Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Весялун ’вясёлы, жыццярадасны чалавек, жартаўнік’ (глус., Янк. Мат.; КТС, БРС, Шат., Сцяшк. МГ), укр. веселу́н, рус. алан. веселу́н ’тс’. Усходнеславянскае ўтварэнне з суф. ‑унъ, якое з’яўляецца інавацыяй: на паўднёваславянскай тэрыторыі суфіксацыя іншая; параўн. славен. veselják, серб.-харв. весѐљач, vesèljak, макед. веселко, веселник, балг. веселяк, а таксама рус. весельча́к, веселко́, укр. веселю́х. Сюды ж дэмінутыўн. перан. весялунчык ’жаўрук’ (КТС, А. Кулакоўскі).

Весялуня (фальк.) ’весялуха’ (КТС, Казкі і лег.) утворана ад адпаведнага назоўніка мужчынскага роду весялу́н па аналогіі да прыгажуня.

Весялу́ха 1 ’вясёлая жанчына, жанчына з вясёлым норавам, ахвотніца павесяліцца’ (КТС, БРС, Янк. II, Сцяшк., КЭС); ’вясёлая старая жанчына’ (Рас.), укр. веселу́ха, рус. пск., смал., маск., варон. веселу́ха, веселу́шка ’вясёлая жанчына’. Утворана ад прыметніка весел‑ (< vesel‑ъ) і эмацыянальна афарбаванага суфікса ‑ух‑а (< ‑ux‑a).

Весялу́ха 2 ’вясёлка’ (КТС, ДАБМ, к. 312, Сцяшк. МГ, Некр., Янк. II, Яшк.), хойн., мазыр. веселу́ха ’тс’ (Мат. Гом.), укр. веселу́ха, рус. смал., бранск., тул., арханг. веселу́ха ’тс’. Старая назва, утвораная ад vesel‑a і экспрэсіўнага суф. ‑ux‑a. Гл. таксама вясёлка.

Весялуха 3 (жарт.) ’гарэлка’ (КТС), укр. веселу́ха, рус. разан. веселу́ха, пск. веселу́шка ’тс’ — пераноснае ад весялуха 1 (гл.).

Весялуха 4 ’жартаўлівая кароткая песня, частушка’, сюды ж ду́дка‑весялу́шка (КТС). Рус. варон. веселу́шка ’кароткая танцавальная частушка’. Пераноснае з весялуха 1 (гл.).

Весялуха 5 ’грыб’ (лоеў., Мат. Гом.). Утворана пры дапамозе суф. ‑уха і вясёлка; параўн. слаўг. вясёлка ’апенька летняя, Kuehneromyces mutabilis’ (Яшкін, вусн. паведамл.), узд. ’нейкі грыб з віду порхавак’ (КЭС), якое, магчыма, з *вясёнка < вясенняя апенька.

Весялу́ха 6 ’лес з павіслых бяроз, Betula pendula Roth.’; ’бярэзнік’ (дубр., крыч., Яшк.), сюды ж лёзн. весяльні́к ’лес з бяроз. Betula verrucosa Ehrh’. (Яшк.). Рус. пск., смал. вясёлка ’кучаравая бяроза з гладкімі бліскучымі лістамі’, пск. весёльнік ’лес з маладых бярозак’. Да вясёлы (гл.): галіны бярозы і маладыя бярозкі выкарыстоўваюцца ў час вясенняга свята тройцы, ствараючы святочны настрой, радасць, весялосць.

Весяльчак ’весялун’ (КТС), як і ўкр. весельча́к, запазычана на з рус. весельча́к ’тс’.

Весянчук — паўднёвабеларуская назва маладых істот свойскіх жывёл і птушак, якія нарадзіліся вясной (КТС). Паходзіць ад вясенні і суф. ‑чук, які ўжываецца для ўтварэння назваў недарослых асоб.

Ве́та ’забарона, адмена якіх-небудзь рашэнняў’ (КТС, БРС). Паводле Крукоўскага, Уплыў, 80, запазычана з рус. мовы. У старабеларускіх помніках не адзначана; дзеяслоў ветовати ’пратэставаць, заяўляць’ (з XVI ст.) паходзіць са ст.-польск. wetować < лац. veto ’не дазваляю, забараняю’ (Булыка, Запазыч., 61; Брукнер, 607).

Вета́ж ’паверх’ (Жд., 2) < рус. эта́ж ’тс’; в‑ — прыстаўное.

Ве́тах ’месяц апошняй квадры, на зыходзе’ (КТС, БРС, Касп.), ветых (Яўс.), веташок (Нас., Касп., Юрч., Бяльк.), мін. веташка (Крачк.), вётах, вётак ’тс’ (Касп., Нас., Маш. Atlas). Рус. ветох: смал. ’месяц’; ’месяц над гарызонтам’, паўн.-рус. ’апошняя фаза месяца ў зеніце’, ст.-рус. ветъхъ, ветохъ ’апошняя квадра месяца; апошні тыдзень месяца’, польск. wietek, wiotek ’першая або апошняя квадра месяца’, чэш. vetech měsíc, валаш. vetek, ст.-чэш. mešíc je na vetchu, славац. na votoch ’месяц на зыходзе’. Паўночнаславянская ізалекса, якая ўзнікла ў выніку кандэнсацыі прасл. větъxъ měsenьcь; параўн. чэш. větech měsíc, nov měsíc і інш. І.‑е. паралелі гл. ветхі. Гл. таксама Траўтман, 365; Мюленбах-Эндзелін, 4, 517; Вальдэ₂, 830; Буга, РФВ, 67, 246; Эндзелін, Слав.-балт. эт., 52; Фасмер, 1, 307; Махэк₂, 687; БЕР, 1, 139; Шанскі, 1, В, 80. Гл. яшчэ вято́х.

Ветачок, ветак ’маладзік’ (гродз., вілен., Нас.). Дэмінутыў ад ве́тах (гл.), які прыводзіць да семантычных зрухаў: ’месяц на зыходзе’ → ’маладзік’. Народная этымалогія памылкова звязвае гэта слова з ветка ’галінка’; тое ж і ў Нас., які ўзводзіць яго да вѣтвъ.

Веташ ’старызна, рыззё’ (КТС), укр. ветошь (запазычана з рус. ветошь; гл. Цімчэнка, 276), рус. ветошь і вётошь: варон. ’папар’, пск. ’няўдобіца’, алан. ’зарослая лесам паляна’, паўн.-рус. ’леташняя трава’, арханг. ’дробны бярэзнік’, ст.-рус. ветошь ’старое рыззё, трухлявасць’ (з XI ст.); ’гатунак тканіны з рэдкай асновай’ (з XVII ст.), ст.-слав. ветъшь. Беларускае слова запазычана з рус. мовы (< ц.-слав. ветъшь < прасл. vetъxъ; Фасмер, 1, 307; Шанскі, 1, В, 79; БЕР, 1, 139; Праабражэнскі, 80).