Ка́балка ’вяроўка’ (КСТ, у слоўніку адсутнічае, вузкі цяслярскі тэрмін). Укр. дыял. кабалка, кабелка ’тонкая прасмоленая вяровачка, якая ўжываецца пры пакрыцці дахаў чаротам’, рус. ка(о)белки ’надвязкі на паплаўкі і грузіла невада’, каболка ’пяньковая ніць для віцця вяровак (марскі тэрмін)’. Фанетыка ўкр. і рус. слоў не супярэчыць этымалогіі Мёлена (гл. Фасмер, 2, 151), які сцвярджае, што рус. каболка ’кабельная ніць’ паходзіць ад гал. kabelgaren ’тс’, як рус. шкимушка ’канат у двайную ніць’ < гал. schiemansgaren. Вандроўны тэрмін; тураў. кабалка, як паказвае значэнне, з украінскай мовы, аднак шлях пранікнення няясны, паколькі яно зафіксавана толькі на поўдні Украіны.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)