Казі́нец1 ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’ (ТСБМ; полац., КЭС; Сержп. Грам.), ’падагра’ (БРС; полац., Суднік, вусн. паведамл.) ’хвароба, калі калені не згінаюцца’ (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.), ’дрыжанне ног (хвароба)’ (Байк. і Некр.), ’сутарга’ (Федар. Рук.), казініц ’хвароба ног, калі яны слабеюць’ (КЭС, лаг.). Укр. мірт. козинець ’хвароба калень пярэдніх ног каня’, рус. скап., раз., калуж., кемер. козинец ’крывізна, скрыўленне пярэдніх ног у коней, калі нага нагадвае казіную’ зафіксавана і Далем, але без геаграфіі. Усх.-слав. інавацыя. Матывацыя празрыстая (гл. дэфініцыі). Па словаўтварэнню гэта семантычны кандэнсат або адпрыметнікавы (ад асновы казін‑) дэрыват з суфіксам ‑ец, аб тыпах утварэння гл. Сцяцко, Афікс. наз., 100–102, дзе і літ-ра.

Казі́нец2 ’казялец, Ranunculus acris’ (Мат. Гом.). Дакладных адпаведнікаў няма. Статус слова няясны, магчыма, рэгіянальны наватвор, а магчыма, і старое ўтварэнне, паралельнае да казелец (гл.), параўн. серб.-харв. kozinac ’Astragalus onobrychis’; нягледзячы на тое што бел. і серб.-харв. словы называюць розныя расліны, матывацыя, відаць, аднолькавая. Параўн. бел. гарох воўчы, гарох авечы, віхрава трава (для віду Astragalus glycyphyllus), укр. горох гадючий, горох кошачий (для віду A. onobrychis), горох вовчий, горох заячий, вовча ступа і інш. для віду А. glycyphyllus. Словаўтварэнне, як у выпадку з казінец1; з прыведзеных намі сінонімаў можна бачыць тут семантычны кандэнсат. Аб матывацыі (сувязь з назвай жывёлы) гл. казелец.

Казі́нец3 ’трава сівец, Nardus stricta’ (карэліц., Жыв. сл.), казіняц ’тс’ (пух., Сл. паўн.-зах.). Сувязь з назвай жывёлы відавочная, параўн. каза ’Nardus stricta’ (ТСБМ). Аб словаўтварэнні гл. казінец1.

Казі́нец4 ’неўрадлівая, забалочаная сенажаць, дзе расце вельмі жорсткая дзікая трава’ (Прышч. дыс.). Відаць, да папярэдняга слова.

*Казі́нец5, козінец ’грыб пеўнік стракаты’ (лельч., Жыв. сл.). Матывацыя зразумелая з ілюстрацыі: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (Жыв. сл., 211). Аб словаўтв. параўн. казінец2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)