Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ва́рыжкі ’пальчаткі’ (Касп.). Таго ж паходжання, што і рус. ва́режка, ва́рега, ва́рьга, варяга ’пальчатка’ (да варя́г ’вараг’; гл. Фасмер, 1, 274). Зыходзячы з геаграфіі слова, можна меркаваць, што бел. ва́рыжкі запазычана непасрэдна з рус. мовы.

Вары́згацца ’займацца пустымі размовамі; доўга з чым-небудзь вазіцца’ (Мядзв.), вораскаться ’тс’ (Мядзв.), вары́згаць ’гаварыць бязглузда і недарэчна’ (КЭС). Параўн. рус. дыял. вары́згать ’паспешна, неакуратна есці’, вара́згаться ’рабіць што-небудзь няўмела, доўга вазіцца’. Параўн. далей бел. варзе́каць ’размазваць што-небудзь густое’, рус. варза́кать ’рабіць што-небудзь наспех, сяк-так; дрэнна, неахайна пісаць’, укр. варзя́кати, верзя́кати ’балбатаць, вярзці’. Паколькі ў адным слове часта аб’яднаны значэнні ’пагана рабіць’ — ’балбатаць, гаварыць пустое, вярзці’ (параўн., напр., рус. вара́кать ’дрэнна рабіць, пэцкаць; гаварыць абы-што, вярзці’), то можна зыходзіць з *vьrz‑ti (вярзці́, укр. верзти́), да слав. *vьrz‑ ’плесці’. Форма вары́згацца (< варазгацца; параўн. варыхацца < варахацца) — гэта нібы экспрэсіўнае «паўнагалоссе» (vьrz‑ > верз‑ > вараз‑).

Варыўня́, вараўня́ ’наогул памяшканне для захоўвання гародніны’ (гл. ДАБМ, карта 240, Шат., Касп., Вештарт, Лекс. Палесся, 131, БРС, Шушк., Яруш., Бір. Дзярж., Маш., Сцяшк. МГ, Некр., Інстр. II, Мядзв., Шн., Жд.), варо́ўня (Касп.). Утварэнне ад ва́рыва (гл.) ’агародніна’, суф. ‑ня (звычайны пры ўтварэнні назваў памяшканняў).

Вары́х! ’выклічнік, які выражае хуткае раскачванне’ (Гарэц.). Утварэнне на базе дзеяслова вары́ха́ць (гл.).

Вары́ха́ць ’разгойдваць, хістаць’ (Гарэц.). Адсюль выклічнік вары́х! Рус. дыял. ворыха́ть ’кідаць’, воры́хнуться ’шавяльнуцца, упасці’. Бясспрэчна, экспрэсіўнае ўтварэнне да варушы́ць (гл.). Параўн. яшчэ рус. ворюха́ть ’гайдаць’. У рус. мове, можа, уплыў дзеяслова колыха́ть.

Вары́ць1 ’варыць’. Ст.-рус., ст.-слав. варити, рус. вари́ть, укр. вари́ти, польск. warzyć, чэш. vařiti, балг. варя́, серб. ва́рити і г. д. Прасл. *variti varʼǫ ’тс’. Утварэнне ад і.-е. двухскладовай базы *u̯erē‑ ’бурліць, кіпець’: лат. vàrît ’варыць, кіпець’, літ. vìrti ’кіпець’, лат. viȓt ’тс’ і г. д. База *u̯erē‑ дала ў прасл. мове шматлікія вытворныя з аблаутам вакалізму: *verdlo ’крыніца’, *jьzvorъ ’тс’, *varъ ’вар; гарачыня; варэнне’ *vьrěti ’кіпець’, *virъ ’вір; кіпенне’ і да т. п. (Траўтман, 360; Мейе, MSL, 9, 146; Фасмер, 1, 273; Махэк₂, 702–703).

Вары́ць2 ’моцна грэць (аб сонцы)’ (Некр., Інстр. I); ’парыць (аб надвор’і)’ (Клім.). Рус. дыял. вари́ть ’тс’. Гэта значэнне выводзіцца ад некаторых праславянскіх. Параўн. *varъ ’жар’.

Варыя́нт. Рус. вариа́нт, укр. варіа́нт. Мабыць, запазычанне з рус. мовы, дзе з франц. variant. Падрабязней гл. Шанскі, 1, В, 20.

Варэ́йка ’гліняны гаршчок, гаршчок’ (Янк. Мат., Інстр. I, Бяльк., Шатал.). Параўн. палес. вары́йка ’гаршчок’ (Лысенка, ССП), укр. варі́йка ’маленькі гаршчок’. Утварэнне ад *variti ’варыць’ (гл.). Зыходнае: *varěja, *varějьka. Параўн. чэш. дыял. vařaja, vařeja, vařejka, славац. varajka, varejka ’мешалка, апалонік’. Фантастычна Махэк₂ (678), які выводзіць з *tvar‑ (ад кораня *tver‑ ’памешваць’). Пра магчымыя сувязі бел. слова на слав. глебе гл. Цыхун, БЛ, 5, 49–50.

Варэ́нік ’варэнік’ (Янк. Мат., БРС, Яруш., Шат., Сцяшк. МГ), таксама вярэ́нек, варэ́ннік (Гарэц., Юрч.). Рус. варе́ник, укр. варе́ник. Утварэнне ад *varenъ ’вараны’ суфіксам *‑ikъ. Усё да вары́ць (гл.). Форма вярэ́нік, відаць, гіперкарэктная.

Варэ́нне ’варка, варэнне (працэс)’ (БРС, Гарэц., Нас.); ’варэнне’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк. МГ). Рус. варе́нье і г. д. Слав. *varenьje — аддзеяслоўны назоўнік. Ад вары́ць (гл.). Падрабязней гл. Шанскі, 1, В, 20.