Кажушы́на ’назва вопраткі, паўкажушок’ (Радч.). Укр. кожушина ’больш лёгкі кажух’, рус. зах.-бран. (па тэрыторыі агульнае з бел.) кожушина ’паўкажушок з аўчыны, кажух’, серб.-харв. (павеліч. kòžušina) засведчана ў помніках XVIII ст. балг. кожушина ’вялікі кажух’; гэта ж форма са значэннем ’шалупінне цыбулі’ ў загадках: серб.-харв. «U našega dedušine trideset i dve kozušine, pʼopet mu se rebra vide»; балг. радом. «Стар деда с девет кожушини». Паўд.-слав. паралелі дэманструюць некалькі іншую семантыку, аднак галоўнай перашкодай для канстатацыі архаічнасці прыведзенага слова з’яўляецца прадуктыўнасць суфікса, яго рэгулярны характар, і калі для ўсх.-слав., як і для паўдн.-слав. лексем, сепаратныя сувязі відавочныя, то меркаваць аб роднаснасці паўн. і паўдн. слоў у гэтым выпадку вельмі цяжка. Што датычыцца семантыкі, параўн. яшчэ рус. дом і домина, бел. хата і хаціна; вялікі фактычны матэрыял (і некаторая літаратура) прыведзены ў артыкуле М. Н. Крыўко «Слова з суфіксам ‑ін‑а (‑ын‑а) і яго вытворнымі ў гаворцы вёскі Манякова Міёрскага раёна» (Нар. словатв.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)