Кабала́ ’пэўная залежнасць ад каго-н., паднявольнае становішча; прыгнёт’ (БРС, ТСБМ, Мат. Маг., Яруш.), ’турбота, клопат, падман, дробязь, глупства’ (Нас.). Значэнні слова паказваюць на магчымыя змяшэнні двух запазычаных слоў. Адно з іх можа адносіцца да польск. kabala, якое ўзыходзіць да ст.-яўр. kabbālāh ’патаемная навука’ (гл. Слаўскі 2, 8). Адсюль значэнні ’падман, глупства’ і да т. п. Другое (значэнні ’турбота, клопат’) — да рус., укр. кабала ’завінавачанасць, няволя’, запазычаных з усходніх моў, гл. Фасмер, 2, 148.

Каба́ла ’гадальныя карты’ (Федар., 2), кабалы ’тс’ (Шат.). Параўн. у Федароўскага, 2, 113: «закінь ты мне кабалу…». Бел. кабала ў гэтым значэнні паходзіць з кабала ’варажба на картах’, крыніцай якога з’яўляецца польск. kabała ’варажба на картах; варажба ўвогуле’. Карскі (1904, 172) у якасці крыніцы для бел. каба́лы ’пасьянс’ называе ст.-яўр. kabbālāh.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)