Ву́мя ’вымя’ (Бяльк.), ву́мянё ’тс’ (зэльв., навагр., Сцяшк. МГ, Сцяц., Жыв. сл.). Відаць, не можа разглядацца як вынік другаснай лабіялізацыі ы ў вымя (гл.), паколькі арэал пераходу ы > у пасля губных не дасягае тэрыторый фіксацыі форм з у (ДАБМ, карта 39). Спецыфічны лексікалізаваны характар адзначанай фанетычнай з’явы выкліканы, відаць, пазіцыяй ы паміж двух губных гукаў; параўн. таксама в.-луж. wumjo, н.-луж. wumje ’вымя’, дзе лабіялізацыя — рэгулярная з’ява, паралельная да паўд.-бел. вум’е (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)