Ка́вал ’вялікі кавалак чаго-н.’ (БРС, ТСБМ; слонім., Арх. Бяльк.; КТС; зах.-палес., Міхайлаў, вусн. паведамл.). Геаграфія і націск слова сведчаць, што бел. кавал запазычана з польск., гл. Слаўскі, 2, 106, які лічыць, што польск. kawał — больш позняе ўтварэнне ў параўнанні з kawalec, kawałek, якія ўзыходзяць да с.-ням. kavele ’жэрабя, доля і інш.’ Параўн. кашуб. kawel, kaweł ’доля, надзел зямлі’, славін. kãvȯl, kãveãl ’кавалак, вялікі кавалак’, чэш. дыял. kaval ’кусок’, славац. kaval ’тс’, н.-луж. kjabel ’доля, калодка для жараб’ёўкі; надзел зямлі, лесу і г. д.’ Значэнне зах.-слав. лексем добра ўзгадняецца з класічнай этымалогіяй. Паводле гэтага крытэрыю, а таксама паводле лінгвагеаграфічнага і інш., нельга пагадзіцца з меркаваннем Казловай, Сов. слав., 89, 90, што ўсх.-слав. кавал < *koval *kovati і зах.-слав. формы можна вытлумачыць як запазычаныя з усх.-слав. моў. Аб польск. і ням. словах больш падрабязна Слаўскі, 2, 107 (там і літ-ра).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)