верхняе адзенне, кафтан’, а ў якасці крыніцы запазычання мяркуецца, відаць, франц. casaque ’кафтан, апанча, плашч’, гл. падрабязней казак4.

Казе́ка ’мошка; вош’ (Нас.). Утворана ад асновы каз‑ (гл. каза1), словаўтварэнне няяснае: суфікс ек‑а (звычайна рэдка сустракаецца) або трансфармацыя іншых вытворных ад гэтай жа асновы. Матывацыя: наяўнасць зааморфных прыкмет (рожкі, вусікі; паводзіны насякомых); калькаванне або субстытуцыя іншых тэрмінаў ад заонімаў. Слова выглядае як бел. інавацыя: смал. казека ’вош’ нельга аддзяліць ад бел. слова, а ўкр. козяка, якое СРНГ (14, 58) параўноўвае з смал. і бел. словамі, сюды наогул не адносіцца.

Казе́лак, казялок ’расліна казлабарод лугавы, Tragopogon pratensis’ (Кіс.). Укр. козелок ’тс’, рус. козелок ’казёл’ і ’расліна Sonchus oleraceus’, што ж датычыцца значэння ’Tragopogon’, зафіксавана форма козёлик (маск.) і інш. Сувязь з *казялок < казёл бясспрэчная, аднак цяжка высветліць, ці тут канкрэтна рэгіянальнае ўтварэнне на базе яўнай зааморфнай прыкметы расліны (аб гэтым сведчаць іншыя назвы), ці трансфармацыя батанічнага тэрміна, які поўнасцю (казлабарод, укр. козлова борода і інш.) або часткова калькуе лац. назву? У лац. тэрміне адна частка да грэч. πώγων ’барада’, другая да грэч. τράγος ’казёл’, якія калькуюцца і ў іншых мовах, параўн. ням. Weisen‑Bocksbart ’тс’. Рускі акадэмічны слоўнік 1911 г. адзначаў, што козья борода, бородка ’Tragopogon pratensis’ — народныя назвы расліны, аднак гэта нельга разглядаць як сур’ёзны аргумент на карысць першай думкі. Зааморфная прыкмета ў гэтай расліны не вельмі яркая і ўжо сам факт калькавання лац. назвы сведчыць пра магчымы ўплыў батанічнага тэрміна на народныя, дарэчы, даволі рэдкія назвы.

Казе́лец1 ’расліна Ranunculus acer і пад.’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Касп., Мядзв.), ’ветраніца’, ’расліна, якая мае ядавітыя ўласцівасці’ (стаўбц., Прышч. дыс.). Укр. козелець ’Ranunculus acer’, рус. козелец ’ровныя віды Ranunculus’. Звяртае на сябе ўвагу, што асноўныя фіксацыі слова з такім значэннем выяўлены на смал. і валаг. тэрыторыі, а спарадычныя фіксацыі такой назвы для некалькіх іншых, больш далёкіх раслін адзначаны і на іншай рускай тэрыторыі. Меркаваць аб украінскай тэрыторыі цяжка. У польск. мове kozielec адзначана ў XVI ст. для расліны Anemone ranunculoides, тое ж і рус. козелец, што можа азначаць другасны перанос (расліны, падобныя кветкамі і інш.). Чэш. дыял. kozelee, абазначае іншую расліну і матывацыя там (па паху карэнішча) іншая. Словаўтварэнне цяжка вытлумачыць, зыходзячы з бел. асноўнай формы з націскам на другім складзе, магчыма, гэта форма позняя. Слаўскі (3, 33) адзначаў, што польск. формы koziełek (ст.-польск., адзначаная прыблізна каля 1500 г.) — вынік кантамінацыі kozłek і kozielk; ст.-польск. koziełek суадносіцца са ст.-польск. koźlec ’казёл’; параўнаць зах.-слав. і ўсх.-слав. формы цяжка.

*Казе́лец2, козелец ’расліна сівец, Nardus stricta’ (лсльч., Нар. лекс.). Такія назвы, як бел. пясюк. чортава барада, укр. мичка, псяга, свинюх, щетячка, шерстянка, адназначна характарызуюць гэту цяжкую для касьбы траву. Да семантыкі параўн. яшчэ бел. казаваты ’пра цвёрдае валакно лёну ці пянькі’ (КЭС, лаг.), балг. козина ’поўсць казы, ваўка або іншай жывёлы’.

Казе́лец3 ’прырэчнае і наогул нізкае лугавое месца, дзе расце казелец Ranunculus Flammula’ (слаўг., Яшк.). Відавочна, да казелеці, аб падобным тыпе ўтварэння параўн. мохпрыбалоцце, балота’ падрабязней гл. Талстой, Геагр., 164–165.

Казе́лец4 ’хвароба ног, накшталт падагры’ (талач., Мядзв.). Рэгіянальнае ўтварэнне, назва суадносіцца з асновай казёл‑ і далей да каза (гл.), аб словаўтварэнні параўн. казелеці. Што датычыць семантыкі, то неабходна звярнуць увагу на больш шырока вядомае казінец ’хвароба ног у коней, пры якой нага згінаецца і становіцца падобнай на казіную’, якое адрозніваецца ад разглядасмага слова і больш празрыстай структурай і відавочнай семантыкай.

Казе́ліць, у выразе казеліць вочы ’скасавурыўшыся, пільна ўглядацца ў каго-н., што-н.’ (БРС, ТСБМ, Касп.; полац., Нар. лекс.), казерыць вочы ’тс’ (КЭС., лаг.; Шат.). Дакладныя адпаведнікі ў іншых мовах нам невядомыя; што ж датычыцца наогул утварэння дзеясловаў такога тыпу, можна прывесці польск. koźlić (czoło) ’хмурыць і да т. п.’, рус. дыял. козиться ’злавацца; паводзіць сябе высакамерна; пазбягаць людзей і інш.’, козлиться ’ўпірацца, упарціцца’, літ. ožiúotis ’тс’. Метафара ў разглядаемым выпадку відавочная; што ж датычыцца словаўтварэння, то для формы казеліць можна думаць пра аснову казёл‑, адносна казерыць — меркаваць або аб наяўнасці экспрэсіўнага дэрывата з ‑р‑ суфіксацыяй ад каза, або аб уплыве такой суфіксацыі на асноўную форму.

Казе́лкі ’кружкі ў «чапёлках» красён, па якіх праходзіць вяровачка і рухае ніты’ (Інстр. II). Калі дэфініцыя правільная, можна меркаваць аб субстытуцыі назвы кабылка, якая абазначае гэтыя і іншыя дэталі красён. Незалежная дэрывацыя ад казёл, казёлак менш верагодная па семантычных прычынах. Можна, аднак, дапусціць, што тут адлюстраваны выпадак адвольнага выбару тэрміна для дэталі, якая ў ліку іншых традыцыйна называецца рознымі дэрыватамі ад заонімаў і жорсткая прывязка тэрміна неабавязковая. Звяртае на сябе ўвагу другая назва рэаліі — качолкі, якая магла зрабіць уплыў на структуру разглядасмага слова.

Казе́лькі ’казюлькі’ (Касп.). Ад асновы казёл‑, назва паводле зааморфных прыкмет казла або паводзін насякомага, тое ж у многіх іншых дэрыватах ад каза, казёл, параўн. наступнае слова.

Казе́льчык ’конік’ (ашм., смарг., Шатал.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад асновы казёл- ’маленькі казёл’, што або паводле паводзін насякомага, якое скача, або семантычная калька ці субстытуцыя такіх назваў, як конік, кабылка і пад. Звяртае на сябе ўвагу заходні рэгіён фіксацыі лексемы, аднак структурныя адпаведнікі ёсць і ў рус. гаворках. З суседніх можна прывесці смал. козельчик ’казляня’, росл., смал. ’узоры, якія маюць выгляд рагулек’, бран. ’дэталь калаўрота’, смал. ’кветка’, ’грыб масляк’; гэтыя прыклады сведчаць, што бел. казельчык магло быць пераносам з *казельчык ’казляня’.