Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Каб, злучн., часц. (ТСБМ). У гаворках: каб (Бяльк., Гарэц., Касп.; лаг., КЭС; Мал., Нас., Нік. Напаў., Сержп., Сержп. Прымхі, Федар., 1, Шат.), кабы (Нас.). Укр. коби, рус. кабы, ст.-рус. кабы. Усх.-слав. утварэнне ад прыслоўнага *ка (склон. форма займен. *къ, аб якім гл. хто) + часціца ўмоўнага ладу бы, гл. Фасмер, 2, 152; 1, 257. Бел. каб, магчыма, адлюстроўвае не рэдукцыю апошняга гука, а іншы варыянт часціцы ўмоўнага ладу.

Каба́к1 ’карчма’ (КТС). Крыніца — рус. літар. мова, куды слова запазычана або з н.-ням. дыял. форм тыпу kabacke, kaback ’халупа’ або з усходу; агляд меркаванняў гл. Фасмер, 2, 148.

Каба́к2 ’гарбуз’ (Мат. Гом.). Пранікненне з суседніх рускай або ўкраінскай моўных тэрыторый, дзе кабак, кабачок — адзін з відаў расліны Cucurbita. Параўн. кабачок (гл.).

Кабала́ ’пэўная залежнасць ад каго-н., паднявольнае становішча; прыгнёт’ (БРС, ТСБМ, Мат. Маг., Яруш.), ’турбота, клопат, падман, дробязь, глупства’ (Нас.). Значэнні слова паказваюць на магчымыя змяшэнні двух запазычаных слоў. Адно з іх можа адносіцца да польск. kabala, якое ўзыходзіць да ст.-яўр. kabbālāh ’патаемная навука’ (гл. Слаўскі 2, 8). Адсюль значэнні ’падман, глупства’ і да т. п. Другое (значэнні ’турбота, клопат’) — да рус., укр. кабала ’завінавачанасць, няволя’, запазычаных з усходніх моў, гл. Фасмер, 2, 148.

Каба́ла ’гадальныя карты’ (Федар., 2), кабалы ’тс’ (Шат.). Параўн. у Федароўскага, 2, 113: «закінь ты мне кабалу…». Бел. кабала ў гэтым значэнні паходзіць з кабала ’варажба на картах’, крыніцай якога з’яўляецца польск. kabała ’варажба на картах; варажба ўвогуле’. Карскі (1904, 172) у якасці крыніцы для бел. каба́лы ’пасьянс’ называе ст.-яўр. kabbālāh.

Кабалда́й ’вялікаўзроставы’ (Касп.). Відаць, што значэнне, выведзенае з прыкладу («Як табе ня сорамна — ты ж ужо кабалдай!»), з’яўляецца толькі варыянтам магчымай дэфініцыі. З этымалагічна дапушчальных супастаўленняў ні рус. хабалда ’бойкая, крыклівая кабета’, бахалда ’балаболка, разявака, гультай і г. д.’, ні літ. kabálda ’кульгаючая, нязграбная асоба’ не падтрымліваюць тлумачэння Каспяровіча. Яны, аднак, і не пярэчаць яму — агульнавядомымі з’яўляюцца ваганні семантыкі ў экспрэсіўных словах. Такім чынам, паводле семантычнага крытэрыю, нельга выбраць у якасці крыніцы запазычання ні рускую, ні літоўскую мову. Дапамагае крытэрый фанетычны. На той жа тэрыторыі зафіксаваны хабал(ь), хабёл ’бабнік, гуляшчы мужчына’ (Касп.). Гэтыя словы, відавочна, суадносяцца з прыведзенай вышэй рускай лексікай, але цяжка дапусціць, што ў слове кабалдайк паходзіць з х, тым больш што тыповымі з’яўляюцца адваротныя сувязі, г. зн. х < к. У сувязі з гэтым аддаецца перавага літ. kabálda. Такім чынам, можна сцвярджаць, што віц. кабалдай запазычана з літ. крыніцы, блізка да якой стаіць kabálda, адзначанае ў слоўніках. Аб літ. слове гл. Фрэнкель, 200.

Ка́балка ’вяроўка’ (КСТ, у слоўніку адсутнічае, вузкі цяслярскі тэрмін). Укр. дыял. кабалка, кабелка ’тонкая прасмоленая вяровачка, якая ўжываецца пры пакрыцці дахаў чаротам’, рус. ка(о)белки ’надвязкі на паплаўкі і грузіла невада’, каболка ’пяньковая ніць для віцця вяровак (марскі тэрмін)’. Фанетыка ўкр. і рус. слоў не супярэчыць этымалогіі Мёлена (гл. Фасмер, 2, 151), які сцвярджае, што рус. каболка ’кабельная ніць’ паходзіць ад гал. kabelgaren ’тс’, як рус. шкимушка ’канат у двайную ніць’ < гал. schiemansgaren. Вандроўны тэрмін; тураў. кабалка, як паказвае значэнне, з украінскай мовы, аднак шлях пранікнення няясны, паколькі яно зафіксавана толькі на поўдні Украіны.

Каба́лніца, кабалныця ’гадалка на картах’ (Нар. лекс.), кабальніца ’тс’ (Федар., 2, 113). Утворана ад кабала ’варажба на картах’, якое як і зах.-укр. кабала ’тс’, запазычана з польск. kabała ’тс’, гл. Слаўскі, 2, 8.

Каба́н1 ’кныр; дзікая свіння, дзік’ (БРС, ТСБМ). Укр. кабан, рус. кабан ’дзік, непакладаны кабан’. Лічыцца запазычаннем (для рус. мовы) з тат., параўн. тур. kaban ’тс’, гл. Фасмер, 2, 149; Слаўскі, 2, 8–9 (там і літ-pa). Бел. і ўкр. словы або запазычаны з рус. мовы, або, як паказвае геаграфія бел. слова (гл. ДАБМ, к. 291 «Назвы непакладанага кабана»), вынік узаемадзеяння гаворак. Гл. яшчэ аб бел. слове Асоўскі, Зб. Мілецічу, 257.

Каба́н2 ’певень’ (ДАБМ, Шатал.). Вузкі арэал распаўсюджання ўказвае па запазычанне, рэлікт або інавацыю. Версія аб рэліктавым паходжанні прадстаўлена Асоўскім (SOc., 27, 1968, 167–171), які мяркуе, што кабан < *koban, якое да *kob‑ ’чары, варажба’. Як адзначыў Краўчук (Веснік БГУ, IV, 3, 1970, 64), гэта версія не пераконвае ні фанетычна, ні семантычна. Краўчук (там жа) мяркуе, што калі гэта не жартаўлівае ўжыванне назвы самца свінні для абазначэння пеўня, то запазычанне з ням. дыял. Kapphahn ’каплун’. Аднак такое ўжыванне не абавязкова было жартаўлівым. Мог адбыцца перанос ад назвы кабана як непакладанага самца, але гэтаму пярэчыць лінгвагеаграфія: слова кабан вядома на ўсходзе Беларусі (Магілёўшчына). Што датычыць другой версіі Праўнука, то звесткі аб значным працэнце нямецкага насельніцтва для некаторых раёнаў Беларусі (гл. Харузін, Слав. жил., 23–24) дапускаюць яе верагоднасць.

Каба́н3 ’цаглянае скляпенне ў печы’ (КСТ; пасож., бых., КЭС; Мат. Гом.), ’топка печы’ (Шушк.). Укр. пал. кабан, кобан ’скляпенне печы’. Рэгіянальнае ўтварэнне ад кабан ’драўляная форма для скляпення ў печы’, падрабязней гл. кабыла2. Аб такім жа працэсе, магчыма, сведчыць укр. ковбиця ’печ, жарало печы’ і ’чурбан’. Рус. кабанчик ’пячная (гжэльская) цагліна бруском, вузкая, падоўжная, палавінчатая’, а таксама назвы жывёл паказваюць, што для бел., укр. кабан магчымы перанос па форме (форма скляпення і форма жывёлы). Параўн., аднак, кебка (гл.).

Кабаніна ’мяса кабана’ (ТСБМ), ’мяса маладога дзіка, увогуле мяса дзіка’ (Др.-Падб.), ’посная свініна’ (Янк. 2), ’свініна’ (Нар. словатв., Жыв. сл., Янк. 3.), кабанінка (Янк. 2, Янк. 3.). Рус. кабанина ’мяса дзіка’. Не выключана, што бел. і рус. — незалежныя ўтварэнні: ад кабан1 (гл.) і суф. ‑іна.

Кабанчу́к ’парася’ (КСТ). Ад кабан1 (гл.) і суф. ‑чук. Параўн. хлапчук, курчук, свінчук. Не выключана, аднак, што гэты суфікс у канкрэтных выпадках — вынік узаемадзеяння розных суфіксаў у пагранічных дыялектных зонах. Параўн.: хлапча, курча, свінча (суф. ‑ч‑а) і памяншальныя ўтварэнні на ‑ук/‑юк, характэрныя для заходнебеларускіх гаворак.

Кабасёк-кабасёк ’падзыўныя словы для вепрука’ (З нар. сл.). Да кабась (гл.).