Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тарманто́ўка ’аўтаручка’ (Сцяшк. Сл.). З *атрамантоўка, ад атрамант, гл.

Тармасі́ць ’тузаць, торгаць’, ’чапляцца’ (ТСБМ), ’трасці, тузаючы; цягаць, рваць’ (Нас.), ’трасці, тузаць’ (Ласт., Растарг.), ’торгаць за валасы або вуха’ (Варл.), ’растрасаць пражу пасля адпарвання’ (Жд. 2), тармасі́ць ’тармазіць’ (Гарэц.), тормосі́ті ’трасці’ (Вруб.), тармасі́ць, тармашы́ць ’торгаць’ (Некр. і Байк.), тармасну́ць ’трасануць’ (Юрч. Вытв.), тармса́ць ’тузаць, торгаць, трапаць’ (ТС); ст.-бел. тармоси́ти, тормоси́ти ’тармасіць’ (1597 г., КГС); сюды ж тармаса́ ’валтузня, важданіна, тармашэнне’ (Нар. словатв., Федар. 4), тармасава́цца ’валтузіцца’ (Яруш.; навагр., Шн. 2), укр. термо́сити, дыял. тормо́си́ти ’цягаць, тузаць, трэсці; хістаць’, тирмо́сити ’тармашыць’, рус. тормоши́ть ’тс’, польск. tarmosić, дыял. termosić ’тузаць, трасці; мяць, гнясці’, славац. trmosiť sa ’трэсціся, тузацца’, а таксама фармальна адрозныя без суф. ‑os‑, што інтэнсіфікуе дзеянне, укр. дыял. те́рмати ’тармашыць, тузаць, трасці’, чэш. trmácet ’мучыць, стамляць’, дыял. trmati ’тс’, славац. trmať ’вырываць, тармасіць, тузаць’. На падставе апошніх выводзіцца мажлівае прасл. *tr̥mati ’тузаць, рваць’, што з першаснага *tr̥m‑ < і.-е. *ter‑ з пашыральнікам ‑m‑ і значэннем ’церці’ (Борысь, 628). Мяркуюць, што можа быць аддалена роднасным да грэч. τρέμω ’трымчу, трасуся’, лац. tremo, ‑ere ’трымцець’, тахар. A träm ’тс’, тахар. B tremem ’трымценне, дрыжыкі’, алб. дыял. trem ’палохаюся’, літ. trìmti ’дрыжаць ад холаду’ (Фасмер, 4, 84; Махэк₂, 651; ЕСУМ, 5, 554).

Тармасу́ха ’назва танца’: полька‑тармасуха (Барад.). Да папярэдняга слова.

Тармашы́ць ’тузаць, трасці’ (Гарэц.), тармашы́ць ’тс’ (Бяльк.), сюды ж тармашэ́нне ’тузанне, торганне’ (ТСБМ). Параўн. рус. тормоши́ть ’тузаць, трасці’. Фанетычна змененае тармасіць (гл.) па аналогіі да формы 1‑й ас. адз. л. тармашу, польск. tormoszę і пад.

Тарна́біць ’валачы, цягнуць, несці з цяжкасцю’ (Скарбы), сюды ж, магчыма, тарнэ́піць ’валачы, несці, везці’ (карэліц., Нар. сл.). Мажліва, ад тараба́ніць2 (гл.) з перастаноўкай зычных б (п) і н і пропускам галоснага або з экспрэсіўнай устаўкай з тараніць3 ’несці’, гл.

Тарнава́ць1 ’малаціць перавернутыя неразрэзаныя снапы’ (Нас.), ’малаціць неразвязаныя снапы’ (Байк. і Некр.), ’малаціць перакуленыя неразрэзаныя снапы’, ’адбіваць калоссе і адкідваць яго ўбок’ (Касп., Стан.). Параўн. рус. дыял. тарнава́ть ’малаціць збожжа ў снапах, папераменна іх пераварочваючы’, торно́вка ’малацьба звязаных снапоў’. Гл. тара́ніць ’біць, разбіваць цэпам перавязь у снапоў дзела лепшага абмалоту’ (гл.), паводле Насовіча (Нас.), звязана з таран2 (гл.). Няясна. Рускія словы выводзяць са сторновать ’тс’, якое суадносяць са стернь (Праабражэнскі, 2, 385; Фасмер, 4, 84), гл. сцёран2, стырня, або са сторона (Новое в рус. этим., 219), гл. старана.

Тарнава́ць2 ’табаніць, прычальваць, прыставаць да берага’ (Ласт.), ’кіраваць, накіроўваць у пэўным напрамку’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ’тармазіць, затрымліваць (плыт)’ (віл., іўеў., брасл., Сл. ПЗБ), тарнава́цца ’швартавацца’ (карэліц., ЖНС). З мовы плытагонаў, параўн.: “Гануля тарнуй: выкрык плытнікаў на Нёмане, азначаючы каманду прыбіваць плыт да берагу” (Ласт., 698). Няясна; мяркуюць пра сувязь з ням. steuern ’кіраваць’ (Сл. ПЗБ, 5, 90). Гл. таксама тарно, тарнавы.

Тарнава́ць3 ’біцца ў канвульсіях’: тарну я кунвурсія; тарнуе (пра эпілепсію) (чэрв., Сл. ПЗБ; ЛА, 3), ’трэсціся ў ліхаманцы’ (Жд. 1), ’турбаваць, хваляваць’ (Растарг.), тарнава́цца ’калаціцца ад злосці, страху’ (Жд. 1), ’мардавацца’ (жлоб., Нар. словатв.), ’неспакойна стаяць, кідацца ва ўсе бакі’ (чач., ЖНС), ’насіцца, бегаць’ (Ян.), ’гарэзіць, шумець (пра дзяцей)’ (ветк., Ск. нар. мовы), сюды ж таранава́ць ’пра стан, калі чалавек неспакойна сябе паводзіць’ (там жа). Запазычанне, параўн. польск. дыял. tarny ’мурашкі, дрыжыкі (на целе)’, tarnieć ’дранцвець’, tarnąć ’церпнуць’, што, паводле Брукнера (566), з першаснага *tarpnąć, гл. цярпець, церпнуць.

Тарнава́ць4 ’прыстасоўваць, прымяняць’ (Стан.), ’адносіць; рабіць прыгодным для выкарыстання, прымянення’: ён гэта тарнуе да мяне (віл., Стан.), тарнава́цца ’прыстасоўвацца’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ’уладкоўвацца, размяшчацца’, ’прыстасоўвацца, дапасоўвацца’ (віл., Стан.). Наватвор 20‑х гадоў на базе тарнаваць3 з першасным значэннем ’турбаваць, хваляваць’; зафіксавана ў першым выданні слоўніка братоў Гарэцкіх (Гарэц. 1) у прыставачным дзеяслове прытарно́ўваць ’прыстасоўваць, дапасоўваць’, параўн. у сучасным ужыванні тарнаванае мастацтва ’ўжытковае, прыкладное мастацтва’ (Беларусіка, 19, 226), з далейшым развіццём значэння ’дастасоўвацца, датычыцца’.

Тарнава́ць5 ’цягнуць, несці, везці цяжкае ці вялікае’ (Мілк.). Відаць, звязана з тараніць3 ’несці’, гл.

Тарнавы́ ’плытагон, які кіруе плытом з дапамогай жэрдкі-руля’ (Скарбы), ’чалавек, які кіруе плытом пры дапамозе доўгага вясла — апачыны’ (гродз., Нар. сл.), тарно́вы ’плытагон, які пры дапамозе завостранага кала затрымлівае плыт’ (маст., Жыв. сл.). Відаць, тое ж, што і стырнавы́ ’галоўны плытнік, што кіруе плытом’ (ТСБМ), ад стыр, стырно́ ’рулявое вясло’ (гл.); параўн. таксама тарнаваць2, гл.

Тарна́да ’назва смерчаў у ЗША’ (ТСБМ). Культурнае запазычанне новага часу праз англ. tornado ’тс’ з ісп. tornado ’смерч, моцны вецер’ < tronada ’навальніца’ < tronar ’грымець’. Слова tronada ’навальніца’ трансфармавалася пад уплывам іспанскага дзеепрыметніка tornado < tornar ’круціцца’, які звязваюць з лац. tornare ’абточваць’ (Голуб-Ліер, 446; ЕСУМ, 5, 605–606).

Тарнато́ўка ’тонкая шарсцяная хустка чорнага або белага колеру ў чырвоныя кветкі’ (стаўб., Нар. сл.). Гл. тараноўка.

Та́рнікі ’аладкі’ (Сцяшк.). Гл. таранікі.