Вум ’розум’ (Грыг., Др.-Падб., Шат., Бяльк., Жд., 3, КСТ, Нар. сл.), ум ’тс’ (ваўк., Федар., 4), укр. ум, рус. ум, вум (Растаргуеў, Бранск.), ст.-рус. умъ, польск. um, чэш. um, славац. um, славен. um, серб.-харв. у̑м, макед. ум, балг. ум, ст.-слав. оумъ. Роднаснае да літ. aumuõ ’розум’, omenìs, omena ’прытомнасць’, omė̃ ’звычка’ (Фасмер, 4, 161; Махэк₂, 669; Младэнаў, 651; Фрэнкель, 26). Фрэнкель (там жа) прыводзіць іншыя балт. паралелі і ўказвае на неабходнасць аддзяліць іх ад слоў, утвораных пры дапамозе розных прэфіксаў ад і.-е. кораня ‑men‑ (слав. *mьněti) тыпу aũmonis ’бессэнсоўны’ і пад. Параўн. таксама Атрэмбскі, Gramatyka, 180, які сцвярджае, што ўсе літ. словы на ‑monis працягваюць даўнія ўтварэнні з асновай ‑men‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)