Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скарані́ць ‘абняславіць’ (глыб., чэрв., карэліц., слонім., Сл. ПЗБ), скара́ніць ‘тс’ (карэліц., Весці АН БССР, 1969, 4, 131). Арашонкава і інш. (там жа) параўноўваюць з літ. ker̃noti ‘сварыцца, лаяць’, што не зусім добра дапасуецца фанетычна. У якасці крыніцы магло б разглядацца яшчэ ўсх.-літ. kìrinti ‘дражніць, гаварыць з’едліва’, лат. karinât ‘дражніць, злаваць’, роднасныя карыць (гл.), гл. Фрэнкель, 644. Сюды ж і скарані́шчыць ‘тс’, ‘аблаяць, зняславіць’ (Сцяшк. Сл.), якое было скантамінавана са знішчыць.

Скара́ч ‘ручнік (з доўгімі махрамі)’ (ТСБМ; гродз., Шн. 1; Выг., Сл. Брэс.), ‘ручнік з апошняга куска палатна, якое выткана на канцах з “анучамі”’, г. зн. з ніткамі, якія недатканыя і звіваюцца ў шнуркі (гродз., Шн. 3; Сл. Брэс., Уладз.; астрав., смарг., воран., навагр., іўеў., лід., трак., шальч., Сл. ПЗБ), ‘кухонны ручнік, брудная ануча’ (трак., Сл. ПЗБ; Шатал., Сцяшк., Інстр. 1), ‘абрус’ (Жд. 1, Скарбы), ‘абрус, якім накрываюць хлебную дзяжу’ (Жд. 2), ‘тоўстае палатно’ (Кольб.), сюды ж перан. ‘брудны чалавек; хто выпэцканы’ (шчуч., трак., свісл., Сл. ПЗБ), скара́чка ‘кужэльны ручнік’ (Сцяшк. Сл.), скара́чык памянш. (ваўк., Сл. ПЗБ); слова вядома яшчэ ў пагранічных польскіх гаворках: skaracz ‘ручнік з кутасамі на канцах’, skarińis ‘такі ручнік, ануча, кухонны ручнік’. Хутчэй за ўсё, літуанізм. Урбуціс (Baltistica, VI (2), 152) узводзіць да літ. дыял. skarínis (skarinys) ‘ручнік’ з субстытуцыяй суф. ‑ínis (‑inys) слав. ‑ач або да skarõčius ‘ручнік, сурвэтка’. Аднак Лаўчутэ (Балтизмы, 38) дапускае магчымасць адваротнага запазычання skarõčius з беларускай у літоўскую і ў гэтым выпадку імавернай крыніцай запазычання лічыць літ. skarà ‘вялікая хустка’. Аналагічна Цыхун, Лекс. балтызмы, 53. Да лінгвагеаграфіі гл. яшчэ Непакупны (Связи, 195), які бачыць працяг слова ў палескай форме з метатэзай роска́ч ‘тс’ (хутчэй, да ра́сы ‘махры, растрапаныя канцы, акраўкі’ (ТС), гл. раса2). У сувязі з недастатковай аргументаванасцю балтыйскай этымалогіі цікавымі падаюцца спробы звязаць слова з серб.-харв. дыял. škora ‘вузел, пятля’, skȍrak ‘тс’, польск. дыял. skory ‘вузлікі на моцна скручаным шнурку’, што паводле асноўнай прыкметы ‘апошні кавалак палатна з заплеценымі ў вузлы канцамі асновы’ дазваляе рэканструяваць зыходнае *skora ‘вузялок, пятля’, што да і.-е. *sker‑ ‘круціць, скручваць’, якое можна разглядаць як раннюю праславянскую інавацыю, выцесненую амонімам *skora ‘кара, шалупайка, шкарлупа, скура’, гл. скорка (Борысь, Czak. stud., 83–85). У народнай мове захоўваецца сувязь з скара́ць ‘пакараць’, паколькі скарачом каралі малых дзяцей за непаслухмянасць (Цых.).

Скарб ‘казна; скарб; маёмасць; багацце’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., Сцяшк.), ‘схаваныя каштоўнасці’ (Сл. ПЗБ), ска́рба ‘казна’ (Шпіл.). Запазычанне з польск. skarb ‘тс’, таксама як і рус. скарб; гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633; Праабражэнскі, 2, 294. Польскае слова ўзыходзіць да ст.-в.-ням. scerf, нов.-в.-ням. scher(p)f ‘манета’ (Міклашыч, 298; Праабражэнскі, там жа), якія звязаны з ст.-в.-ням. scarbôn ‘рабіць надрэзы’ і першапачаткова азначала манету з зубчастым краем (Клюге-Гётце, 514; Праабражэнскі, там жа). Ст.-бел. скарбъ з ст.-польск. skarb (Булыка, Лекс. запазыч., 299). З польск. таксама скарбо́вы(й) ‘казённы’ (Нас., Касп.), ‘дзяржаўны або грамадскі’ (Варл.), ска́рбніца ‘схоў’ (Байк. і Некр.), скарбні́ца ‘будынак, дзе захоўваюць грошы ў гатоўцы’ (Ласт.); гл. Кюнэ, там жа.

Скарбары́ха ‘ажына шызая, Rubus caegius L.’ (Кіс.). Няясна. Параўн. яшчэ цербалін (гл.).

Скарбе́жыцца (скорбе́жыцца) ‘скруціцца ў скруткі’ (ТС). Да карбе́ж ‘рубец, засечка, зарубка, штрых’ (ТС); гл. карб.

Ска́рбец ‘скрынка для захавання грошай (асабліва царкоўных)’ (Нас.), скарбе́ц ‘тс’ (Байк. і Некр.), ‘капліца з магільнымі склепамі’ (Сцяшк.). З польск. skárbiec ‘памяшканне для захавання грошай, кладоўка’ (Кюнэ, Poln., 96). Ст.-бел. скарбець з ст.-польск. skarbiec; гл. Булыка, Запазыч., 299. Сюды ж, відаць, ска́рбец ‘жывёлагадоўчая ферма’ (Сл. рэг. лекс.) — з незразумелай матывацыяй (для “грамадскай” жывёлы?).

Ска́рбнік ‘захавальнік або распарадчык скарбу, казны’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ‘прызначаная асоба для збору і захавання фінансавых сродкаў’ (Ласт.), ‘кладаўшчык’ (Барад.). З польск. skarbnik < skarb ‘скарб’; гл. Кюнэ, Poln., 96.

Скарбо́нка ‘скрыначка для збору царкоўнай міласціны’, ‘скрыначка, бляшанка з вузкай шчылінай для збірання, назапашвання грошай’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Бяльк.), скорбо́нка ‘тс’ (ТС), скарбёнка ‘тс’ (Шат., Касп., Барад.). Запазычанне з польск. skarbona, skarbonka ‘тс’; гл. Кюнэ, Poln., 96. У аснове польскага слова ляжыць ст.-польск. karbona ‘царкоўная конаўка’, запазычанае ў ст.-бел. карбона ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 178), якое потым было скантамінавана з скарб (гл.). Karbona праз с.-лац. corbona, па адной версіі, было запазычана з грэч. καρβονας ‘божыя грошы’ (Міклашыч, 288) або з гебр. korbān ‘ахвярны дар’ (Борысь, 550).

Скарбо́ўка ‘будка, дзе захоўваецца ўвесь скарб плытагонаў’ (ТС). З скарбо́вы < скарб (гл.) або змяненне скарбонка па актыўнай мадэлі назоўнікаў на ‑оўка.

Ска́рга ‘незадаволенасць, нараканне’, ‘заява аб непрымальных дзеяннях ці з’явах’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сержп.), скарга́ (Гарэц.), ска́рка ‘тс’ (Мал.). Укр. ска́рга, ст.-рус. (XIV ст.) скарга ‘тс’. Ва ўсходнеславянскіх мовах запазычанне з польск. skarga з прычыны наяўнасці ‑ар‑ (Карскі, Белорусы, 146; Кюнэ, Poln., 96; Фасмер 3, 633). Этымалогію гл. скардзіцца. Ст.-бел. скарга, скаркга запазычана ўжо ў XIV ст. з ст.-польск. skarga (Булыка, Лекс. запазыч., 53).

Скарга́1 ‘чапяла’ (Сцяшк.). Не вельмі яснае слова, параўнальны матэрыял адсутнічае. Відаць, нейкая кантамінацыя з словам качарга́ (гл.).

Скарга́2, скірга́ ‘прыдзірлівая, з’едлівая асоба’, ‘скупы чалавек’ (ТС), сюды ж скоргану́ць ‘злосна сказаць’ (там жа). Гл. карга.