Казакі́н ’мужчынскае верхняе адзенне на апліках, са зборкамі ззаду’ (ТСБМ), ’верхняя вопратка доўгага памеру, сабраная ў таліі’ (Інстр. I). Статус слова няясны, гаворкі ведаюць іншую форму (казачына). Відавочнае запазычанне, аднак адкуль — цяжка вызначыць. Польская мова ведае kozakinka ’сукенка без рукавоў’; Ліндэ зафіксаваў толькі формы з ‑a‑: kazakinka, kazakina, kasakina, што фанетычна адпавядае мяркуемай крыніцы запазычання — франц. casaquin ’кафтан, апанча, плашч і інш.’ (< casaque ’тс’). Польск. слова — другаснае, таму тэарытычна папярэдняя форма магла быць крыніцай запазычання для бел. казакін. Аднак шэраг прычын (семантыка, адсутнасць дыялектных фіксацый і інш.) прымушае прыняць версію аб запазычанні з рус. Наяўнасцьу рус. гаворках такога слова, як казакинка ’разнавіднасць жаночай і мужчынскай паддзёўкі’ (пакр., уладз. казакинт ’мужчынскае адзенне казакін’ (чэрап., наўг.), сведчыць аб тым, што суадносіны рус. і польск. слоў вельмі складаныя, калі мець на ўвазе шляхі пранікнення гэтага запазычання. Параўн. казак ’тс’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)