Казе́лкі ’кружкі ў «чапёлках» красён, па якіх праходзіць вяровачка і рухае ніты’ (Інстр. II). Калі дэфініцыя правільная, можна меркаваць аб субстытуцыі назвы кабылка, якая абазначае гэтыя і іншыя дэталі красён. Незалежная дэрывацыя ад казёл, казёлак менш верагодная па семантычных прычынах. Можна, аднак, дапусціць, што тут адлюстраваны выпадак адвольнага выбару тэрміна для дэталі, якая ў ліку іншых традыцыйна называецца рознымі дэрыватамі ад заонімаў і жорсткая прывязка тэрміна неабавязковая. Звяртае на сябе ўвагу другая назва рэаліі — качолкі, якая магла зрабіць уплыў на структуру разглядасмага слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)