Казе́ліць, у выразе казеліць вочы ’скасавурыўшыся, пільна ўглядацца ў каго-н., што-н.’ (БРС, ТСБМ, Касп.; полац., Нар. лекс.), казерыць вочы ’тс’ (КЭС., лаг.; Шат.). Дакладныя адпаведнікі ў іншых мовах нам невядомыя; што ж датычыцца наогул утварэння дзеясловаў такога тыпу, можна прывесці польск. koźlić (czoło) ’хмурыць і да т. п.’, рус. дыял. козиться ’злавацца; паводзіць сябе высакамерна; пазбягаць людзей і інш.’, козлиться ’ўпірацца, упарціцца’, літ. ožiúotis ’тс’. Метафара ў разглядаемым выпадку відавочная; што ж датычыцца словаўтварэння, то для формы казеліць можна думаць пра аснову казёл‑, адносна казерыць — меркаваць або аб наяўнасці экспрэсіўнага дэрывата з ‑р‑ суфіксацыяй ад каза, або аб уплыве такой суфіксацыі на асноўную форму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)