Вумненне ’думка’ (Яруш.). Відаць, прыставачнае ўтварэнне ад *mьněti, гл. помніць ’памятаць’, або ў выніку кантамінацыі вум (гл.) і рус. мнение ’думка, меркаванне’.
Ву́мнічаць ’мудраваць’ (Грыг.). Запазычана з рус. у́мничать, хутчэй за ўсё вусным шляхам з рускага гарадскога прастамоўя.
Ву́мя ’вымя’ (Бяльк.), ву́мянё ’тс’ (зэльв., навагр., Сцяшк. МГ, Сцяц., Жыв. сл.). Відаць, не можа разглядацца як вынік другаснай лабіялізацыі ы ў вымя (гл.), паколькі арэал пераходу ы > у пасля губных не дасягае тэрыторый фіксацыі форм з у (ДАБМ, карта 39). Спецыфічны лексікалізаваны характар адзначанай фанетычнай з’явы выкліканы, відаць, пазіцыяй ы паміж двух губных гукаў; параўн. таксама в.-луж. wumjo, н.-луж. wumje ’вымя’, дзе лабіялізацыя — рэгулярная з’ява, паралельная да паўд.-бел. вум’е (гл.).
Вун 1 ’ён’ (КСТ). Паралельнае да вон ’тс’ з моцнай лабіялізацыяй; параўн. Бузук, Спроба, 56.
Вун 2 ’вунь’ (Яруш., Мядзв., Юрч., Яўс.); ’вунь там’ (Касп., КСП); ’там, трохі далей’ (КЭС, лаг.). Паралельнае ўжыванне форм з мяккасцю канцавога зычнага і без мяккасці характэрна для ўказальных займеннікаў і ў іншых мовах; параўн. рус. вон і вонь (СРНГ), польск. han і hań і інш. (гл. Саднік-Айцэтмюлер, 3–4). Гл. вунь.
Ву́на ’вунь’ (Яўс.), ву́нака ’вунь’ (шчуч., З нар. сл.), ву́накі (Яўс.). Да вун 2 з т. зв. «пустымі» суфіксамі (Шуба, Прыслоўе, 62).
Ву́нацька ’вунь там’ (Гарэц., Бяльк., Касп.), ву́нацкі ’тс’ (Нас.). Памяншальна-ласкальнае ўтварэнне ад вун, вуна, вунака; параўн. ту́тацька, ту́тацькі, змякчэнне, магчыма, экспрэсіўнага характару, аднак арэал распаўсюджання ўказвае на раён былога цокання; параўн. у інш. раёнах ту́така, ту́тачка, ту́тачкі, ту́тачы (Карскі 2-3, 69).
Ву́нашай ’бярэмя трасты’ (усх.-палес., Шур, вусн. паведамл.). Гл. вынашай ’тс’; адносна фанетыкі параўн. ву́зверыцца.
Ву́ндзя ’там далей, але відаць’ (КЭС, лаг.). Складанае прыслоўе вун (гл.) + дзе з адлюстраваннем т. зв. моцнага якання.
Вундэркі́нд (КТС). Запазычанне з ням. Wunderkind літаральна ’цудоўнае дзіця’, магчыма, праз пасрэдніцтва рускай мовы (Крукоўскі, Уплыў, 76).
Вуне́ ’вунь’ (лельч., Куч.), ву́нека ’тс’ (Мат. Гом.). Да вунь, адносна суфіксацыі гл. Шуба, Прыслоўе, 62, 64.