Казая́тка ’куртка’ (Грыг.; брасл., Нар. словатв.). Запазычанне з польск., параўн. польск. уст. (у Тротца, Ліндэ) kazyatka ’кафтан, куртка’ і засведчаныя ў XV–VII стст. такія формы, як kazyaka, kozyjaka, kazyjaczka і інш. Аб часе запазычання нельга сказаць нічога пэўнага: ст.-бел. мова ведала форму казыяка ’жаночы кафтан’ з XVI ст. Слаўскі (3, 27) адзначае, што ў польск. мове гэта заходняе запазычанне і прыводзіць швед. дыял. — kasjakka, дац. kasjak ’верхняе адзенне, кафтан’, а ў якасці крыніцы запазычання мяркуецца, відаць, франц. casaque ’кафтан, апанча, плашч’, гл. падрабязней казак 4.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)