Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Ка́ва (БРС, ТСБМ, Гарэц., КТС, Сцяц. Нар., Шат., Яруш.). Як і ўкр. кава, бел. слова з польск. kawa; Слаўскі, 2, 105. У польск. мове kaffa, kafa адзначаны ў другой палавіне XVII ст. З араб. kahwa ’кава’ і ’гатунак лёгкага віна’. Араб. адназвы краіны Kaffa, дзе расце кававае дрэва. Крыніца запазычання для польск. kawaтур. kahve. Гл. кофе.

Кава́дла ’жалезная падстаўка асобай формы для ручной коўкі металу’ (БРС, ТСБМ, Дэмб., Жыв. сл., Касп.; лаг., КЭС; Мал., Нар. словатв., Сержп. Грам., Сцяц., Сцяц. БНС, Шат., Янк. БФ), кувадло ’тс’ (Мядзв., Нас.), ’бабка’ (Сержп. Земл.). Паводле суфіксацыі — запазычанне з польск., дзе да прасл. kovadlo < kovati, гл. Слаўскі, 3, 19–21.

Кава́ка ’луста хлеба’ (Мат. Гом.). Вузка рэгіянальнае ўтварэнне, відаць, ад кавалак ’тс’. Параўн. у Коласа: «…хлеба цэлы кавал» і сумежныя бел. спалучэнні: у Растаргуева: кавалак пераважна ’кусок чорнага хлеба’; у Дабравольскага: кавалэк ’тс’. Цяжка вытлумачыць словаўтварэнне. На думку Казловай, Сов. Славяноведение, 90, бел. слова *kovaka < kovati ’біць, рэзаць; рубіць; адрубаць’. У такім выпадку бел. слова — рэлікт (прасл. дыялектызм), што малаверагодна. Больш надзейнымі здаюцца наступныя меркаванні. Кавака ’луста хлеба’ можна разглядаць як пераробку кавалак ’тс’ у дзіцячай мове. Параўн. кабака ’каўбаса’, кабака ’кабан’ у дзіцячай мове (Яшкін, вусн. паведамл.). Параўн. яшчэ: «Занясі ў поле бацьку каваку хлеба» (Мат. Гом.). Іншы варыянт — замена суфікса ў выніку зацямнення структуры слова (працэс перараскладання) з’ява даволі вядомая ў гаворках.

Ка́вал ’вялікі кавалак чаго-н.’ (БРС, ТСБМ; слонім., Арх. Бяльк.; КТС; зах.-палес., Міхайлаў, вусн. паведамл.). Геаграфія і націск слова сведчаць, што бел. кавал запазычана з польск., гл. Слаўскі, 2, 106, які лічыць, што польск. kawał — больш позняе ўтварэнне ў параўнанні з kawalec, kawałek, якія ўзыходзяць да с.-ням. kavele ’жэрабя, доля і інш.’ Параўн. кашуб. kawel, kaweł ’доля, надзел зямлі’, славін. kãvȯl, kãveãl ’кавалак, вялікі кавалак’, чэш. дыял. kaval ’кусок’, славац. kaval ’тс’, н.-луж. kjabel ’доля, калодка для жараб’ёўкі; надзел зямлі, лесу і г. д.’ Значэнне зах.-слав. лексем добра ўзгадняецца з класічнай этымалогіяй. Паводле гэтага крытэрыю, а таксама паводле лінгвагеаграфічнага і інш., нельга пагадзіцца з меркаваннем Казловай, Сов. слав., 89, 90, што ўсх.-слав. кавал < *koval *kovati і зах.-слав. формы можна вытлумачыць як запазычаныя з усх.-слав. моў. Аб польск. і ням. словах больш падрабязна Слаўскі, 2, 107 (там і літ-ра).

Кава́лак ’кусок’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Выг., Гарэц., Грыг., Касп., Нас., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Шат., Яруш.), кавалак ’кусок вымешанай гліны’ (палес., Вярэн.), ’зямельны надзел квадратнай формы’ (палес., Выг.), ’тоўстае бервяно’ (БРС), у выразе кавалак дурня (Сцяц.), кавалачак (ТСБМ, Нас.). Больш шырока, чым кавал (гл.), распаўсюлжаны паланізм. Гэта можа тлумачыцца або больш раннім пранікненнем яго ў бел. гаворкі, або тымі ж чыста моўнымі семантычнымі асаблівасцямі, паводле якіх кусок больш ужывальнае, чым кус. Неабходна адзначыць, што, як і ў выпадку са словам кавал, пашыралася менавіта значэнне ’частка цэлага’. Аб этымалогіі гл. кавал.

Кавале́р ’мужчына, які танцуе з дамай, суправаджае яе на гулянні і пад.’ (БРС, ТСБМ), ’малады чалавек; халасты мужчына’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., Панюц., Шат.). У бел. літар. мове з рус. кавалер: у гаворках — польск. kawaler націск параўн. кава́ляр ’халасты мужчына, малады чалавек’ (Мал.). Польск. kawaler ’халасты мужчына, малады чалавек і інш.’ Зыходная форма для шэрагу еўрапейскіх моў — італ. cavaliere ’кавалерыст’, якое да cavallo ’конь’ (лац. caballus ’тс’). Для польск. мовы ўказваюць на магчыма ням. або франц. пасрэдніцтва, гл. Шанскі, 2, 8, с. 9.

Кава́ль ’рабочы, майстар, які займаецца коўкай металу’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Жыв. сл., Касп., КТС, Мал., Нар. сл., Сержп., Сержп. Грам., Сцяц., Сцяц. БНС, Сцяшк., Шат., Яруш.). Укр. коваль, рус. дыял. коваль, польск. kowal, н.-луж. kowal, чэш. дыял. koval, славац. дыял. koval. Паўн.-слав. kovalь, nomen agentis да kovati, гл. Слаўскі, 3, 21. Адносна словаўтварэння гл. спец. аб паўн.-слав. суф. ‑ljь Слаўскі, ZPSS, 11, 1963, 87. Трубачоў (Ремесл. терм., 334–335) звяртае ўвагу на параўнальна новы з пункту погляду словаўтварэння характар назваў каваля ў славянскіх мовах (kovalь, kovarь, kovačь, kuznьcь, kuznikъ), аднак адзначае, што істотных аргументаў супраць таго, што гэтыя словы існавалі ў праславянскай мове, хоць і позняга часу, няма.

Каваро́т, каваротак ’калаўрот’ (Хрэст. па бел. дыял.), кавародак ’тс’ (гродз., З нар. сл.), каваротка ’тс’ (Нар. словатв., Шатал.). Утворана ў выніку працэсу таўталогіі з калаварот, калаваротак (гл.).

Каваро́тчык, коворотчок ’фортка ў плоце’ (кобр., Нар. сл.), коворотыць ’тс’ (брэсц., Нар. сл.). Да коварат ’тс’ (гл.).

Кава́ць1 ’ударамі молата або ціскам апрацоўваць распалены метал, надаваць яму патрэбную форму; падкоўваць, акоўваць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Сержп., Яруш.). Укр. ковати, кувати, рус. ковать, польск. kować, н.-луж. kowaś, в.-луж. kować, чэш. kovati, славац. kovať, серб.-харв. kòvati, славен. kováti, мак. ковам, балг. кава. Прасл. kovati, kovǫ: kovati, kujǫ ’апрацоўваць метал молатам і інш.’ Ад і.-е. kāu‑, kəu‑ ’біць, сячы, рубіць’, параўн. літ. káuti ’біць, забіваць’, лат. kaût ’тс’, ст.-ням. houwan, ням. hauen ’біць, сячы, каваць’ і інш. Трубачоў (Ремесл. терм., 345–347) звяртае ўвагу на спецыфічнасць значэння ’апрацоўваць молатам’ у славян параўнальна з кантынуантамі ў іншых і.-е. мовах. У гэтым славянскія мовы адрозніваюцца ад балтыйскіх. Падрабязна аб значэннях слав. kovati гл. Слаўскі, 3, 18–19; БЕР, 2, 506–509.

Кава́ць2 ’кукаваць’ (Мал., Сержп. Грам., Сцяц., зэльв.; Радч.). Укр. кувати, польск. kować ’тс’. Звяртаюць на сябе ўвагу значэнні слав. kovati ’апрацоўваць молатам, біць’ у розных мовах і гаворках, якія апісваюць манатонныя працэсы, напр. славін. kùevą, ku̯ovają ’гучна, манатонна стукаць дзюбай (звычайна пра дзятла) і да т. п.’ Слаўскі (3, 19) лічыць, што прасл. kovati мела значэнне ’кукаваць’. Ён прыводзіць семантычную паралель: bić ’біць’ і ’спяваць (аб перапёлцы)’. Лічыць гэты перанос (< kovati ’біць і г. д.’) старажытным нельга, паколькі каваць ’кукаваць’ адзначана на сумежных арэалах і можа ўяўляць познюю інавацыю. Да таго ж не выключана, што каваць можна суаднесці як другаснае з гукапераймальным kukovali, параўн. укр. кукувати, бел. кукаваць, рус. куковать, польск. kukować, в.-луж. kukować. Магчыма, працэс перараскладання або народнай этымалогіі мог прывесці да вычлянення каваць < кукаваць. Менш верагоднай уяўляецца думка аб старажытных сувязях каваць ’кукаваць’ і ст.-інд. kā́uti ’крычыць’.