Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скрыдэ́ль ‘скрыль’, памянш. скрыдэ́лек, скрыдэ́лак (беласт., ашм., гродз., Сл. ПЗБ), скры́длікі ‘страва з цёртай бульбы’ (Сцяшк. Сл.), сюды ж, відаць, скрыдле́ўе ‘скібы змёрзлай зямлі’ (віц., Хрэст. дыял.). Кантамінацыя скрыль і скрыдла, скрыдля (гл.).

Скрыло́ ‘крыло’ (Ласт., Сл. ПЗБ, Стан.), скры́льлі ‘крылы’ (Ласт.), скры́лы ‘тс’ (Сл. ПЗБ), скры́лья ‘крылле’ (там жа). Варыянт з рухомым s‑ ад *skridlo/*kridlo (гл. ЭССЯ, 12, 153). Гл. крыло.

Скрыль ‘луста, скіба’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Мядзв., Бяльк., Янк. Мат., Жд. 1), ‘пласт узаранай зямлі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘вашчына’ (там жа), ‘жменя льну’ (мядз., там жа), ‘губа на дрэве’ (ТС), скрылі́ ‘нарэзаная і падсмажаная бульба’ (Бяльк., Мат. Гом., Янк. Мат.), скрылькі́ ‘суп з бульбы’ (барыс., Жд. 1), скрыль ‘соты з мёдам у раме’ (віл., З нар. сл.), памянш. скры́лік, скрыля́ць ‘рэзаць скрылямі’ (ТСБМ, Касп., Нас., Ласт.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ). Рус. зах., паўд. скрыль ‘трэска, лучына, луста хлеба’, польск. дыял. skrzyl ‘бераг, край’, чэш. skřidla, škřidla ‘сланец, чарапіца’, славац. škridla ‘тс’, серб.-харв. скри́ла, шкри́ља, шкриљац ‘тонкая каменная плітка’, славен. skríl ‘сланец’, skríla ‘каменная плітка’, škríl, škríla ‘сланец; ільдзіна’. Прасл. *skridlь або *skridla ‘што-небудзь расшчэпленае, расколатае, адрэзанае’. Мяркулава (Этимология–1982, 46–47) узнаўляе прасл. *skriti ‘рэзаць’, адкуль выводзіцца смал. скрыля́ць ‘шчыпаць’. Сной₁ (575) дзеяслоў рэканструюе як *skristi, skridǫ ‘рэзаць , які да і.-е. базы *skreid‑ ‘рэзаць, шчапаць’. У якасці паралеляў ён прыводзіць гоц. diskretends ‘торгаючы, ламаючы’, ням. бавар. schritzen ‘ламаць, торгаць’, нова-в.-ням. schritz ‘разрэз’. Фасмер (3, 659) звязвае з кроіць, крою (гл.). З прычыны праславянскага і агульнаславянскага характару слова нельга лічыць яго запазычаным з літ. skrỹlis ‘варэнікі; аладкі; абрэзкі цеста’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 39 з літ-рай), параўн. Анікін, Опыт, 283 з літ-рай.

Скрыме́ць ‘дранцвець, церпнуць, пачынаць балець’ (Тур.). Няясна.

Скрындзі́ць ‘плакаць, ныць, капрызіць’ (Арх. Федар.). Гл. скрэнда.

Скрындо́ла старое ‘аглобля сахі’ (ТСБМ). Гл. крынджалы.

Скры́ня ‘драўляная пасудзіна для складвання ці ссыпання, скрынка’, ‘драўляная пасудзіна з вечкам і замком, сундук, куфар’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Мал., Мядзв., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Пятк. 2, ТС, Булг., Шатал., Бір. дыс., Нар. словатв., Сл. ПЗБ, Шушк., Жыв. сл.), ‘аконная або дзвярная шуфляда’ (Тарн., Шушк., ТС), ‘драўляная аправа ў жорнах’ (шальч., лід., Сл. ПЗБ), ‘дадатковы зруб на дне калодзежа’ (Некр., Сцяшк., Шатал., Бір. дыс., ТС, Нар. лекс.), ‘вулей’ (ігн., вільн., Сл. ПЗБ), ‘дамавіна з чатырох дошак’ (ТС), ‘шуфляда ў стале’ (Нар. сл.), ‘форткі акна’ (Шушк.), ‘ступка (медная)’ (Мат. Гом.), скры́нка ‘сундук’ (мазыр., Яшк. Мясц.), скры́нка ‘чатырохчленная пасудзіна’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Асноўная версія: беларускае, як і ўкр. скри́ня, рус. скрин, скри́ня, скри́нка ‘тс’, запазычаны з польск. skrzynia, skrzynka ‘тс’ (Карскі, Белорусы, 157; Кюнэ, Poln., 97) або чаш. skříně ‘тс’ (Фасмер, 3, 657). Крыніца заходнеславянскіх слоў у лац. scrīnum ‘цыліндрычная скрынка для захавання папер’; гл. Махэк₂, 550; Голуб-Копечны, 334–335; Младэнаў, 586; Скок, 3, 270) або з ст.-в.-ням. scrîni ‘шафа’ (Фасмер, там жа, Кіпарскі, Gemeinslav., 264 і наст., Сной₁, 575), якое ўзыходзіць да той жа лацінскай крыніцы. Праабражэнскі, 2, 312; Брукнер (498), Шустар-Шэўц (700–701) дапускаюць магчымасць спрадвечнаславянскага паходжання і роднасць з рус. крынка. Гл. яшчэ БЕР, 6, 796.

Скрып ‘хвошч палявы, Equisetum arvense’ (ваўк., Сл. ПЗБ, Скарбы, Кіс., Інстр. 2). Укр. дыял. скрип ‘тс’, рус. скрыпу́н ‘хвошч палявы’, польск. skrzyp, skrzyb ‘хвошч, Equisetum L.’, чэш. дыял. skřip ‘тс’, славац. дыял. škrip, в.-луж. šćipk ‘тс’. Да скрыпець, таму што расліна скрыпіць, калі яе мнуць або калі ёй чысцяць што-небудзь (Махэк₂, 550). Борысь (Etymologie, 665–666) разглядае паўночнаславянскае *skrip ‘Equisetum’ як супольную інавацыю часткі славянскіх дыялектаў, што ўзнікла ў перыяд распаду праславянскай моўнай супольнасці.

Скры́пацень ‘грузд’ (брэсц., пін., Жыв. сл.), скрыпі́ца ‘тс’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Сюды ж скрипица ‘грыб, Agaricus extinctorius L.’ (Меер Крыч.). Да скрыпець (гл.).

Скры́пацца ‘часта хадзіць у хату і з хаты, часта адчыняць дзверы’ (дзярж., карэліц., Нар. сл.), вы́скрыпаць хату ‘выстудзіць хату, часта ходзячы то на двор, то са двара’ (там жа). Магчыма, да скрыпе́ць (гл.); параўн. пару прасл. *skripěti*skripati ‘скрыпець, скрыгітаць’ (SEK, 4, 301), але Варбат (Этимология–1981, 19) бачыць магчымасць пры параўнанні з літ. skrýbauti ‘хутка рухацца’, роднаснага з літ. skriebti ‘чыркаць’, узнікнення значэння ‘часта хадзіць’ на базе ‘рэзаць’ у гняздзе і.-е. *(s)krei‑; г. зн. ‘рэзаць хуткімі шматразовымі рухамі’, ‘скрабсці’ — ‘хадзіць туды-сюды’, што пацвярджаецца, на яе думку, балг. скри́пъл ‘жывое рухавае дзіця’. Параўн. наступнае слова (гл.).

Скрыпа́цца ‘блытацца’: ніткі скрыпа́юцца (віц., ЛА, 4). Да крыпаць (гл.).