Казе́лак, казялок ’расліна казлабарод лугавы, Tragopogon pratensis’ (Кіс.). Укр. козелок ’тс’, рус. козелок ’казёл’ і ’расліна Sonchus oleraceus’, што ж датычыцца значэння ’Tragopogon’, зафіксавана форма козёлик (маск.) і інш. Сувязь з *казялок < казёл бясспрэчная, аднак цяжка высветліць, ці тут канкрэтна рэгіянальнае ўтварэнне на базе яўнай зааморфнай прыкметы расліны (аб гэтым сведчаць іншыя назвы), ці трансфармацыя батанічнага тэрміна, які поўнасцю (казлабарод, укр. козлова борода і інш.) або часткова калькуе лац. назву? У лац. тэрміне адна частка да грэч. πώγων ’барада’, другая да грэч. τράγος ’казёл’, якія калькуюцца і ў іншых мовах, параўн. ням. Weisen‑Bocksbart ’тс’. Рускі акадэмічны слоўнік 1911 г. адзначаў, што козья борода, бородка ’Tragopogon pratensis’ — народныя назвы расліны, аднак гэта нельга разглядаць як сур’ёзны аргумент на карысць першай думкі. Зааморфная прыкмета ў гэтай расліны не вельмі яркая і ўжо сам факт калькавання лац. назвы сведчыць пра магчымы ўплыў батанічнага тэрміна на народныя, дарэчы, даволі рэдкія назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)