Казлабаро́д ’расліна Tragopogon’, звычайна T. pratensis (ТСБМ). Калька рус. козлобородник ’тс’, якое з лац. Tragopogon < грэч. τράγος πώγων ’казліная барада’. Аналагічныя калькі і ў іншых мовах: польск. kozia broda, чэш. kozibrada, серб.-харв. ко̏зја бра́да, ёсць і ў іншых слав. мовах; ням. Wiesen‑Bocksbart, літ. ožkabar̃zdis і інш. Дзіўна, што добра вядомая расліна са шматлікімі ў розных мовах народнымі назвамі тым не менш называецца калькаваным тэрмінам. Махэк (Jména rostl., 235) звяртае на звычайнасць kozi ў назвах раслін і, што гэта магчыма, сведчыць аб незалежным ад навуковага паходжанні слав. тэрмінаў. Меркаваць аб гэтым цяжка; не выключана нават, што некаторыя з слав. лексем (казялок і пад.) для Tragopogon утвораны пад уплывам калькі. Магчыма таксама, што падобныя назвы існавалі спрадвеку, а навуковая толькі «сканцэнтравала» фонд дэрыватаў ад kaza і kozьlь. Не выключана, што працэс намінацыі праходзіў больш складана і сваю ролю адыгралі форма лісця, пладоў, колер кветак, наяўнасць млечнага соку, уплыў назваў іншых раслін у межах народнай класіфікацыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)